Зала Друку: Папа вывучае магчымасць пасрэдніцтва ў Венесуэле

Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Алесандра Джызоці пракаментаваў магчымасць удзелу Папы Францішка ў вырашэнні венесуэльскага крызісу ў якасці пасрэдніка, аб чым Папу прасіў Нікалас Мадура.

“Святы Айцец заўсёды стрыманы і таму пакідае за сабой права вывучэння гатоўнасці абодвух бакоў, каб канстатаваць, ці існуюць умовы для гэтага шляху”, – сказаў афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду, адказваючы на пытанне журналістаў.

Размаўляючы з журналістамі па дарозе з Абу-Дабі ў Рым, Папа Францішак не выключыў пасрэдніцтва Апостальскай Сталіцы ў якасці апошняй меры, калі ўсе іншыя ўжо выкарыстаныя. Але такі варыянт, падкрэсліў ён, магчымы толькі тады, калі аб гэтым папросяць абодва бакі. “Гэта абавязковая ўмова”, – патлумачыў Папа.

Раней, праводзячы прэс-канферэнцыю на борце самалёта на шляху з Панамы ў Рым, Святы Айцец прызнаўся, што яго пужае магчымасць кровапраліцця ў Венесуэле. Пантыфік падкрэсліў, што з’яўляецца пастырам усіх венесуэльскіх католікаў і выступае за інтарэсы ўсяго народа гэтай краіны.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

На здымку: Выконваючы абавязкі кіраўніка Залы Друку Алесандра Джызоці  (ANSA)

для друку для друку