З’явіцца інтэлектуальная біяграфія Папы Францішка

У італьянскіх кнігарнях 9 лістапада з’явіцца кніга-даследаванне “Хорхэ Марыа Берголіа. Інтэлектуальная біяграфія. Дыялектыка і містыка” (Jorge Mario Bergoglio. Una biografia intellettuale. Dialettica e mistica). Яе аўтар, Масіма Баргэзі, імкнецца высветліць, дзе шукаць крыніц інтэлектуальнай рэфлексіі Папы Францішка.

У артыкуле на старонках “L’Osservatore Romano” ён прызнаўся, што ідэя напісання кнігі нарадзілася з двух прычын: першая – гэта крытыка ў бок цяперашняга Пантыфіка, што той, маўляў, не мае дастатковага тэалагічна-філасофскага ўзроўню, другая – моцнае канцэптуальнае ядро, прысутнае ў думцы Папы: канцэпцыя жыцця, заснаваная на напружанні супрацьлегласцяў, блізкая да думкі нямецкага тэолага Рамана Гуардзіні.

Сацыяльная мадэль Францішка заснавана на трох парах палюсоў: поўня-абмежаванасць, ідэя-рэальнасць, глабалізацыя-лакалізацыя, нагадаў Баргэзі. Ён задаецца пытаннем: адкуль прыйшла гэта дыялектыка? І прыходзіць да высновы, што Гуардзіні тут не першасны.

Разабрацца ў гэтым дапамог сам Папа. Ён адказаў Баргэзі на некалькі пытанняў і прызнаўся, што у 1960-х на яго паўплывала кніга аднаго найбуйнейшых інтэлектуалаў другой паловы ХХ ст., езуіта, Гастона Фэсара “La dialectique des “Exercices spirituels” de saint Ignace de Loyola”. Фэсар, сябар Анры дэ Любака, натхнёны Марысам Бландэлем, прапануе дыялектычнае прачытанне ігнацыянскай духоўнасці праз напружанне паміж ласкай і свабодай, паміж бясконца вялікім і бясконца малым. Тэолаг з’яўляецца прыхільнікам каталіцтва як супадзення супрацьлегласцяў, жывога сінтэзу палярнасцяў.

Тую ж ідэю прасоўваў эклезіёлаг Адам Мёлер, якога падтрымаў езуіт Эрых Пшывара. Таксама ідэю жыцця як палярнага напружання можна знайсці ў Рамана Гуардзіні. Такім чынам, эклезіялагічная і сацыяльная рэфлексія будучага Папы ляжыць у кантэксце канкрэтнага ланцуга каталіцкай думкі: праз Мёлера, Гуардзіні, Пшывару, дэ Любака і Фэсара, — прыйшоў да высновы італьянскі даследчык. Тут гаворка ідзе пра Касцёл, як пра інструмент, з дапамогай якога Божая таямніца аб’ядноўвае тое, што, з пункту гледжання прыроды, з’яўляецца несумяшчальным – інструмент, які падтрымлівае адрозненні, не спрабуючы іх адмяніць.

У Аргентыне 1970-х Берголіа быў не адзіным, хто меў такое бачанне. Яго падтрымліваў уругваец Альберта Мэтоль Фэрэ, найбольш значны лацінаамерыканскі каталіцкі мысляр другой паловы ХХ стагоддзя, прадстаўнік дыялектычнага тамізму. Баргэзі лічыць, што і ў Мэтоля Фэрэ, і ў Берголіа былі падобныя погляды на касцёльнае абнаўленне ў Лацінскай Амерыцы. Яны абодва – прыхільнікі “teología del pueblo”, аргентынскай версіі тэалогіі вызвалення, якая, аднак, адмаўляецца ад марксісцкай ідэалогіі. Мэтоль Фэрэ становіцца пасля Фэсара філосафам Францішка, прыходзіць да высновы італьянскі даследчык.

“Інтэлектуальная біяграфія”, паводле яе аўтара, дазваляе ўвайсці “ў ідэальную лабараторыю Францішка”, дзе хрысціянская жыццё цячэ паміж небам і зямлёй і змяшчаецца не ў нейкай з сістэм, але выключна ў Таямніцы, якая рухае гісторыяй.

300-старонкавая кніга-даследаванне “Хорхэ Марыа Берголіа. Інтэлектуальная біяграфія. Дыялектыка і містыка” выйдзе ў міланскім выдавецтве “Jaca Book”.

Ватыканскае радыё

для друку для друку