Заўсёды рабіць выбар у гонар Бога

vybarУсе каталіцкія медыя ды суполкі зараз штодзённа пішуць пра пост. І гэта цудоўна, бо гэты самы пост будзе мець сэнс толькі ў тым выпадку, калі мы будзем яго разумець і пражываць не толькі страўнікам, але сэрцам і галавой. Дзякуй Богу, што большасць падобных артыкулаў усё ж такі кажуць пра духовыя перамяненні, устрыманні ад рэчаў, якія робяць нас залежнымі, засяроджванні на ежы духоўнай, а не фізічнай. Але ж чамусьці ўсё роўна, як толькі людзі дазнаюцца, што я каталічка, то першым пытаннем у гэты перыяд з’яўляецца: можа ты яшчэ посціш і мяса не ясі?  

Утрымлівацца мясной ежы — немалаважна, але ж важней для сапраўднага хрысціяніна не проста не есці, а не хацець есці гэта мяса па пятніцах  і  разумець, чаму ты гэта робіш. І сапраўды рабіць гэта не страўнікам, а розумам ды сэрцам. Але ж гэта тычыцца не столькі посту, колькі і кожнай іншай пятніцы, штодзённай. Таму не думаю, што гэта сапраўды такая важная характарыстыка гэтага перыяду.

Іншая справа — пастановы, падсумаванні, штодзённы рахунак сумлення – усё гэта свабодны выбар таго спосабу, якім мы збіраемся крочыць за Езусам.  Тут ужо кожны сам сабе ставіць нейкія бар’еры, рамкі, аналізуе сваё жыццё і тым самым пашырае межы ўласнай свабоды, вызваляецца ад залежнасцяў рознага плану. Але ж на мой погляд найбольш цікавым элементам посту з’яўляецца не абмежаванне чагосьці, але дадатак. Больш малітвы, больш медытацыі, больш адданасці менавіта свайму духоўнаму жыццю. Для мяне вельмі важным, але між тым вельмі цяжкім стала такое рашэнне, такая пастанова, такі спосаб свабоды: РАБІЦЬ ВЫБАР У ГОНАР БОГА.

Ва ўсіх сітуацыях, якія будуць сустракацца. І гэта нашмат цяжэй, чым не есці мяса, чым не есці салодкага, чым не сядзець у інтэрнэце. Прычым, заўважце, гэта не абмежаванне, але наадварот рашэнне шэрагу праблем і спрадвечнага пытання выбару. Гэта штодзённае і максімальна магчымае спаўненне Божай волі, якую нам так часта бывае цяжка заўважыць, выканаць, ці нават з ёй пагадзіцца.

А які плён можа прынесці гэтае простае правіла! Толькі ўявіце сабе, як можна ўзмацніць свае адносіны з Богам, калі кожны дзень прысвячаць яму хоць трошкі больш часу, услухацца ў цішыню крыху ўважлівей, рабіць больш добрых спраў, менш асуджаць людзей і хоць раз у дзень задумвацца: “А чаго Бог хацеў бы ад мяне ў гэтай сітуацыі?”

Але гэта вельмі няпроста…

Думаеш: схадзіць на Імшу (у будні дзень) ці на класны канцэрт? а можа зараз трошкі схлусіць і паспаць на адну пару больш? а можа спісаць у каго дамашняе заданне? пачытаць навэлы Ірвінга ці Біблію?

Выбраць Бога — гэта таксама значыць крочыць за голасам сумлення.

А цяпер, задумайцеся яшчэ раз: заўсёды і ўсюды рабіць выбар у гонар Бога.

Гэта будзе патрабаваць вялікіх намаганняў, волі ды проста шчырага і сумленнага выканання, але ж ці не гэтага хоча Бог? Такім чынам, ці не будзе згода на такую пастанову першым крокам у яе выкананні?..

Паліна Грыб, catholic-zhodzina.by

для друку для друку