«Запрашаем у Будслаў». Запрацаваў новы сайт Нацыянальнага санктуарыя

Ужо менш за месяц застаецца да пачатку сёлетніх урачыстасцяў у гонар Маці Божай Будслаўскай, і акурат цяпер запрацаваў абноўлены інтэрнэт-сайт Нацыянальнага санктуарыя Budslau.by. Вельмі актуальна!

Падрыхтаваны намаганнямі новага будслаўскага пробашча кс. Дзмітрыя Дубовіка (для якога, дарэчы, сёлетні фэст будзе першым у такой адказнай якасці) і рэалізаваны дзякуючы вялізнаму творчаму IT-патэнцыялу вікарыя парафіі кс. Аўгуста Калясінскага, абноўлены сайт падае ўсю актуальную інфармацыю для вернікаў і турыстаў.

З галоўнай старонкі наведвальнік віртуальнага Будслава адразу трапляе ў найбольш запатрабаваныя ў перадсвяточны час сервісы: «Праграма ўрачыстасцяў», «Мапа фэсту», «Пілігрымкі ў Будслаў».

Тут жа на бачным месцы актуальны расклад св. Імшаў.

Для тых, хто жадае больш даведацца пра галоўную святыню Беларусі, на сайце знойдзецца шмат карыснай інфармацыі. Тут можна пазнаёміцца з гісторыяй будслаўскага санктуарыя і цудадзейнага абраза Маці Божай, даведацца пра навіны Будслава, а таксама атрымаць кантактныя звесткі і інфармацыю пра магчымыя экскурсіі.

Не раз здаралася, што хтосьці, прыехаўшы ў Будслаў як турыст, вяртаўся адсюль вернікам. Навяртанні — найбольш шматлікія і, бадай што, самыя важныя цуды, якія адбываліся і працягваюць адбывацца ў Нацыянальным санктуарыі.

Вядома, для таго, каб асабіста адчуць ласку і перажыць цуд, замала толькі віртуальнага падарожжа, нават з такім цудоўным новым сайтам, створаным пры падтрымцы парталу Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Catholic.by.

Ён можа толькі дапамагчы ў дарозе да Нябеснай Матулі, якая заўсёды чакае ў сваёй будслаўскай святыні, каб прывесці кожнага да свайго Боскага Сына Езуса Хрыста. Добрай дарогі!

Catholic.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі