З нагоды юбілею каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай устаноўлены поўны адпуст

8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Санктуарый на Яснай Гары атрымаў прывілей поўнага адпусту, звязаны з 300-годдзем каранацыі цудатворнага абраза Маці Божай, паведамляе niedziela.pl

Спецыяльны дэкрэт з гэтай нагоды перадаў падчас святой Імшы ў капліцы Маці Божай прэлат Кшыштаф Нікель, рэгент Апостальскай Пенітэнцыарыі. У дакуменце, у прыватнасці, падкрэсліваецца, што дар адпусту можна атрымаць, удзельнічаючы ў святых абрадах перад каранаваным абразом Маці Божай. Яшчэ адной умовай зʼяўляецца малітва аб вернасці Польшчы Хрысту і новых пакліканнях, а таксама малітва ў абарону сямʼі.

— Прынашу вам асаблівы дар Папы, якім зʼяўляецца поўны адпуст для ўсіх пілігрымаў, хто на працягу юбілейнага года, поўны глыбокай пашаны, наведае Яснагурскі Санктуарый, духоўную сталіцу нашага народа, – сказаў у пропаведзі прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.

Ён заахвоціў усіх да поўнага аддання сябе Беззаганнай Панне Марыі, так, як гэта зрабілі ў свой час св. Максіміліян Кольбэ і св. Ян Павел II. «Мы ўручаем Марыі нашу сучаснасць і нашу будучыню, як гэта зрабіў Ян Павел II, сын польскай зямлі, які няспынна нагадваў кожнаму чалавеку, што ён быў адкуплены Хрыстом і таму не баіцца адкрыць сэрца для Яго векавечнай любові», – сказаў ён.

Юбілейныя ўрачыстасці, звязаныя з 300-годдзем каранацыі абразы, працягнуцца да 8 верасня 2017 года. «Я спадзяюся, і аб гэтым нам трэба маліцца разам, што такім чынам палякі зноў запросяць Марыю ў свой дом, да сваёй сямʼі, у сваё жыццё, каб Яна на самай справе стала нашай Царыцай, каб стала мастом, які вядзе да Бога», – падкрэсліў кс. Кшыштаф Нікель.

Ён заахвочваў «каранаваць Марыю жывой каронай нашых духоўных дароў ці канкрэтных учынкаў апостальства, нашымі чыстымі сэрцамі, абнаўленнем жыцця ў духу Евангелля, можа – споведзі пасля многіх гадоў, прымірэннем з кім-небудзь пасля працяглага канфлікту, пазбаўленне ад алкаголю, парнаграфіі, – ці, можа, простай малітвай на ружанцы».

«Усе мы – брыльянты ў Яе кароне», – падкрэсліў прадстаўнік Ватыкана.

для друку для друку