«Закахацца – гэта нармальна»: інтэрв’ю з сястрой капуцынкай Алінай, якая спявае «Тры чарапахі»

Памятаеце маладую манашку, якая так весела спявала песню Лявона Вольскага на відэа ў сацсетках? Мы пагаварылі з ёю пра тое, як маладыя беларусы вырашаюць аддаць сваё жыццё Богу.

Сястра Аліна (Аліна Скапец) нарадзілася ў Маладзечне. Кажа, што ў яе было вясёлае дзяцінства, бо мае яшчэ двух родных братоў і сястру, а таксама стрыечных брата і сястру. Выгадавалася ў каталіцкай сям’і, добра ведае ангельскую мову, вельмі вясёлая.

«Не прыгадаю, каб у касцёле не можна было спяваць. «Тры чарапахі» я найперш даведалася ў касцельным варыянце. Так часта бывае – музыку бяруць, а словы накладаюць з рэлігійным сэнсам. Але мы розныя песні спяваем, і рускі рок, як «ДДТ». Гэта ж добра каля вогнішча з гітарай сесці паспяваць, хто што любіць.

Спачатку чалавек верыць па звычцы, а пасля адкрывае ў веры штосьці асабістае. У маёй сям’і было так. З дзяцінства мяне бацькі вадзілі ў касцёл. Мая мама для мяне – прыклад веруючага чалавека і стаўлення да жыцця. Дзякую ёй за гэта.

Я не адчувала сябе ў школе адкінутай аднакласнікамі, не саромелася гаварыць, што я хаджу ў касцёл. Мы разам былі са стрыечным братам у класе, і быў яшчэ адзін хлопчык, які таксама хадзіў. Болей ніхто. У нас былі катэхетычныя заняткі, таксама ў нядзелю нічога не можна было рабіць дома – шыць, прыбіраць, бо гэта дзень святы. Удзельнічалі ў жыцці касцёла, сцэнкі рабілі. Грала я анёлкаў, а пазней ужо былі ролі больш сур’ёзныя, як Марыя, напрыклад.

Людзі думаюць, што з веры можна вырасці, што Бог іх абмяжоўвае

Я гляджу на фотаздымак з першай Камуніі, дзе нас амаль 100 чалавек. Я не ўпэўненая, што хаця б палова з іх ходзіць цяпер у касцёл. Чула, як некаторыя казалі: я ўжо вырас з гэтага, мне гэта непатрэбна. Нібыта вера – гэта нешта, з чаго можна вырасці. Мяркую, яны думаюць, што Бог іх абмяжоўвае. Што запаветы, правілы – гэта штосьці, што ім перашкаджае. Таму яны думаюць, што інакш жыць лягчэй. Але калі я сапраўды люблю Бога, то для мяне гэтыя правілы ўжо не правілы, а звычайнае жыццё.

Пасля школы я паступіла ў тэхналагічны ўніверсітэт на ландшафтнага дызайнера. Я не была ўпэўнена, куды хачу ісці вучыцца. А гэтая спецыяльнасць патрэбная людзям, і паступіць было не цяжка. Вучыцца падабалася, было весела, але правучылася адзін год.

Каб стаць сястрой, заняло 4 гады

Першы этап – аспірантат, ён трывае паўгода. Я была ў Польшчы разам яшчэ з 8 дзяўчатамі. Пасля нас прынялі ў пастулат, гэта два гады. У нас былі рэлігійныя заняткі, вучылі гісторыю святога Францішка, патрона нашага ордэна.

Пасля пастулату трэба зноў пісаць просьбу і матывацыю, каб пайсці на наступны этап – навіцыят. Тады ўжо змяняецца знешні выгляд, бо ў пастулаце мы ходзім у звычайных спадніцах ніжэй калена, нейкая майка – можна не адрозніць, сястра ці не. А ў навіцыяце даюць ужо белую кашулю і карычневую спадніцу, як мой хабіт (манаскае адзенне).

З сябрамі гэтыя два гады мы не кантактуем, толькі раз на месяц з сям’ёй. Гэта каб глыбей увайсці ў духоўнае разуменне гэтага законнага жыцця.

Два гады навіцыяту дзеляцца на кананічны год, калі нікуды нельга выязджаць. А другі год – апостальскі. Тады ўжо на паўгода мы едзем у Італію, – гэта месца нараджэння нашага ордэна, – каб спазнаць гісторыю, сясцёр, якія цяпер там жывуць, каб адчуць сябе часткай ордэна. Я таксама працавала ў хоспісе, можна ездзіць у лагер з дзецьмі.

І пасля я стала сястрой. Нас было 9 напачатку, але склалі шлюб мы ўчатырох. Мае бацькі па-рознаму адрэагавалі. Але найважнейшае, што брат, сястра, мама падзялялі мой погляд. Мама блаславіла мяне на гэты шлях.

Усё маё жыццё ўжо не залежыць ад матэрыяльнага і культурнага багацця

Складала шлюбы год таму – шлюб чысціні, паслухмянасці і беднасці. І гэта сведчыць, што я ўжо не жыву для сябе. Які чалавек хоча для сябе жыць бедна? А я жыву ў перакананні, што я пілігрым у гэтым свеце. Я іду да неба, там маё месца. Я раблю тут усё толькі таму, што хачу, каб кожны гэта так перажываў, каб кожны ведаў, што жыццё тут прамінае, але нас чакае жыццё, якое будзе трываць вечна.

Я склала шлюб беднасці. Беднасць і ў матэрыяльным сэнсе, канечне, але найперш беднасць духовая. Усё маё жыццё ўжо не залежыць ад матэрыяльнага і культурнага багацця, якое свет нясе, а толькі ад таго, што дае мне Бог.

Я жыву ўжо такім жыццём, што не маю сваіх дзяцей, гэта таксама мая беднасць. Але магу стаць маці для іншых. Я працую ў дзіцячым доме, апякуюся дзецьмі. Мы даем ім тое, чаго іх бацькі не маглі даць. Большасць такіх бацькоў маюць абмежаваныя правы, а некаторыя дзеці – сіроты. Найчасцейшая праблема ў сем’ях – алкаголь.

Мы даглядаем дзяцей, як нармальныя маці. Мы для іх прыклад таго, што жыццё вартае чагосьці, варта чагосьці хацець, варта марыць і дасягаць чагосьці ў жыцці. Кажам ім, што яны маюць сваю годнасць, што яны прыгожыя, таленавітыя, што яны могуць больш. Бо гэтыя сем’і з пакалення ў пакаленне не маюць смаку жыцця. А мы хочам, каб яны адчулі, што Бог стварыў свет шчаслівы, а шчасце – гэта не пачуццё весялосці і радасці. Гэта свядомасць таго, для чаго жыву, для каго і куды хачу ісці далей.

Я склала шлюб паслушэнства. Лічыцца, што брат можа быць непаслухмяны толькі ў тым выпадку, калі гэта супярэчыць Божаму выхаванню, калі гэта супраць запаведзяў і ўсяго, што наказвае касцёл. Я свядома выбіраю, што воля маёй галоўнай сястры будзе па-над маёй. Бо трэба перажыць страту, каб распачаць штосьці новае.

Праз інтэрнэт часта чалавек робіцца не прысутны

Цяпер маладому чалавеку цяжка зрабіць выбар, бо ёсць шмат рэчаў, якія перашкаджаюць, той жа інтэрнэт. Праз інтэрнэт часта чалавек робіцца не прысутны. Вы нібыта разам, але ён знікае ў тэлефоне. Інтэрнэт мяне таксама паглынае – навіна за навіной, здымак за здымкам, час мінае, а за гэты час можна зрабіць штосьці важнае і патрэбнае.

Для выбару, напэўна, патрэбная ціша. Для мяне было важна, калі я застаюся сама з сабой, у цішыні, у касцёле ці на прыродзе. Калі я малілася, то адчувала, чаго я сапраўды хачу, чаго Бог хоча ад мяне.

Закахацца – гэта нармальна

У сужэнстве таксама можна закахацца. Але як я закахалася, то гэта не значыць, што буду пісаць да гэтай асобы ці сустракацца. Адзін святар мне сказаў, што калі бачыш прыгожага хлапца, то трэба думаць: «Божа, якога прыгожага хлапца ты стварыў», а не нешта іншае.

З аднаго боку, я думаю, што закахацца – гэта прыгожы досвед, але, з іншага боку, гэта можа быць спакусай, бо можа адцягнуць ад шляху і ад Бога. Трэба з такімі рэчамі асцярожна. Напэўна, пра гэта трэба размаўляць са святаром ці з духоўнай асобай.

Я трохі баялася прыязджаць у Беларусь, але тут людзі ўсміхаюцца мне. Не каб пасмяяцца, а з прыязнасцю. Многія да мяне падыходзілі, адчувалася, што ім хочацца паразмаўляць, штосьці мне даверыць.

Я хаджу паўсюль – і ў крамы, і ў кіно. Нядаўна глядзелі з сястрой і братам «Чалавека-мураша і Асу». Я люблю глядзець фільмы. Апошні фільм, які мяне вельмі крануў, – «Інтэрстэлар». Мяне ўразіла, што герой хацеў не жывых людзей уратаваць, а толькі тыя клеткі. Ён не хацеў ратаваць жыццё, а толькі тую будучыню, якая яшчэ нават не існавала. А жывых людзей, якія жылі тут і цяпер, пакінуў паміраць. Мы павінны жыць тут і цяпер. Як Пан Езус кажа ў Евангеллі: Заўтра паклапоціцца пра сябе. Я шчаслівая. Тут і цяпер».

Аляксандра Дынько, svaboda.org

для друку для друку