Жанчына ўпершыню на кіраўнічай пасадзе ў Дзяржсакратарыяце

Жанчына ўпершыню прызначана намеснікам сакратара ў Дзяржсакратарыяце. Італьянка лічыць, што яе прызначэнне – знак увагі Папы Рымскага да ролі жанчын у Касцёле і ў грамадстве, але гэта не галоўная прычына.

Папа Францішак прызначыў Франчэску Дзі Джавані намеснікам сакратара Аддзела па сувязях з дзяржавамі Дзяржаўнага сакратарыята, даручыўшы ёй кіраваць сектарам шматбаковых адносін.

Дзі Джавані нарадзілася ў 1953 годзе ў Палерма, атрымала юрыдычную адукацыю і праходзіла практыку ў міжнародным цэнтры Факаляраў. З верасня 1993 года яна была афіцыялам Аддзела па сувязях з дзяржавамі, займаючыся, у прыватнасці, пытаннямі, звязанымі з міжнароднымі дамовамі па міграцыі, міжнародным гуманітарным правам, камунікацыямі, прыватным міжнародным правам, становішчам жанчын, інтэлектуальнай уласнасцю і турызмам.

З новым прызначэннем у Аддзеле па сувязях з дзяржавамі будуць працаваць два намеснікі сакратара (падсакратары): Франчэска Дзі Джавані і мансеньёр Міраслаў Вахоўскі, які займаецца сектарам двухбаковай дыпламатыі.

У інтэрв’ю Vatican News Дзі Джавані распавяла, чым займаецца сектар шматбаковых адносін пры Аддзеле па сувязях з дзяржавамі: гаворка ідзе пра міжурадавыя арганізацыі і шматбаковыя пагадненні. Гэтаму аспекту дыпламатыі, патлумачыла яна, Папа Францішак надае вялікую ўвагу, хоць сёння яго эфектыўнасць нярэдка ставіцца пад пытанне.

Італьянка лічыць, што прызначэнне яе на такую высокую пасаду – гэта знак увагі Папы да ролі жанчын у Касцёле і ў грамадстве, аднак, у першую чаргу, гэта рашэнне, безумоўна, звязана з самой функцыяй, а не з тым фактам, што яна жанчына. У той жа час яна перакананая, што жанчыны валодаюць асаблівым дарам “шукаць агульныя падыходы і ствараць адносіны, клапоцячыся аб адзінстве”.

“Трэба нястомна імкнуцца да дыялогу на ўсіх узроўнях, заўсёды шукаць дыпламатычныя рашэнні. Напрыклад, у нядаўняй прамове да дыпламатычнага корпусу Папа нагадаў, сярод іншага, пра шматлікія пазітыўныя дасягненні ААН, якая адзначае сёлета 75-годдзе з дня заснавання. Мы хочам і далей бачыць у ААН неабходную прыладу дасягнення агульнага дабра, хоць гэта не вызваляе нас ад задачы патрабаваць змен і рэформаў там, дзе ёсць такая неабходнасць”, — звярнула ўвагу Дзі Франчэска, кажучы пра сваю працу.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку