- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

«Згарэў як свечка»: у Плюсах развіталіся з ксяндзом Казімірам Акушкам

[1]Пахаванне адбылося ў аўторак 12 лютага.

Пробашч парафіі Святой Тройцы ў Плюсах Браслаўскага дэканату адышоў да Пана ў суботу 9 лютага. Тут ён служыў больш за шаснаццаць гадоў, з 2002 года. 21 кастрычніка яму павінна было б споўніцца шэсцьдзесят гадоў.

На пахаванне прыехалі амаль усе святары з Віцебскай дыяцэзіі, былі ксяндзы і з іншых дыяцэзій Беларусі. Было шмат сясцёр законных, вернікаў, прычым не толькі з гэтай парафіі, але і з Браслава, Гудагая, Глыбокага, Варапаева, Лынтупаў, іншых гарадоў і вёсак Беларусі. Адмыслова на пахаванне з Іркуцка (Расія) прыляцеў біскуп Кірыл Клімовіч, які ў свой час разам з ксяндзом Казімірам працаваў на Глыбоччыне.

Пахавальную Імшу цэлебраваў біскуп Алег Буткевіч. Напачатку богаслужэння ён адзначыў, што мы ўсе сабраліся праводзіць у апошні шлях выдатнага святара і чалавека, які амаль 28 гадоў служыў пры алтары. Геаграфія яго святарскай паслугі даволі шырокая: Варапаева, Празарокі, Мёры, Дзісна, Новы Пагост, Плюсы, а таксама і іншыя парафіі. Іерарх выказаў удзячнасць дэлегацыі з Гудагая Гродзенскай дыяцэзіі – радзімы ксяндза Казіміра, якая на чале са сваім пробашчам прыехала на пахаванне.

[2]У сваім слове да вернікаў біскуп звярнуў увагу, што лёс чалавека – гэта не магіла, а жыццё вечнае з Езусам Хрыстом. Дар святарства, які атрымаў ксёндз Казімір, – вынік пабожнага жыцця яго бацькоў.

Іерарх адзначыў, што ўсё жыццё гэтага святара суправаджала Маці Божая Вастрабрамская. Маладым чалавекам ён часта быў у Вільні, дзе знаходзіцца гэты абраз. Магчыма, не ў апошнюю чаргу пад яго ўздзеяннем ён прыняў рашэнне стаць святаром, калі стаў дарослым і працаваў у Вільні. Атрымаўшы святарскае пасвячэнне ў 1991 годзе з рук біскупа Тадэвуша Кандрусевіча, ксёндз Казімір шмат дзе працаваў. Але найбольшая частка яго служэння прайшла, тут, у Плюсах, дзе ў галоўным алтары знаходзіцца абраз Маці Божай Вастрабрамскай.

Напрыканцы гаміліі іерарх заклікаў вернікаў берагчы сваіх святароў: “Зараз я не магу адназначна адказаць вам, ці будзе ў вас свой святар. Маем гэта прасіць у малітве”. Прычына гэтага – змяншэнне колькасці пакліканняў, таму ўсе мы ў першую чаргу мусім маліць Бога аб гэтым.

Біскуп Алег выказаў надзею, што ксёндз Казімір назаўсёды застанецца ў нашай памяці не толькі як святар, але як і просты чалавек.

На завяршэнні Імшы да прысутных звярнуўся біскуп Кірыл Клімовіч. Ён адзначыў, што нядаўна вярнуўся з Еўропы, але пачуўшы пра смерць святара, адразу прыняў рашэнне ляцець у Беларусь. Біскуп Кірыл служыць зараз у Іркуцку, ён узначальвае самую вялікую па плошчы дыяцэзію ў свеце. На яе тэрыторыі могуць змясціцца больш за тры дзясяткі тэрыторый Беларусі. “Але ў нас працуе толькі 38 святароў, на такую вялікую тэрыторыю, – адзначыў іерарх, – таму шануйце сваіх святароў. Памятайце, яны не з неба на парашутах да вас спусціліся, яны ўсе такія ж людзі, як і вы, са сваімі слабасцямі і недахопамі. Але гэта святары, без якіх ніхто не атрымае прабачэння грахоў, і без якіх ніхто не давядзе вас да Езуса”.

Шмат у каго гэтыя словы іерарха выклікалі слёзы на вачах.

[3]Пасля Імшы труна з целам ксяндза Казіміра была вынесеная з храма на руках святароў да месца пахавання, дзе адбылася развітальная малітва. Пахавалі святара побач з касцёлам. Дарэчы, каля яго знаходзіцца магіла яшчэ аднаго ксяндза, пробашча з Плюсаў, які памёр амаль сто гадоў таму, у 1920 годзе.

Вечны адпачынак дай ім, Пане!

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота