З разважанняў святога Яна Паўла ІІ пра Вялікі пост

Ipse liberabit te… «Ён сам цябе вызваліць…» — гэтыя словы з 91-га псальма могуць кожнаму з нас прынесці духоўную падтрымку на час Вялікага посту, калі мы з асаблівай руплівасцю стараемся знайсці шляхі набліжэння да Бога і вызвалення ад усяго, што перашкаджае нам у гэтай блізкасці. Разважанні святога Яна Паўла ІІ, якія прапануюцца на гэтай старонцы, дадуць нам новы штуршок, новае натхненне у крочанні па гэтых шматлікіх шляхах.

Уваходзім у Вялікі пост, каб наследаваць Езуса, які пачынае сваю месіянскую дзейнасць у Ізраэлі: «…Дух вывеў Яго ў пустыню, дзе на працягу сарака дзён д’ябал спакушаў яго. І нічога не еў у тыя дні…» (пар. Лк 4, 1—2). Святы Лука Евангеліст кажа нам, што «д’ябал спакушаў» Хрыста, і дае дакладнае апісанне гэтага спакушання.

Гэта гісторыя вельмі глыбока нас кранае. Спакушанне ў пустыні сталася важнаю і плённаю тэмаю для роздуму і творчасці многіх людзей: святых, тэолагаў, пісьменнікаў і мастакоў. Так глыбока натхняе нас гэтая гісторыя! Як жа шмат яна гаворыць пра Хрыста, пра Божага Сына, які стаў сапраўдным чалавекам. Колькі ж духоўнай спажывы знойдзе ў ёй кожны з нас для сваіх медытацый.

Апісанне спакушання Езуса асабліва красамоўнае. У сённяшні час, больш чым калі-небудзь, чалавек павінен схіляць сябе да рэфлексіі над тым, што яго жыццё праходзіць паміж дабром і злом. Спакушанне — гэта нішто іншае, як скіраванасць да зла. Кожны чалавек павінен яго выкарыстаць, каб чыніць дабро. Спакушанне аддаляе нас ад Бога і штурхае нас саміх і свет на шлях бязладнага жыцця. Няхай кожны ўвойдзе ў сябе, найперш цяпер, у час Вялікага посту; няхай адновіць сваю веру ў Езуса Хрыста, Укрыжаванага і Уваскрослага.

Задумайцеся, чаму вучыць вера! Паразважайце над Божымі праўдамі! Чыніце гэта з вераю, гарачым сэрцам і ўсім сваім жыццём. Абвяшчайце гэтую <…> веру словам і ўчынкам.

Дух пакаяння і практыка пакаяння схіляюць нас да шчырага адмаўлення ад усяго празмернага, а часам таксама ад патрэбных рэчаў, якія, аднак, перашкаджаюць нам быць сапраўды тымі, якімі Бог хоча, каб мы былі. «Дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё» (Мц 6, 21).

Можа нашае сэрца прывязана да матэрыяльных багаццяў? Да ўлады над іншымі? Да эгаістычнай абвостранасці пачуцця ўласніцтва? Таму нам патрэбны Хрыстус Вызваліцель, які можа вызваліць нас, калі мы таго жадаем, ад гэтых вярыгаў граху, якія нам перашкаджаюць.

Падрыхтуемся ж, каб узбагаціла нас ласка Уваскрэсення, вызваляючы ад усялякага фальшывага скарбу <..>.

Ipse liberabit te…

У перыяд Вялікага посту Касцёл кожны дзень вяртаецца да гэтых словаў у малітве дня. Кожны дзень ён нагадвае нам пра сапраўднае значэнне вызвалення чалавека, якое здзейсніў і надалей здзяйсняе Бог у Хрысце. Штодзённа ў перыяд Вялікага посту Касцёл рэкамендуе нам разважаць менавіта над гэтым фрагментам псальма 91 (90), каб вызваленне сталася і нашым лёсам, вызваленне ад граху, вызваленне ад пажадлівасці цела, вачэй і жыццёвай пыхі (пар. 1 Ян 2, 16), вызваленне ад таго, што найбольш знявольвае чалавека, хоць дазваляе яму захаваць ілюзію незалежнасці. <…>

Ipse liberabit te…

На пачатку Вялікага посту Касцёл заклікае нас схіліць галаву перад Богам. Калі ж потым мы ўзнімем яе, то ўбачым Хрыста, Адкупіцеля чалавека, які ўсім сваім жыццём, а затым сваёю мукаю і смерцю вучыць нас, што гэта значыць: «быць вольнымі».

У асаблівы час Вялікага посту Касцёл прагне прыгадаць нам праўду аб паяднанні з Богам. Гэта асноўная праўда Евангелля, галоўны сэнс нашага жыцця ў веры, якая менавіта ў гэты Саракадзённы час павінна адгукнуцца з асабліваю сілаю ў нашых сэрцах і ў нашым сумленні.

Калі мы сапраўды з’яўляемся вучнямі і вызнаўцамі Хрыста, які паяднаў чалавека з Богам, мы не можам жыць так, каб са свайго боку не шукаць гэтага паяднання. Мы не можам заставацца ў граху, не імкнучыся адшукаць дарогі да дому Айца, які заўсёды нас чакае.

На працягу Вялікага посту Касцёл заклікае нас шукаць менавіта гэту дарогу. «Ад імя Хрыста просім: паяднайцеся з Богам» (2 Кар 5, 20). Толькі яднаючыся з Богам у імя Хрыста, мы можам «пакаштаваць і ўбачыць, які добры ёсць Пан» (пар. Пс 34 [33], 9). Мы можам як бы ўвачавідкі ў гэтым пераканацца.

Не пра суровасць Бога гавораць усе на свеце канфесіяналы, каля якіх людзі вызнаюць свае грахі. Яны гавораць менавіта пра дабрыню Бога. І той, хто да іх трапляе, часам праз шмат гадоў, нават абцяжараны вялікімі грахамі, адыходзячы, знаходзіць палёгку, знаходзіць радасць і спакой сумлення. Нідзе, акрамя споведзі, нельга знайсці гэтага, бо ніхто іншы не мае моцы адпушчэння грахоў, як толькі Бог.

У часе Вялікага посту мы ўсе павінны з асабліваю ўвагаю глядзець на Крыж, каб нанава зразумець яго сэнс. Мы не павінны бачыць у ім толькі згадкі падзеяў, якія мелі месца каля дзвюх тысяч гадоў назад. Мы павінны разумець навуку Крыжа так, як ён прамаўляе да нашага часу, да сённяшняга чалавека: «Езус Хрыстус учора і сёння той самы таксама на вякі» (пар. Гбр 13, 8).

У Крыжы Езуса Хрыста выяўляецца моцны заклік да metanoi, да навяртання: «Навяртайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15).

І гэты заклік мы павінны прыняць як скіраваны да кожнага з нас і да ўсіх асаблівым чынам у перыяд Вялікага посту. Перажываць Вялікі пост — гэта значыць навярнуцца да Бога праз пасрэдніцтва Езуса Хрыста.

Сам Хрыстус паказвае нам у Евангеллі багатую праграму навяртання. Хрыстус, а за ім Касцёл прапануе нам таксама ў часе Вялікага посту тыя сродкі, якія служаць гэтаму навяртанню. Найперш гаворка ідзе пра малітву, потым — пра міласціну і пост. Трэба прыняць гэтыя сродкі і ўвесці іх у жыццё ў адпаведнасці з патрэбамі і магчымасцямі чалавека і хрысціяніна нашага часу.

Малітва заўсёды застаецца першаю і асноўнаю ўмоваю набліжэння да Бога. У часе Вялікага посту мы павінны маліцца, мы павінны старацца маліцца больш: шукаць час і месца, каб маліцца. Гэта малітва, якая будзе на першым месцы, учыніць так, што мы вызвалімся ад абыякавасці, яна зробіць нас чулымі да справаў Бога і душы. Малітва выхавае нашае сумленне, а Вялікі пост — гэта найбольш адпаведны час для абуджэння і выхавання сумлення. Менавіта ў гэты перыяд Касцёл нагадвае нам пра канчатковую неабходнасць сакрамэнтальнай споведзі, каб мы ўсе маглі перажываць уваскрэсенне Хрыста не толькі ў літургіі, але і ў нашай уласнай душы.

Міласціна і пост як сродкі навяртання і хрысціянскага пакаяння цесна паяднаныя паміж сабою. Пост азначае панаванне над сабою; азначае патрабавальныя адносіны да сябе самога, гатоўнасць адрачыся ад рэчаў (не толькі ад ежы), але таксама ад раскошы і розных прыемнасцяў. А міласціна (у сэнсе больш шырокім і істотным) азначае гатоўнасць дзяліцца з іншымі радасцю і смуткам, падтрымліваць бліжняга, асабліва таго, хто знаходзіцца ў патрэбе; дзяліцца не толькі матэрыяльнымі дабротамі, але таксама дарамі духу…

Такім чынам, навяртанне да Бога праз малітву спалучана з увагаю да чалавека. <…> Праз больш поўную салідарнасць з людзьмі, з церпячымі і асабліва з тымі, хто знаходзіцца ў патрэбе, мы яднаемся з церпячым і ўкрыжаваным Хрыстом.

Вялікі пост як літургічны час займае толькі сорак дзён у годзе, да Бога ж мы павінны імкнуцца заўсёды — гэта значыць, што трэба навяртацца пастаянна.

Вялікі пост павінен пакінуць глыбокую і трывалую пячатку ў нашым жыцці; павінен аднавіць у нас усведамленне нашага паяднання з Езусам Хрыстом, які нагадвае нам пра неабходнасць навяртання <…>. Малітва, пост і міласціна — гэта менавіта тыя шляхі, якія нам паказвае Хрыстус.

Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько, ave-maria.by

для друку для друку