За што касцёлам прысвойваецца тытул “Базіліка”?

Базіліка Святога Пятра

“У Беларусі ёсць некалькі малых базілік. За што касцёлы могуць атрымаць такі тытул?”

Ірына

На пытанне адказвае а. Аляксандр Махнач SP, піяр, магістр тэалогіі, Ліда:

– Дзякую за пытанне!

Базіліка (з грэч. βασιλικός – каралеўскі, лац. basilica ) – у архітэктуры “выцягнуты, прамавугольны ў плане будынак, падзелены падоўжанымі радамі калонаў або слупоў на некалькі (звычайна 3 ці 5) частак (нефаў, наасаў), якія маюць самастойныя перакрыцці”.

У Старажытным Рыме базілікі выкарыстоўваліся як судовыя залы, рынкі і інш. Пазней базіліка стала адным з асноўных тыпаў хрысціянскіх храмаў, пашырылася ў візантыйскай, сірыйскай, раманскай і гатычнай архітэктуры, а таксама ў традыцыі Адраджэння і барока.

У Беларусі базілікі з’явіліся ў канцы XVI ст., пашырыліся ў XVII — XVIII стст. Найчасцей выкарыстоўваліся ў культавых хрысціянскіх будынках (каталіцкіх, праваслаўных і уніяцкіх), зрэдку – у ратушах (Слуцк), сінагогах (Слонім).

Існуе паняцце вялікай і малой базілікі. Вялікая базіліка (лац.: basilica maior) – тытул, які надаецца найвышэйшым па рангу каталіцкім базілікам. Чатыры з іх знаходзяцца ў Рыме: Латэранская базіліка, базіліка Святога Пятра ў Ватыкане, базіліка Святога Паўла за мурамі, базіліка Маці Божай Вялікай. Дзве базілікі ў Асізі: базіліка св. Францішка, базіліка Маці Божай Анёльскай.

Малая базіліка (лац.: basilica minor ) – тытул, які надаецца адмысловым святыням. Гэты ганаровы тытул прысвойваецца Папам Рымскім у знак старажытнасці святыні, яе гістарычнай важнасці або значнасці як душпастырскага і пілігрымскага цэнтра.

Малая базіліка павінна адпавядаць наступным умовам:

  • святыня адчынена на працягу ўсяго дня;
  • з’яўляецца месцам атрымання асаблівых ласкаў праз заступніцтва апекуна ці апякункі касцёла (напр., аздараўленні, ласкі, навяртанні і г.д.);
  • гістарычная каштоўнасць;
  • месца асаблівага культу і пілігрымавання;
  • дышпастырскія якасці (на працягу дня – няспынная адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, споведзь на працягу ўсяго дня, часта адпраўляюцца святыя Імшы і набажэнствы);
  • сталы гід у дадзеным касцёле.

Малыя базілікі ў Беларусі – гэта каталіцкія касцёлы, якім Папа Рымскі прысвоіў тытул малой базілікі.

Тры беларускія каталіцкія святыні маюць тытул малой базілікі:

  1. Базіліка Святога Францішка Ксаверыя ў Гродне (катэдра). 15 снежня 1990 г. – дата прысваення тытула.
  2. Базіліка Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе (Нацыянальны Марыйны Санктуарый). 11 чэрвеня 1993 г. – дата прысваення тытула.
  3. Базіліка Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску (катэдра). 6 лютага 1996 г. – дата прысваення тытула.
для друку для друку