Зерне Божага Валадарства

Галоўная тэма Новага Запавету — прыход Божага Валадарства. Пра гэта расказваў Хрыстос у прыпавесцях. Паступова людзям адкрывалася прыгожая праўда аб тым, якім будзе гэтае Валадарства і як туды трапіць.

Чаму Хрыстос выкарыстоўвае прыпавесці? Здаецца, што ўсё, звязанае з дзеяннем Бога ў нашым жыцці, вельмі таямнічае, таму патрабуе простага і яснага тлумачэння. У прыпавесцях жа застаецца нейкі момант, над якім мы самі павінны паразважаць і які адразу можа быць незразумелым. Такое апавяданне кожны раз можа гучаць для нас па-новаму.

У гэтым якраз і каштоўнасць прыпавесці, бо яна ўтрымлівае ў сабе шмат сэнсаў, якія не адразу адкрываюцца.

У Пісанні выдзяляюць дванаццаць прыпавесцей аб Валадарстве Нябесным, але нашу ўвагу звернем на дзве: Валадарства Божае — гэта нібы зерне, кінутае ў зямлю, якое паступова ўзрастае, а таксама яно падобна да гарчычнага зерня, якое, будучы спачатку маленькім, становіцца “большым за ўсялякую зеляніну”.

Для тых, хто слухаў Хрыста, паступова становіцца відавочным, што Божае Валадарства — гэта не моцная яўрэйская дзяржава, якая тут на зямлі стане мацнейшай, чым Рымская імперыя і іншыя краіны. Божае Валадарства мае духоўны пачатак і ўваходзіць у свет паступова і незаўважальна, хочам мы гэтага ці не. Аднак у жыцці кожнага чалавека надыходзіць момант, калі ўжо немагчыма не заўважаць гэтае Валадарства. Таму памылкова было б чакаць, што мы сутыкнёмся з гэтым Божым Каралеўствам толькі ў канцы нашага жыцця.

Тым, хто ўжо цяпер хоча пасяліцца ў Нябесным Валадарстве, дадзена надзея — яго пашырэнне і ўзмацненне з’яўляюцца працэсамі, у якіх можа ўдзельнічаць кожны. Той, хто выбірае Бога, паступова адкрывае для сябе, што жыць у Божым Валадарстве — азначае жыць па-божаму, жыць Богам.

Нашы грахі — наш няправільны выбар — аддаляюць нас ад гэтага Божага жыцця. Таму што Божае Валадарства расце ў сэрцах людзей паступова, так і грэх можа паступова набіраць сілу. “Маё падзенне было выпадковым”, — часта гэта адзінае тлумачэнне, якое мы можам прыдумаць. Дарога да няправільнага выбару пачынаецца дзесьці далёка — яшчэ ў думках. Адно сумненне, якое мы не адкідаем адразу, можа стаць прычынай унутранай шызафрэніі — жадання выбраць дзве несумяшчальныя рэчы.

Не адзін раз мы прасілі ў Бога прабачэння за той выбар, які зрабіў нас нешчаслівымі. Можа быць, іншыя людзі прыносілі нам няшчасце. Аднак нельга прасіць для сябе таго, што мы адмаўляемся даць іншым. Той, хто здольны прабачаць, можа заняць сваё месца ў Божым Валадарстве.

Ксёндз Кірыл Бардонаў, ng.by

для друку для друку