З Тэхаса – у Беларусь

gabryela4Габрыэла Прыэта (Gabrielle Prieto) з амерыканскага горада Сан-Антонiа, штат Тэхас, прыехала ў Беларусь, каб палепшыць свае веды рускай мовы, а таксама бліжэй пазнаёміцца з салезіянскай супольнасцю Беларусі.

У гэтым інтэрв’ю дзяўчына падзялілася з “Каталіцкім Веснікам” сваімі ўражаннямі пра нашую краіну.

 Габрыэла, распавядзі крыху пра сябе?

– Я нарадзілася ў горадзе Харлiнген, штат Тэхас, але выхоўвалася i вырасла ў Сан-Антонiа – гэта горад у цэнтральнай частцы Тэхаса. Мяне выхавалі ў традыцыйнай каталіцкай іспанскай сям’і. Мае бацькі – людзі пабожныя, якія сур’ёзна ставяцца да сваёй веры, да Бога, а таксама  прымаюць актыўны ўдзел у жыцці Касцёла. Мой старэйшы брат, які ўжо жанаты, вельмі любіць чытаць тэалагічныя дакументы.

Нягледзячы на тое, што я была выхавана каталічкай, на самай справе жыць згодна са сваёй верай я пачала толькі пасля вучобы ў Расіі. Да гэтага моманту я паспела пакінуць Касцёл, адысці ад яго. Я была вельмі зраненая i пакрыўджаная, але Бог паклікаў мяне назад. На працягу многіх гадоў Ён стукаўся ў мае дзверы, чакаючы таго моманту, калi я расплюшчу свае вочы i адкрыю сэрца на Яго праўду, праўду пра тое, што Ён плача з намi, калi мы плачам, што Яго сэрца разрываецца ад болю, калi мы перажываем боль, што Ён  сядзіць i цярпліва чакае, калi мы дазволім Яму вылечыць нас. Ён – сапраўдны Бог Міласэрнасці i бязмежнай Любові.

Ты згадала, што навучалася ў Расіі?

– Так. Але спачатку я вучылася ва ўніверсітэце Тэхаса, а пасля адзін семестр у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце вывучала рускую мову.

А якое служэнне ты нясеш у Касцёле ў Амерыцы?

 – Я – валанцёр VIDES. VIDES – гэта салезiянская валанцёрская арганізацыя. VIDES – гэта “Volunteers іn Development, Education i Solidarity” (“Валанцёры ў развіцці адукацыі і салідарнасці”). Валанцёры працуюць у шпіталях, школах, сацыяльных установах, парафiяльных цэнтрах, дзе дапамагаюць сёстрам-салезiянкам, якiя там вядуць сваю дзейнасць. У Сан-Антонiа ёсць таксама салезiянскiя школы, але там я яшчэ не працавала. У мяне была магчымасць арганізаваць бiблiйную школу для дзяцей, якія былі знойдзеныя падчас пераходу праз граніцу без апекі дарослых. Гэтых дзяцей аддаюць пад дзяржаўную апеку, а сёстры-салезiянкi прыходзяць, каб з iмi правесці час, пагуляць, i праз гэта паказаць iм, што яны не самотныя ў гэтым свеце.

Часта здараецца так, што дзецi застаюцца адны, таму што іх бацькі паміраюць падчас такiх пераходаў, а бывае, iх пасылаюць адных прайсці сотні кіламетраў, таму што маюць надзею, што дзеці знойдуць лепшае жыццё ў Амерыцы. На жаль, усе жахлівыя рэчы, сведкамі якіх яны часта становяцца, пакідаюць іх цалкам спустошанымі. З’яўляючыся валанцёрамі VIDES, мы можам прыходзіць да гэтых дзяцей i расказваць iм пра Божую Любоў i Міласэрнасць. Мы гуляем з iмi, смяёмся, а таксама слухаем iх гісторыі. У такiя моманты яны могуць забыцца пра свой боль i быць звычайнымі дзецьмі.

— Якім чынам ты патрапіла ў Беларусь?

– Я звольнілася з працы i далучылася да VIDES, маючы надзею на тое, што змагу перажываць канец Года Міласэрнасці ў служэнні іншым, пакладаючы надзею толькі на Бога. Гэтае рашэнне было адным з найлепшых у маім жыцці.

Калi дасылаеш свае дакументы ў VIDES, то трэба напісаць, якiя мовы ведаеш альбо вывучаў. I мой дырэктар, i я сама хацела паехаць у рускамоўную краіну, таму што я вывучала рускую мову. Яна звязалася з сёстрамі, якія тут працуюць, i тыя згадзіліся мяне прыняць! Я была вельмі шчаслівая, што ёсць такая цудоўная магчымасць падцягнуць свае веды па рускай мове менавіта тут, у Беларусі, а таксама больш даведацца пра салезіянскую супольнасць гэтай краіны.

gabryela2

Габрыэла ў смаргонскім касцёле св. Міхала Арханёлa на малітве

— З якой мэтай ты ехала сюды?

– Я прыехала, бо веру, што Бог хацеў, каб я зрабіла крок веры, цалкам даверылася Яму i пайшла туды, дзе нікога не ведаю, каб разам з гэтымі людзьмі перажываць i святкаваць паўсюднасць Яго Касцёла. У адной песні, якую я слухала раней, ёсць такiя радкi: “Дух Святы, вядзі мяне туды, дзе давер мой будзе неабмежаваны. Дапамажы хадзіць па вадзе, куды б ты мяне ні паклікаў”. Ён паклікаў мяне ў Беларусь, i вось я прыехала. Гэта было радыкальна. Але і хрысціянства з’яўляецца радыкальным. Я разлічвала на тое, што прыеду ў маленькую супольнасць, а знайшла штосьці зусім іншае.

          Гэта вельмі адважны крок з твайго боку…

– Калі сапраўды, то я троху нервавалася i баялася ехаць у Беларусь. На жаль, па прычыне палітычнай сітуацыі, звязанай з Еўропай i Злучанымі Штатамі, мае веды пра Беларусь былі дастаткова мізэрнымі. Шчыра кажучы, я лічыла, што ўбачу тут каталіцкія супольнасці, якія толькі распачынаюць сваю дзейнасць. Але замест гэтага я знайшла цудоўныя салезiянскiя супольнасці, моцныя ў сваёй веры, якія дапамагаюць сем’ям станавіцца мацнейшымі. Дзеці хочуць прыходзіць у Салезiянскi цэнтр, араторый, гэта асаблiва важна!

Вера тут вельмi моцная. Я думаю, што не кожны з вас усведамляе да канца, наколькi вам пашанцавала. Бог блаславіў вас такiмi рознымі спосабамі.

          А што асабліва спадабалася ў Беларусі?

 – Мне падабаецца ўсё ў вашай краiне (нягледзячы на тое, што мне не хапае мексіканскай кухні)! Надвор’е і прырода для мяне надзвычай разнастайныя, а людзi – вельмi добрыя i спагадлівыя. Гэта ўсё намнога больш за тое, на што я магла толькі спадзявацца.

gabryela3

Габрыэла ў Цэнтральным парку Смаргоні каля помніка “Мядзведжай акадэміі”

          Дзе ты ўжо паспела пабываць?

 – Я была ў Мінску, мне ён вельмі спадабаўся. Я таксама прысутнічала на ўрачыстасці святой Александрыны Марыі да Коста ў Дзятлаве. Гэта было вельмi прыгожа i весела. Я жыву ў Смаргоні, паляпшаю свае веды рускай мовы i проста атрымліваю вялікае задавальненне, калi пазнаю мясцовых людзей.

          Ці збіраешся ты яшчэ раз прыехаць у Беларусь?

–          Так, я вельмі спадзяюся, што гэта не апошні мой прыезд!

Гутарыла Ірына Радзевіч

Пераклад Яўгеніі Раткевіч

для друку для друку