Запрацавала першая ў Беларусі каталіцкая інтэрнэт-крама

shopСайт CatholicShop.by  належыць парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім (Віцебская дыяцэзія). Ён зарэгістраваны ў Гандлёвым рэестры Рэспублікі Беларусь пад нумарам 300536608-1 ад 22 снежня 2014 года. Стваральнікі інтэрнэт-крамы пішуць: “Многія парафіі ў Беларусі маюць свае шапікі пры касцёлах, дзе вернікі могуць набыць тое, што немагчыма знайсці ў звычайных магазінах. Гэта пераважна кнігі і рэлігійная атрыбутыка. Але не кожны вернік мае магчымасць патрапіць у такі шапік, асабліва, калі ён жыве далёка ад касцёла. 

Праз сайт CatholicShop.by мы вырашылі падзяліцца з католікамі Беларусі тым, што мае парафія ў Глыбокім.”

Сайт CatholicShop.by прапануе наведвальнікам шырокі выбар каталіцкай літаратуры. Там можна набыць кнігі па тэалогіі, малітоўнікі, духоўныя разважанні і працы псіхолагаў адносна выхавання дзяцей і будавання сям’і паводле хрысціянскіх прынцыпаў.

Акрамя вялікай колькасці кніг на сайце ёсць і вялікі выбар рэлігійнай атрыбутыкі. Ружанцы, фігуркі і абразы на розны густ можна набыць, не выходзячы з дому. Пакупкі высылаюцца накладзеным плацяжом праз Белпошту. Грашовыя сродкі, атрыманыя за тавары на сайце CatholicShop.by , з’яўляюцца ахвяраваннямі і пералічваюцца на безнаяўны рахунак парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім. Ахвяраванні, атрыманыя за тавары на сайце CatholicShop.by , выкарыстоўваюцца парафіяй на рэалізацыю рэлігійнай дзейнасці згодна са Статутам парафіі і на вызначаныя Статутам мэты.

На сайце дзейнічае рубрыка “Пытанні-адказы”, дзе наведвальнік зможа даведацца пра асаблівасці дзейнасці сайта CatholicShop.by і задаць пытанне. Так, напрыклад, з рубрыкі становіцца вядома, што сайт не прадае асвечаных рэчаў, ювелірных вырабаў і алкагольных напояў.

З нагоды блізкага Свята Божага Нараджэння дзейнічае асобная рубрыка “Падарунак на Каляды”.

для друку для друку