Зберажом святыню разам! Верніцы з Ушачаў робяць ружанцы, каб зарабіць грошы на рамонт храма

…Узляціць малітва высока.
Абначуе спагада ў храме.
Боль зямны знікне ў помірг вока.
Плач нябесны ўпадзе дажджамі.

Гэтыя словы паэта Рыгора Барадуліна верніцы з Ушачаў узялі за эпіграф да сваёй акцыі “Зберажом святыню разам”. Мэта іх акцыі – сабраць сродкі на рамонт свайго храма.

Чаму менавіта верш Рыгора Барадуліна? Бо ён жа іх зямляк! Але не толькі. Рыгор Барадулін, калі прыязджаў на сваю малую радзіму, заўсёды заходзіў у касцёл. Тэрэза Крыванос, парафіянка з Ушачаў, успамінае:

– Рыгор Барадулін і Ушачы – гэта такія дзве велічыні, якія разарваць проста немагчыма. Як ён не мог без Ушачаў, так і мы не ўяўляем без яго нашай мясцовасці. А для нашай парафіі ён быў проста дзядзька. Ён нават патрабаваў, каб яго не называлі Рыгор Іванавіч, а менавіта дзядзька Рыгор. Прыходзіў сюды як сваяк для кожнага з нас. Калі наведваў храм, адзін або са сваякамі, то садзіўся сціпла з краю, у першыя лаўкі не ішоў, хоць мы яго і запрашалі. Ціха маліўся, і калі падчас Імшы мы жадалі яму супакою, заўсёды плакаў.

У сталым веку Барадулін часта не вытрымліваў, і слёзы на вачах былі ў яго нават, калі мы прыносілі яму дадому кавалак ушацкага сала або пірага, загорнутыя ў сурвэтку. Ён іх цалаваў і плакаў, казаў: “Вы прынеслі мне кавалак майго дзяцінства”.

 

Гісторыя Касцёла на Ушаччыне вельмі драматычная. Прычым гэта датычыць не толькі саміх будынкаў, а ўсёй каталіцкай супольнасці. Першы ўціск яна спазнала пасля паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Царскі ўрад тады забраў будынак касцёла ў вернікаў і аддаў яго пад праваслаўную царкву. Касцельная маёмасць, далёка не ўся, была перанесеная ў суседні храм у Селішчы.

Але напачатку ХХ стагоддзя палітыка царскіх уладаў у адносінах да католікаў стала больш талерантнай, і ва Ушачах паўстаў новы храм.

“Лёс касцёла святога Лаўрэна ва Ушачах вельмі драматычны, – распавядае Валянціна Відзевіч. – Ён пачаў будавацца ў 1908 годзе. І да таго часу, як ён паўстаў, а будаваўся храм даволі доўга, адбыліся такія драматычныя, нават трагічныя падзеі як Першая сусветная вайна, потым рэвалюцыя, пасля грамадзянская вайна, пераслед вернікаў… Таму Касцёл тут не меў ніякіх умоў да існавання”.

Савецкая ўлада забрала будынак у вернікаў, арыштавала святара, але і гэтым усё не скончылася. На Ушаччыне жыло шмат католікаў, толькі ў саміх Ушачах іх было больш за паўтары тысячы, а новая ўлада лічыла іх людзьмі ненадзейнымі, бо побач была тагачасная мяжа з Польшчай. Больш за тое, іх нават за людзей не лічылі, а называлі недабрадзейнымі элементамі. Таму было прынятае рашэнне высяляць іх у глыб краіны, а гэтыя землі засяляць людзьмі немясцовымі. І якраз на Ушаччыне новая ўлада найбольш “пастаралася” ў гэтым плане. Гэта адна з прычынаў, што вернікаў зараз тут вельмі мала.

Новым уладам святыні былі не патрэбны, непатрэбным аказаўся і ўшацкі касцёл, руіны якога дастаялі да канца ХХ стагоддзя.

– Стаялі толькі адны сцены, на якіх раслі ўжо бярозы і рабіны, – успамінае Валянціна Відзевіч, – але Бог нас не пакінуў. У 90-х гадах да нас стаў прыязджаць ксёндз Мечыслаў Янчышын.  Спачатку ён распачаў працу па аднаўленні нашай парафіі як каталіцкай супольнасці. А потым ужо паўстала пытанне аб аднаўленні касцёла.

Так дзякуючы працы святароў і вернікаў быў адроджаны храм ва Ушачах. Але ўтрымліваць такі вялікі будынак, які больш за паўстагоддзя стаяў без даху, маленькай парафіі не пад сілу.

“Парафія ва Ушачах, якая зараз носіць імя святога Лаўрэна, знаходзіцца ва ўсходняй частцы Беларусі, дзе касцёл быў зачынены ўжо з 1918 года, – распавядае пробашч парафіі кс. Віталь Галец. – Таму большасць жыхароў тут – людзі няверуючыя. На нядзельную Імшу збіраецца толькі недзе каля дваццаці пяці чалавек. Таму тут патрэбна найбольш місіянерская праца, у якой парафія паказвае, што яна заахвочаная адбудоўваць Касцёл як містычнае цела Хрыста. І як прыклад гэтай працы – выраб гэтых ружанцаў”.

“Ідэя плясці ружанцы ўзнікла ў нашага ксяндза Віталя, – прадаўжае размову Ірына Вер’ясава, якая каардынуе гэту працу. – Ён паказаў нам плецены ружанец. І вось Ганна пачала распрацоўваць эскізы, дызайн, распрацавалі этыкеткі да ружанцаў і пачалі работу. Ганна правяла нам майстар-клас, навучыла нас усіх. Вось так і пляцём”.

Ганна Струй з вялікай любоўю расказвае пра сваю працу. Бачна, што для яе гэта не праца, а захапленне:

– Сама справа гэта няцяжкая, нават цікавая. Часта прыходзіш з працы дадому, і хочацца неяк адпачыць ад усіх гэтых клопатаў, што былі з табой цэлы дзень.  Садзішся тады за ружанец, чытаеш “Ойча наш”, “Вітай, Марыя”, і думкі самі сабой накіроўваюцца ў іншы бок. Адчуваецца прыліў сіл, зусім іншы настрой.

Кожны з ружанцаў, які мы робім – своеасаблівы. Найперш таму, што гэта выраб, зроблены рукамі. І як кожная такая рэч, яна мае частку душы, настрою таго чалавека, які яе зрабіў. Кожны ружанец перш за ўсё непаўторны. Таму што ён робіцца з малітвай, з любоўю да тых людзей, што будуць імі карыстацца.

Мы, калі робім свае ружанцы, перш за ўсё молімся. Найперш за адраджэнне нашай парафіі, аб адраджэнні касцёла на Ушаччыне, таму што менавіта гэта і падштурхнула нас займацца гэтай справай. Таксама мы думаем пра тых людзей, што будуць маліцца на іх. Каб малітвы, з якімі вернікі будуць звяртацца да Маці Божай, да Пана Езуса, даходзілі да іх. Каб вера, з якой яны будуць чытаць гэты ружанец, рабіла іх больш моцнымі, больш упэўненымі ў жыцці.

 

Жанчыны кажуць, што яны навучыліся плясці ружанцы за 20 – 30 хвілін. Ёсць нават у іх свае лідары ў гэтай справе. Таму і вырашылі пашырыць сваю справу за межамі не толькі сваёй парафіі, але нават і дыяцэзіі.

 Ірына Вер’ясава сказала:

– Першыя пакупнікі ў нас былі мясцовыя парафіяне, таксама ў гэтым годзе мы прадавалі ружанцы ў Будславе падчас фэсту, у Браславе. У наступным годзе маем намер паехаць на “Славянскі базар”.

– І, думаеце, іх там будуць купляць? – пытаюся з недаверам.

– А чаму не, католікі ж там будуць, – хорам адказваюць жанчыны.

– Там жа не толькі католікі з Беларусі прыязджаюць. Такім чынам будзем выходзіць на міжнародны ўзровень, – жартуе спадарыня Ірына. Хаця бачна, што зусім не жартуе.

Раз так вырашылі, то абавязкова пра іх ружанцы даведаюцца і за межамі Беларусі.

– А зараз толькі ва Ушачах прадаеце?

– Мы прапанавалі таксама нашы ружанцы ў касцёл святой Барбары ў Віцебску і ўжо дамовіліся пра іх рэалізацыю ў Мінску ў касцёлах. Таксама чакаем прапаноў ад святароў і ад тых людзей, што займаюцца продажам дэвацыяналій. Акрамя ружанцаў у нас ёсць невялікія плеценыя бранзалеты. А яшчэ мы робім абразы Маці Божай Ружанцовай Ушацкай.

Гісторыя гэтага абраза вельмі цікавая: ён вядомы яшчэ з XVIII стагоддзя, захоўваўся ў дамініканскім касцёле, пасля закрыцця яго быў перанесены ў касцёл у Селішча. У часы ліхалецця ён знік і быў адноўлены па невялікай копіі, што захавалася ў адной з верніц. Пра гісторыю гэтага абраза мы абавязкова распавядзём у бліжэйшых нумарах “Каталіцкага Весніка”. Пакуль жа скажам тое, што ў дамініканаў была нават песня, у якой яны праслаўлялі Марыю ў гэтым абразе. Спеў гэты захаваўся да нашых дзён, праўда на польскай мове.

– Дык вось, дзядзька Рыгор пераклаў на беларускую мову гэты спеў, – кажа Тэрэза Крыванос. – І мы яе зараз спяваем. Музыку да гэтых слоў напісала наша парафіянка Алеся Каваленка. Яна была ў нас арганісткай, цяпер жыве і працуе ў Польшчы. Але раз на год прыязджае з мужам на радзіму, яны заўсёды прыходзяць у касцёл, і мы разам з ёй спяваем гэту песню.

– Калі біскуп Алег Буткевіч даведаўся пра нашу такую працу, то таксама прыняў у ёй удзел. Ён ахвяраваў нам крыжыкі, якія прывёз з Італіі. Такім чынам ён падтрымаў нас, – дзеліцца Ірына Вер’янава і працягвае:

– Каб падтрымаць наш праект “Зберажом святыню разам”, дастаткова замовіць у нас ружанцы, і зрабіць такім чынам свой унёсак у гэту добрую справу. Бо ўсе сродкі, якія мы збяром, будуць накіраваныя на рамонт нашай святыні.

Гэта акцыя праходзіць у нас ад пачатку лета. Акрамя продажу ружанцаў, мы паставілі ў крамах скарбонкі, і людзі ахвяруюць. Таксама мы збіраем сродкі ў працоўных калектывах нашага горада і раёна.  Людзі не адмаўляюцца, даюць.  Мы ўдзячныя ўсім, хто спрычыніўся да гэтай годнай справы – ахвяраваў сродкі на нашу святыню.

Таксама мы ўсёй нашай невялікай парафіяй просім чытачоў “Каталіцкага Весніка”, іншых рэсурсаў аб малітве. Перш за ўсё, за адраджэнне нашай парафіі. Нас вельмі мала, а хацелася б, каб наш касцёл напоўніўся людзьмі. Таму просім аб малітве за адраджэнне Ушацкай парафіі.

Вядома, толькі гэтай працай на рамонт вялікага храма сродкаў не збярэш. Але як заўважыў ксёндз Віталь, Бог дапамагае ў першую чаргу тым, хто і сам не сядзіць склаўшы рукі, а таксама робіць у гэта ўнёсак. Спадзяёмся, дзякуючы Божай дапамозе, удасца знайсці і іншых фундатараў.

Бо як заўважыла Валянціна Відзевіч:

– Мы ўдзячныя Пану Богу, што Ён выбраў гэта месца, каб тут стаяла яго святыня. Гэта месца святое, калі Ён хацеў, каб адсюль узносілася малітва. Мы спадзяёмся, што і зараз Бог нас не пакіне без дапамогі.

Кожны з нас таксама можа зрабіць унёсак у справу рамонту храма ва Ушачах. Дастаткова толькі замовіць тут ружанец для сябе або для сваіх блізкіх. Звяртайцеся па тэл.: +375 29 598 45 17 (Ірына Вер’ясава), +375 29 291 41 63 (Ганна Струй) і +375 29 587 44 76 (кс. Віталь Галец).

Зберажом святыню разам!

 Зміцер Лупач, тэкст і фота

для друку для друку