“Заўсёды быць маладымі”: сустрэча старэйшай моладзі Вілейскай парафіі

IMG_967019 – 20 чэрвеня адбылася сустрэча працуючай моладзі і маладых сем’яў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы.

Як піша парафіяльны сайт, месца і стыль сустрэчы былі выбраны адмыслова, бо 10 год таму гэтыя ж, толькі яшчэ маленькія, хлопцы і дзяўчаты першы раз сабраліся на рэкалекцыі на беразе в. Нарач разам з пробашчам парафіі кс. Аляксандрам. Пасля падобныя духоўныя практыкаванні адбываліся з палаткамі на ўлонні прыроды Вілейскага вадасховішча. Сёння многія з удзельнікаў прыехалі ўжо са сваімі сем’ямі, некаторыя нават маюць сваіх дзяцей, але як і ўсе 10 год, так і сёння гэтых людзей аб’ядновае Бог, вера і жаданне па-сапраўднаму жыць з Богам.

Сустрэча распачалася Эўхарыстыяй на беразе Слабацкога возера. Падчас гаміліі кс. Аляксандр Барыла пажадаў удзельнікам заўсёды заставацца маладымі, нягледзячы на час, жыццёвыя клопаты і праблемы, і заўсёды жыць з Богам.

Пасля св. Імшы ўдзельнікі мерапрыемства гатавалі ўху, смажылі рыбу і пасля працоўнага тыдня і шуму горада цешыліся цішынёй ляснога куточка.

У першыя хвіліны суботы, 20 чэрвеня, моладзь смажыла шашлык і праслаўляла Бога спевамі каля вогнішча. А хмурнае неба не перашкодзіла сустрэць усход сонца.

Закончылася сустрэча малітвай падзякі Богу, чэрвенскім набажэнствам і спевам да Маці Божай Будслаўскай, які стаў традыцыйным заканчэннем усіх мерапрыемстваў Вілейскай парафіі.

IMG_9423 IMG_9447 IMG_9455 IMG_9472 IMG_9525 IMG_9700

для друку для друку