З чаго пачаць шлях да Бога?

Power-of-The-Rosary“Мяне хрысцілі ў царкве. Бацька – каталік, маці – праваслаўная. Атрымлівалася, што хадзіла і ў царкву, і ў касцёл. Тры гады таму была ў пілігрымцы ў Ватыкан. Цяпер разумею, што хачу хадзіць у касцёл, чытаю малітоўнік. З чаго пачынаць шлях да Бога і Касцёла?”

Інэса

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD (Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску):

– Пастаўленае пытанне паказвае спецыфіку хрысціянства ў нашай краіне. Мірнае суіснаванне розных хрысціянскіх канфесій ў Беларусі абумоўлена геаграфічным становішчам і гістарычнымі працэсамі, якія ўзбагацілі жыхароў нашай краіны дзякуючы пранікненню як усходняй, так і заходняй традыцый.

Абедзве пакінулі матэрыяльны і духоўны след (помнікі архітэктуры, літаратуру, культурную спадчыну, звычаі, і, канешне, шлях да Бога). У выніку на беларускай зямлі католікі і праваслаўныя не толькі жывуць мірна побач адно аднаго, але і яднаюцца паміж сабою праз змешаныя шлюбы. Такія сем’і, дзе адзін бок – каталіцкі, а другі – праваслаўны сустракаюцца з патрэбай вырашэння пытанняў рэлігійнага характару. І хоць абодва веравызнанні вельмі блізкія дактрынальна, тым не менш часам узнікаюць таксама праблемы, звязаныя з практыкаваннем веры і рэлігійным выхаваннем дзяцей.

Калі сужэнцы глыбока вераць і жывуць згодна з вызнаванай верай, а таксама сваім уласным прыкладам перадаюць яе дзецям, то гэта вядзе да збаўлення. Часта, жадаючы запэўніць гарманічнае ўзрастанне ў веры, сужэнцы выбіраюць сабе і сваім дзецям адну дарогу да Бога. Бывае і так, што бацькі ў змешаных сем’ях хрысцяць дзяцей, аднак не вядуць глыбокага рэлігійнага жыцця і такім чынам недастаткова спрыяюць развіццю веры.

Чалавек уключаецца ў Касцёл праз хрост, які ёсць падставай супольнасці паміж усімі хрысціянамі, а таксама з тымі, якія яшчэ не маюць поўнай камуніі з Каталіцкім Касцёлам (пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла 1271). Кожны чалавек мае права на рэлігійную свабоду. У дакументах Касцёла чытаем: “Адзін з асноўных прынцыпаў каталіцкага вучэння, якое змешчана ў Божым слове і заўсёды прапаведвалася Айцамі Касцёла, заключаецца ў тым, што чалавек павінен адказваць Богу верай добраахвотна. Таму нікога нельга прымушаць прыняць веру. Акт веры па сваёй сутнасці з’яўляецца добраахвотным, бо чалавек, адкуплены Хрыстом-Збаўцам і пакліканы праз Езуса Хрыста да ўсынаўлення, не можа прыйсці да Бога, які адкрывае Сябе, пакуль пад кіраўніцтвам Айца не выкажа Богу разумную і свабодную паслухмянасць веры” (Дэкларацыя Другога Ватыканскага Сабору пра рэлігійную свабоду 10). Важна, каб выбіраючы веравызнанне, перш за ўсё шукаць Бога, а не абмяжоўвацца тым, што знешняе.

Асобе, якая атрымала хрост у Праваслаўнай Царкве і жадае прыступіць да поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам, пажадана звярнуцца да святара мясцовай Рыма-каталіцкай або Грэка-каталіцкай парафіі. Ксёндз дапаможа абраць адпаведны шлях, які датычыцца канкрэтнага чалавека. Вельмі важным можа стаць спатканне з манахіняй або з вернікам супольнасці, якія маюць патрэбную падрыхтоўку. Перш чым прыступіць да поўнай еднасці з Касцёлам, трэба пазнаць праўды веры і прынцыпы жыцця ў Касцёле. Важна памятаць, што рэлігійным жыццём кіруе Дух Святы, Які дапамагае чалавеку адкрыцца на Бога і вядзе яго па шляхах веры. У дарозе да Бога вялікую ролю адыгрывае супольнасць вернікаў, якая падтрымлівае ў працэсе хрысціянскай фармацыі. Наступным крокам павінна стаць паглыбленне каталіцкага веравучэння, чытанне Божага Слова, асабістая і супольная малітва, а пазней – паступовы ўваход у літургічнае жыццё супольнасці, г. зн. удзел у святой Імшы, набажэнствах і падрыхтоўка да прыняцця сакрамантаў.

Не толькі на пачатку пазнання Касцёла, але і пазней вялікай дапамогай паслужыць духоўны кіраўнік (найчасцей святар), які спадарожнічае верніку ў яго дарозе яднання з Богам. Кожнае паклінанне, таксама і да веры, патрабуе часу і цярпення, каб яно магло ўзрастаць. Дарога да Бога – гэта шлях да Любові, па якім трэба ісці адважна і з даверам свайму сэрцу, з’яднанаму з Хрыстом.

для друку для друку