“З новым ксяндзом усё ў нас будзе добра!” Пра гісторыю парафіі ў Падсвіллі распавядае парафіянка Ядвіга Мацюшонак

Пасля святой Імшы, якую кс. Віталь Бяленік 3 сакавіка адслужыў у якасці пробашча ў Падсвіллі (Глыбоцкі дэканат), да супрацоўнікаў “Каталіцкага Весніка” звярнулася Ядвіга Мацюшонак: “Трэба напісаць пра наш касцёл. А то пра іншыя пішаце, а пра наш ні разу не пісалі”.

Падчас свайго расповяду спадарыня Ядзя расказала столькі, што гэтага магло б хапіць на цэлую кнігу. Таму ў газету яе аповяд трапляе ў скарочаным выглядзе. А пра кнігу парафіі з Падсвілля варта падумаць.

Пабудаваны ў 1930-м годзе

Падсвілле з’явілася на мапах адносна нядаўна, калі параўноўваць з іншымі, больш старымі паселішчамі нашага краю: у 1906 годзе была пабудаваная станцыя “Падсвілле” на Балагое-Сядлецкай чыгунцы. Пасля Рыжскай мірнай дамовы ў 1921 годзе недалёка адсюль прайшла мяжа паміж Савецкай Расіяй і Польшчай. Таму ў 1925 годзе за два кіламетры ад станцыі, на беразе возера Алоізберг, быў узведзены комплекс будынкаў 7 батальёна Корпуса Аховы Памежжа “Падсвілле”.

У 1930 годзе батальён памежнікаў, зважаючы на рэлігійныя патрэбы вайскоўцаў, а таксама і мясцовага насельніцтва, пачаў будаўніцтва касцёла на зямлі, якую ахвяравала пані Маркевіч, уладальніца маёнтка Алоізберг. Будоўля вялася за сродкі батальёна, а таксама на ахвяраванні мясцовага насельніцтва, у тым ліку буйных землеўладальнікаў. Будынак храма быў драўляны, меў ён даволі вялікія памеры.

Так выглядаў стары касцёл у Падсвіллі

Касцёл асвяцілі 2 лютага 1932 года. Напачатку ў святыні служыў святар з суседняй Бабруйшчыны. У 1938 годзе ў Падсвілле ўпершыню прызначылі ксяндза Баляслава Сладзінскага, аднак асобная парафія тут так і не ўтварылася.

Трэба будаваць касцёл!

Адраджэнне парафіі пачалося на пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя. Звязана яно з асобай легендарнага ксяндза Люцыяна Паўліка, які служыў у Задарожжы.

– Перад святам Божага Нараджэння ксёндз Люцыян прывёз аплаткі да мяне дамоў, каб я іх раздала, – распавядае Ядвіга Мацюшонак. – Парафіянаў тут тады мала было, у асноўным людзі старэйшыя. Прывёз ён гэтыя аплаткі, і я пачала раздаваць. А потым знайшліся такія шчырыя вернікі, якія сказалі, што будзем ставіць крыж.

Крыж паставілі ў парку, гэта і было пачаткам адраджэння парафіі ў Падсвіллі. Ксёндз Люцыян асвяціў крыж і адслужыў каля яго святую Імшу. Адбылося гэта 1 мая 1994 года. Гэта было першае адкрытае набажэнства ў Падсвіллі пасля доўгіх гадоў бязвер’я.

Пасля па ініцыятыве ксяндза Люцыяна вернікі сталі збірацца каля гэтага крыжа на маёвае набажэнства. “Памятаю, як старэнькія бабулькі станавіліся каленямі на зямлю, шчыра так маліліся, як даўней было прынята,” – успамінае спадарыня Ядзя і працягвае:

– Праваслаўнага храма ў той час у Падсвіллі таксама не было, таму праваслаўным далі пакой для малітвы ў дзіцячым садку. І мне прыйшла думка, што як гэта, праваслаўным далі, а нам не?! Я загітавала гэтых бабак, і яны пайшлі ў сельсавет да нашага кіраўніка і сталі прасіць яго, каб і нам далі які пакой. Бо тады ў садку адзін будынак зачынілі, і там былі пустыя памяшканні.

І вернікам з Падсвілля выдзелілі тады вялікі пакой. Першая Імша ў ім адбылася на Божае Нараджэнне ў 1994 годзе. Набажэнствы сталі рэгулярнымі, і з кожнай Імшой тут збіралася ўсё больш вернікаў. Ксёндз Люцыян нават лаўкі замовіў для гэтага памяшкання, яны і зараз знаходзяцца ў новым храме.

Святую Імшу адпраўляе кс. Люцыян Паўлік. 1994 год. Фота з архіва Ядвігі Мацюшонак

Але так працягвалася нядоўга, бо садку спатрэбіўся гэты пакой. І вернікаў папрасілі яго пакінуць. А замест яго далі іншы, які быў меншы. Было ў ім вельмі цесна, нават Камунію прыняць стала вельмі праблематычна.

– Тады ксёндз Люцыян мне кажа: “Ядзя, трэба будаваць касцёл”. Ён ведаў, што я змагу гэта арганізаваць. Я тады працавала ў будаўнічай арганізацыі дыспетчарам, а мой муж – начальнікам. У мяне былі тады магчымасці, усё ў руках было.

А ў нас на гэтым месцы, дзе зараз капліца, стаяла крама гаспадарчая, якая ўжо не працавала. Будынак пуставаў. Я пайшла да кіраўніцтва гандлёвай арганізацыі і папрасіла начальніцу Таісію Гужонак, каб нас туды пусцілі. А яна мне кажа: “Купляйце!”

Я адразу званю кс. Люцыяну і кажу яму: прадаецца будынак крамы, што будзем рабіць? Ён мне адказвае: “Чакай, хутка прыеду!” Вось ён прыехаў, паглядзеў і сказаў, што будзем купляць.

Люцыян не даваў нам прадыху

Вернікам назвалі цану – трыццаць мільёнаў на тыя грошы. Людзі пачалі збіраць сродкі. Калі яны былі амаль сабраныя, кошт будынка падняўся да трыццаці пяці. Нягледзячы на гэта, будынак крамы мы купілі. Як сцвярджае Ядвіга Мацюшонак, асноўную частку грошай ксёндз Люцыян даў са сваіх зберажэнняў.

– І вось набылі мы будынак, кс. Люцыян даў нам каляровае шкло, якое і зараз у гэтай капліцы. Перарабілі мы вокны. Людзі вельмі нам дапамагалі. Не толькі з Падсвілля, але і з Галубічаў, іншых навакольных вёсак. Шмат хто прыязджаў у пяць гадзін раніцы, да працы, каб дапамагчы.

А як сцены абшывалі! Прыехала людзей шмат на конях. Тады людзей багата яшчэ ў вёсках было! Вось хочацца ўспомніць і Антона Сабыніча, і Франака Бельскага з Галубічаў, і шмат каго яшчэ. Цікава было, будавалі, усе дапамагалі. Люцыян не даваў нам прадыху ніякага. Зранку звоніць – і давай наперад.

І вось дабудавалі мы капліцу. Колькі было людзей, колькі было радасці!

Так зараз выглядае капліца. Сакавік 2019 года. Фота Змітра Лупача

Імша ў капліцы. Фота з архіва Ядвігі Мацюшонак

Вельмі доўга выбіралі месца

У гэтай капліцы падсвільскія парафіяне маліліся паўтара дзясятка гадоў, аж пакуль не пабудавалі новы храм. Вось што распавяла нам Ядвіга Мацюшонак пра гэта будаўніцтва:

– Аднойчы ксёндз Люцыян кажа, што трэба будаваць новы касцёл. Тут якраз хатка побач прадавалася, і ён яе купіў на плябанію. А каб пачаць будоўлю, трэба спачатку было зарэгістраваць парафію.

Вось ксёндз і кажа мне, каб я збірала жанчын, і мы ехалі да кардынала. Кардынал Казімір Свёнтэк прыязджаў тады ў Мёры, і мы туды паехалі. Калі ён выходзіў з касцёла і падыходзіў да машыны, мы ўсе ўкленчылі, сталі плакаць і прасіць, каб нам дапамаглі зарэгістраваць парафію. Ён нас паблаславіў, узяў папку і сказаў, каб чакалі адказу. І гэты адказ хутка прыйшоў – наша парафія стала зарэгістраваная.

Пасля паўстала пытанне пра месца, дзе будаваць храм. Столькі мы з кс. Паўлікам адхадзілі ў райвыканкам!..

На самым пачатку хацелі будаваць касцёл на старых падмурках. Але побач людзі набудавалі ўжо гаражоў. Нам тады ўпаўнаважаная па справах рэлігій Таццяна Савуліч і кажа: які ў вас будзе тут касцёл, калі людзі вас клясці будуць? Трэба ж людзей прымусіць прыбраць гэтыя гаражы. А там іх больш за дваццаць. Таму будаваць на старым месцы не выпадала.

Далі нам спачатку ўчастак на скрыжаванні, на ўездзе ў пасёлак. Там яшчэ стары будынак польскі стаяў, яго трэба знесці было. Знеслі. Але той участак не падабаўся кс. Люцыяну, і мы вырашылі, што там будаваць не будзем.

Потым далі нам участак, дзе будынак сельсавета раней быў. Зноў мы прыбралі гэты стары будынак, каб на яго месцы будаваць касцёл. Але і той участак не падабаўся ксяндзу Люцыяну: з двух бакоў дарогі, месца нізкае. А пабудаваць побач з плябаніяй не выпадала, бо надзел малы.

Тут першапачаткова планавалі будаваць храм

І тут так здарылася, што ў суседняй хаце памірае чалавек. Мы таксама гэту хату купілі. І хуценька за адну ноч яе прыбралі.

Ксёндз Люцыян тады ўжо стары быў, ведаў, што не шмат яму жыць засталося. Таму ганяў мяне: давай хутчэй будзем пачынаць будаваць. Ён на гэту справу шмат сваіх грошай ахвяраваў, сам еў толькі кашу рысавую, быў непатрабавальны да ежы.

Пачалі мы будаваць касцёл без праекту. Вядома, парушэнне. Але ў Віцебску праект рабілі, а мы падмурак заліваць ужо пачалі.

Як ксёндз Чэслаў перасунуў падмурак

– Ксёндз Люцыян хацеў крыху змяціць падмурак касцёла адносна таго месца, дзе ён стаіць цяпер. А ксёндз Чэслаў Курэчка, які ў той час працаваў у нас, быў супраць гэтага.

І вось прыехаў ксёндз Люцыян, сеў на крэсла, загнаў калочак – тут трэба, каб быў вугал касцёла. А ксёндз Чэслаў мне кажа: “Ядзя, займі чым ксяндза Люцыяна”. Я яго заняла нейкай размовай, а ксёндз Чэслаў тым часам на два метры калочак аднёс. Кс. Люцыян гэта не заўважыў, так касцёл наш і стаіць цяпер.

Пры ім у нас жыццё кіпела

Наогул парафіяне вельмі цёпла ўспамінаюць тыя часы, калі кс. Чэслаў Курэчка працаваў у Падсвіллі.

– Пры ім жыццё ў нас кіпела, – згадвае спадарыня Ядзя. – Адбудзецца Імша, а ксёндз Чэслаў запрашае:”Пойдзем, дзяўчаты, кавы пап’ём”. А ў мяне мама хворая, трое ўнукаў, карова на полі, даіць трэба. Таму я хуценька давай хапаць каву гарачую. А ксёндз: “Сядзь, Ядзя, спакойна папі, на хаду каву ніхто не п’е, паразмаўляць трэба. Няма чаго спяшацца! Паспееш!”

Камень з малітвай, які ўсталяваў кс. Чэслаў Курэчка. Фота Змітра Лупача

А аднойчы мы вырасцілі да 8 Сакавіка шмат цюльпанаў. І ксёндз нас прымусіў ехаць на базар, гандляваць імі. І мы паехалі! Пазней за гэтыя грошы паставілі прыбудову цагляную да плябаніі і пліту тут зрабілі.

Ён кожную птушку ведаў, як называецца, кожную кветачку… З кожным лісточкам, бывала, паразмаўляе. Арганізатар добры быў, ніколі нам не даваў сумаваць. У яго тут планы былі, ого! Але яго перавялі ў іншае месца, дык не паспеў.

Гэту сажалка з’явілася тут па ініцыятыве кс. Чэслава Курэчкі. Фота Змітра Лупача

З Ядвігай Мацюшонак згодны і старшыня парафіяльнай рады Антон Чарны. Ён кажа, што, каб ксяндза Чэслава адсюль не перавялі, то, цалкам магчыма, і Падсвілле зараз выглядала б па-іншаму.

Па ініцыятыве ксяндза Чэслава быў пастаўлены камень на месцы старога касцёла. А зараз вернікі лічаць, што трэба там паставіць і крыж. “Усё ж намоленае месца, святое,” – кажа Антон Чарны.

Камень на месцы былога касцёла ў Падсвіллі. Фота Змітра Лупача

Двойчы залівалі падмурак

Ядвіга Мацюшонак распавяла, як на пачатку будаўніцтва іх напаткала няўдача:

– Трэба заліваць падмурак. Нанялі мы нейкую брыгаду з Глыбокага для гэтай працы. Не было там ніякага прараба, нікога старэйшага, хто б адказваў за гэта. А залівалі яны падмурак па выхадных: зальюць частку, яна стаіць так да наступных выхадных. Бетон вазілі мы з Фарынава гатовы.

І вось ёсць падмурак, знайшлі мы ўжо брыгаду будаваць храм далей. Трэба ж грошы шукаць! Ксёндз Люцыян быў марыянінам, неаднаразова звяртаўся ён у Польшчу да кіраўніцтва свайго ордэна. І нарэшце нам дапамаглі – далі дзве тысячы еўра. Астатнія сродкі даў ксёндз Люцыян са сваіх асабістых ашчаджэнняў і нашы парафіяне. Больш нам ніхто не дапамог.

Прыязджае брыгада будаваць, прараб ключом ад аўтамабіля пакалупаў падмурак – крышыцца! Бетон няякасны аказаўся. А я ж не прараб, не будаўнік, адкуль я магла ведаць!? І ксёндз Люцыян, хоць і адказваў за гэту будоўлю, таксама ж не прафесійны будаўнік!

Тут прараб кажа, што ён не будзе храм на такім падмурку будаваць, нельга гэтага рабіць, ён стаяць не будзе, разваліцца.

Я тады так знервавалася, так расстроілася, што ж людзі скажуць? Чалавек жа дасць 5 рублёў, а спытае як за мільён, куды грошы падзела? Аднаму Богу вядома, колькі я слёз выплакала. І людзі мяне папракалі: во набудавала!

І давялося падмурак разбураць. А недзе пяць тысяч долараў на гэта ўжо было патрачана!

Ксёндз Люцыян тады мне сказаў: “Ядзя, не плач! Хрыста людзі ўкрыжавалі, а ты хочаш, каб цябе не асудзілі. Я ўсё разумею. Трэба разбураць – значыць, разбурайце!”

І мы ўвесь гэты падмурак адбойнымі малаткамі разбурылі і знеслі.

Будаўніцтва новага касцёла. Здымкі з архіва парафіі

Дзякуем за новага пробашча

Праўда, з Божай дапамогай новы храм у Падсвіллі быў пабудаваны. Будаваўся ён не так хутка, як хацелася б. Не хапала фінансавых сродкаў, у парафіі часта мяняліся святары. Тым не менш у 2010 годзе вернікі перайшлі на малітву ў новую святыню. А ў 2011 годзе адбылося яе асвячэнне. Урачысты абрад правёў біскуп Уладзіслаў Блін. Пробашчам тут у той час быў кс. Андрэй Кулік. Пры ім і была завершаная доўгая справа пабудовы святыні ў Падсвіллі.

– Вось толькі цэгла наша беларуская аказалася няякаснай, стала сыпацца, – кажа спадарыня Ядвіга, – і вежу ўжо давялося рамантаваць.

Далей яна дадае:

– Але мы за ўсё ўдзячныя Богу. А яшчэ перадайце праз газету вялікую падзяку біскупу Алегу і ксяндзу-дэкану Мікалаю за нашага новага пробашча ксяндза Віталя. Мы адразу пабачылі, што ў нас будзе добры пробашч. Па ўсім відаць. Таму вельмі дзякуем і спадзяёмся, што з новым святаром у нас будзе ўсё добра!

Можна яшчэ шмат што распавесці пра гісторыю і жыццё Падсвільскай парафіі. Як ужо было сказана вышэй, пра гэта можна напісаць цэлую кнігу. Спадзяёмся, што так і атрымаецца!

Антон Чарны і Ядвіга Мацюшонак з праектам добраўпарадкавання прыкасцельнай тэрыторыі. Фота Змітра Лупача

Антон Чарны побач са сваім дызайнерскім праектам. Гэты камень спачатку хацелі вывезці, а потым пабачылі, які ён прыгожы! Фота Змітра Лупача

***

Аўтар выказвае падзяку Ядвізе Мацюшонак за цікавы расповяд, а таксама Кастусю Шыталю за дапамогу ў напісанні гістарычнай часткі.

Зміцер Лупач

для друку для друку