Здарэнне на Піне, або Як Казімір Свёнтэк стаў святаром

Фота «Наша вера»

8 красавіка 1939 года стаў святаром Казімір Свёнтэк — першы і адзіны ў сучаснай гісторыі Беларусі кардынал і нязломны сведка веры.

Сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату Казімір Свёнтэк прыняў з рук тагачаснага біскупа Пінскага Казіміра Букрабы. Аднойчы адчуўшы пры труне Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага пакліканне да святарства, Казімір Свёнтэк заставаўся верным гэтаму голасу Хрыста ва ўсіх акалічнасцях свайго поўнага цяжкіх выпрабаванняў, доўгага і яскравага жыцця, да рэшты прысвечанага Богу і Касцёлу.

Першае выпрабаванне на шляху паклікання чакала маладога Казіміра яшчэ ў семінарыі.

Пра гэты выпадак, ужо будучы арцыбіскупам і кардыналам, Казімір Свёнтэк не апавядаў шырокай публіцы, але дзяліўся ім з семінарыстамі, каб заахвоціць будучых святароў ніколі не здавацца на шляху паклікання, які часта бывае няпростым і стромым.

Кардынал Казімір Свёнтэк з семінарыстамі. Фота БелаПАН

…У паўднёвым Пінску — спякотны летні дзень. У бясхмарным блакіце неба свеціць яркае палескае сонца, у гарачых промнях якога ззяюць воды Піны. Рака вабіць да сябе, абяцаючы жаданую прахалоду…

Пінская семінарыя, якая ў міжваенны час намаганнямі яе заснавальніка біскупа Зыгмунта Лазінскага размясцілася разам з рэзідэнцыяй самога біскупа ў былым францішканскім кляштары, знаходзіцца на самым беразе ракі Піны. У семінарыстаў ёсць свае чаўны, і ў вольны час яны маюць магчымасць крыху павеславаць па Піне.

Пінская семінарыя ў міжваенны час. Фота the-dialogue.com

Дыякан Казімір Свёнтэк і некалькі яго малодшых калегаў сядаюць у човен, і вось ён ужо лёгка імчыць іх па рачных хвалях. Ад вады вее прахалодай, аднак на рацэ няма ценю, і сонца пячэ неміласэрна.

У чорных сутанах юнакам вельмі горача, па тварах льецца пот, аднак зняць духоўны строй нельга.

Раптам да семінарыстаў падплывае на чоўне духоўны айцец — ксёндз, які ў семінарыі адказвае за духоўную фармацыю будучых святароў. Яму шкада небаракаў, і ён насуперак строгім кананічным правілам, якія існавалі да Другога Ватыканскага Сабору, дазваляе ім зняць сутаны. Семінарысты не прымушаюць двойчы паўтараць дазвол і з палёгкаю працягваюць шпацыр па рацэ ў лёгкіх кашулях.

Пінск на пачатку ХХ ст. Фота varjag.net

Адпачыўшы, яны вяртаюцца ў сцены Alma Mater. І раптам дыякана Свёнтка выклікаюць да рэктара. Ксёндз рэктар сядзіць за сталом у сваім кабінеце і нервова цярэбіць гузікі сутаны, што з ім здаралася толькі ў хвіліны самага вялікага хвалявання і нічога добрага не прадвяшчала.

Так і ёсць: рэктар сурова аб’яўляе дыякану Свёнтку няўмольнае рашэнне: семінарысты, якія веславалі па Піне без духоўнага строю, больш не з’яўляюцца кандыдатамі да святарства і павінны пакінуць семінарыю.

Казімір Свёнтэк у гады вучобы ў семінарыі. Фота “Наша вера”

Што рабіць? Казімір ляціць да калегаў па няшчасці і пасылае іх маліцца ў капліцу, пасля чаго, распавёўшы ўсё духоўнаму айцу, сам далучаецца да малітвы…

Пазней, ужо будучы кардыналам, арцыбіскуп Казімір Свёнтэк казаў, што так да канца па-чалавечы і не мог растлумачыць таго, як духоўнаму айцу ўдалося іх абараніць і не дапусціць выключэння.

Рэч у тым, што семінарыстаў без сутанаў у чаўне ўбачыў са сваёй рэзідэнцыі сам біскуп Пінскі Казімір Букраба, які і даў рэктару загад аб выключэнні.

Малады святар Казімір Свёнтэк. Фота “Наша вера”

Аднак, відаць, у Бога былі свае планы. Калі кардынал Казімір Свёнтэк завяршыў свой зямны шлях, 23 ліпеня 2011 г. на жалобнай св. Імшы ў мінскай катэдры пры труне спачылага іерарха яго наступнік на Мінска-Магілёўскай кафедры арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сказаў такія словы:

“У гэтым заключаецца таямніца кардынала Казіміра Свёнтка — у абсалютным даверы Богу. <…> Свёнтэк трываў, як трывалі падобныя яму святары, якія “дваіліся і траіліся”, каб толькі духоўна дапамагчы людзям. Ён трываў з надзеяй, што ўсё зменіцца на лепшае і краіна ажыве духоўна. І не памыліўся.

Сёння не баюся сказаць, што калі б не было святароў фармату Казіміра Свёнтка, то не было б і нас”.

Мікола Гракаў, тэкст
Catholic.by

для друку для друку