Залатыя бабулі. Успаміны

У малітвах за памерлых я заўсёды ўспамінаю сваю бабулю, але сёлета напярэдадні Дня ўспаміну ўсіх памерлых прыгадаліся словы святара на яе пахаванні. “Яна, – сказаў ксёндз, – разам з Аленай Францаўнай значна паспрыялі таму, каб у Шуміліне існаваў касцёл”. Гэтыя ўспаміны прымусілі бліжэй пазнаёміцца з “саратніцай” маёй бабулі. Што ж гэта за моцны, уплывовы чалавек, дзейнасць якога так высока ацаніў святар?

Сціплая маленькая жанчынка сталага ўзросту, на першы выгляд, зусім не змагар. Але яе ведаюць усе ў парафіі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне – Алена Францаўна Цішкевіч. Няма таго дня, каб мы не бачылі з ранку ці ўвечары, як гэты чалавек спяшаецца ў касцёл. З драўляным кіёчкам яна выглядае сапраўдным пілігрымам, які шпарка для свайго ўзросту крочыць да Пана Бога ў спёку ці завіруху, дождж ці мароз.

На Шуміліншчыну Алена Францаўна пераехала каля трыццаці гадоў таму назад з Гомельскай вобласці (Петрыкаўскі раён, в. Брынёў), дзе ўсё сваё жыццё працавала ў мясцовым саўгасе. Яе продкі паходзяць з Прусіі і Польшчы. Як кажа сама спадарыня Алена, выхаванне ў Богу, штодзённая малітва і моцная вера фармаваліся з дзяцінства. Усе справы, пачынаючы ад гаспадарчых і заканчваючы пагрозамі жыццю ў ваенны час, вырашаліся з Богам. Напрыклад, уся сям’я з абразом магла прайсці з супольнай малітвай вакол роднага дома з просьбай пра абарону ці ў іншых інтэнцыях.

Алена Цішкевіч

У савецкія часы пераследу касцёла і знішчэння рэлігійнага жыцця ў Беларусі спадарыня Алена наведвала Пінск, дзе з 1954 года практычна бяззменна служыў у францішканскам храме пробашчам Казімір Свёнтак. Менавіта ён удзяліў Алене Францаўне з мужам сакрамант шлюбу, ахрысціў яе дзетак.

Аднойчы наш першы беларускі кардынал, убачыўшы ахвяру жанчыны, спытаў у яе: “Po co tak dużo wkładasz?” Уяўляю, як шчыра яна ахвяравала, хутчэй за ўсё, невялікія грошы, маючы патрэбу і ўсведамленне неабходнасці падтрымліваць касцёл, рабіць тое, што ў яе магчымасцях.

Прыехаўшы ў Шуміліна, дзе не было касцёла, спадарыня Алена кожную нядзелю і ў святочныя дні наведвала Імшы у Мікалаёве, якія адпраўляў кс. Мечыслаў. Гэта лёгка напісаць “наведвала”, але цяжка нават уявіць, што праз нязручнасці транспартнага раскладу найчасцей яе зваротны шлях быў часткова ці цалкам пешым! Адлегласць у трыццаць кіламетраў не спыняла яе прагненне сустрэцца с Богам, як яна сама кажа: “Ішла сама-самусенька”.

І вось аднойчы кс. Мечыслаў спытаў: “А дзе наша гераіня?” І даведаўся ад спадарыні Алены, што Шуміліна “патрабуе” святара і чакае арганізацыю парафіі. У адну з нядзель, калі Алена Францаўна наведвала касцёл Св. Барбары ў Віцебску (дзякуй Богу, з’явілася такая магчымасць), у чарзе на споведзь яна пазнаёмілася з маёй бабуляй Нінай Станіславаўнай Кандратовіч. І гэтыя адважныя бабулі пачалі дзейнічаць. З цягам часу спадарыня Алена гасцінна расчыніла дзверы свайго дома, у якім пачалі збірацца на Імшу католікі, прыязджаў ксёндз. Далей эстафету гасціннага хатняга касцёла пераняла сям’я Орпікаў.

Ці мелі гэтыя бабулі ўласныя праблемы – сямейныя, матэрыяльныя, медыцынскія? Безумоўна, мелі, але было тое, што стала больш значным для іх, тое, што матывавала іх хадзіць па дамах католікаў і збіраць подпісы, каб дазволілі будаўніцтва касцёла, прымаць у свае сціплыя дамы вернікаў і святароў на Імшы і катэхезы, самааддана працаваць на будаўніцтве, ахвяроўваць сябе дзеля адраджэння касцёла.

Ва ўтульных цёплых касцёлах “крокавай дасяжнасці” з дзіцячымі гульнявымі, катэхетычнымі заламі, прыгожым убранствам ці здольныя мы ацаніць іх сапраўдны подзвіг? Хацелася б спадзявацца, што так…

Сёння Алена Францаўна – паважаная парафіянка, штодзённа наведвае Імшу, чытае і нават канспектуе Біблію, евангелізуе, цікавіцца і ўдзельнічае ў касцельных мерапрыемствах і супольнасцях. Яна багатая на ўнукаў і праўнукаў. Адна з унучак спадарыні Алены стала сястрой законнай у дамініканскім ордэне.

14 снежня 2019 года Алена Францаўна Цішкевіч адзначыць 82-і дзень свайго нараджэння. Звонку сціплая, маленькая, добрая бабулечка, але яна яшчэ і сапраўдны ваяр Хрыста, Якому служыць усё жыццё. Мы дзякуем Богу за такі прыклад нязломнай, моцнай веры сярод нас і просім для спадарыні Алены здароўя!

Безумоўна, шмат хто з чытачоў змог бы расказаць пра сваіх бабуль і дзядуль, верных Богу ўсё сваё жыццё. Таму зрабіце гэта ў сваіх парафіях, шануйце іх, любіце і беражыце як бясцэнны скарб нашага Касцёла ў Беларусі!

Хацелася б прыгадаць словы кардынала Казіміра Свёнтака: “Славутыя бабулі захавалі веру ў Бога ў перыяд пераследу, калі не было касцёлаў і святароў. Менавіта ім трэба дзякаваць, што вера не знікла бясследна з гэтых моцна прыгнечаных тэрыторый. Колькі выцерпелі бабулі, ахвяравалі і перажылі нягодаў, будучы залічанымі да “ізгояў” грамадства! І, нягледзячы на тое, што яны не пралілі крыві за веру, за Касцёл, усё ж іх жыццё мела мучаніцкі характар. Бабулі, якія захавалі веру, сапраўдныя героі, толькі ім ніхто не паставіць помнікаў, іх прозвішчы адыдуць у нябыт. Хвала і пашана вам, дарагія, любыя, залатыя бабулі! Я ахвярую высокае прызнанне “Сведка веры” бабулям маёй краіны, якія змаглі захаваць веру ў гады пераследу, тым самым не даўшы памерці Касцёлу”.

Нізкі паклон Вам, Алена Францаўна, і ўсім залатым бабулям і дзядулям Беларусі!

Іна Карпушэнка

для друку для друку