Запусты для самых маленькіх адбыліся ў Віцебску

Зусім нядаўна ў віцебскім касцёле Езуса Міласэрнага сёстры-служабнічкі напярэдадні Вялікага посту зладзілі карнавал “Запусты” для людзей старэйшага  ўзросту.  І вось праз некалькі дзён, 25 лютага, манахіні зноў падрыхтавалі новы карнавал-маскарад, але ўжо для самых маленькіх парафіянаў і іх бацькоў.

Дзеці былі апранутыя ў цікавыя і прыгожыя маскарадныя касцюмы. Вядучыя ўмела захаплялі рознымі гульнямі. Пераможцаў жа чакалі “смачныя” ўзнагароды. Але і тыя, хто прайграў таксама не засталіся без падарункаў.

Бацькі разам з дзецьмі бралі ўдзел у гульнях і фатаграфаваліся.

На карнавале прысутнічаў пробашч парафіі кс. Андрэй Аніскевіч, які напачатку павіншаваў усіх і пажадаў весела і цікава правесці час.

Гледзячы на радасныя твары дзяцей і дарослых вечар атрымаўся на славу, а менавіта гэтага і хацелі яго арганізатары – с. Ёнаша, с. Люцына і с.Крыст’яна.

Анатоль Бандарчук-Вошлаў, тэкст і фота

для друку для друку