Задарожская парафія адзначыла парафіяльную ўрачыстасць Унебаўзяцця Панны Марыі

У в. Задарожжа, што на Глыбоччыне, вернікі касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі Ласкавай 15 жніўня ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Маці Божай адзначылі парафіяльны адпуст.

На свята сабраліся жыхары парафіі і навакольных вёсак, а таксама прыбылі госці з Глыбокага і Шаркаўшчыны. Нягледзячы на ўрачыстасць ва ўсім Каталіцкім Касцёле, а значыць абавязковую св. Імшу ў кожнай парафіі, на фэст завіталі святары: кс. Дзмітрый Рацько з Празарок і а. Вальдэмар Куява з Удзела, якія неслі паслугу ў канфесіяналах, а ўрачыстую Літургію ўзначаліў дэкан Глыбоцкага дэканату кс. Мікалай Ціхановіч.

На пачатку Літургіі пробашч парафіі кс. Эдвард Нарадоўскі прывітаў святароў, дыякана Алега Хмылко, сястру-францішканку Людмілу Рубніковіч з Глыбокага, усіх парафіянаў і гасцей, а таксама прадстаўнікоў гарадской улады. «Сёння збірае нас у гэтым месцы Маці Божая. Касцёл з самага пачатку адзначае праўду, што Марыя з душой і целам цудоўным спосабам была ўзятая на неба. Нас так шмат сабралася сёння ў святыні ў Імя Хрыста, Ён нябачна ёсць сярод нас. Гэта ўрачыстасць прыпамінае нам, што нас чакае канец зямнога жыцця і вечнасць» — падкрэсліў кс. Эдвард.

Слова да вернікаў прамовіў глыбоцкі дэкан. Кс. Мікалай звярнуў асаблівую ўвагу на прысутнасць Марыі сярод нас. Таксама святар паразважаў пра смерць Маці Божай праз сон і заклікаў вернікаў думаць пра смерць і не баяцца гэтага. «Праваслаўная Царква называе гэта свята вельмі прыгожа «Успение Богородицы». Гэта не проста была смерць, а нейкая надзвычайная. Марыя пераходзіць з гэтага свету так, як разважаюць тэолагі, як кожны з нас павінен перайсці. Не праз агонію, а спакойна, праз сон».

Кс. Мікалай распавёў прысутным некалькі прыкладаў са свайго ўласнага святарскага досведу, як чалавек памірае ў розных сітуацыях і як дапамагае Марыя, калі родныя канаючага моляцца на ружанцы і просяць Яе заступніцтва.

На заканчэнне Эўхарыстыі пробашч парафіі кс. Эдвард Нарадоўскі шчыра падзякаваў парафіянам за кожную працу пры святыні, за падрыхтоўку да ўрачыстасці, а прадстаўнікам улады за дапамогу ў арганізацыі прац па мыццю вокнаў.

Прадстаўнікі гарадской улады павіншавалі вернікаў і святароў са святам, а таксама зачыталі віншаванне ад старшыні Глыбоцкага райвыканкама Алега Морхата. Пасля намеснік старшыні Таццяна Тарасевіч уручыла лісты падзякі парафіянам, якія асаблівым чынам дапамагаюць святыні, а таксама за актыўны ўдзел у мерапрыемствах па захаванню гісторыка-культурных і традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцей. Гаранаровай граматай узнагародзілі і кс. Эдварда і ў падарунак задарожская парафія атрымала электракасу.

Затым адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол святыні. Пасля заспяванага гімна «Цябе, Бога, праслаўляем» і бласлаўлення Найсвяцейшым Сакрамантам, святар асвяціў гародніну і садавіну, якую вернікі тардыцыйна прынеслі ў святыню.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку