З Богам у плыні часу

Дыскусійны моладзевы клуб «Логас» існуе пры культурна-рэлігійным цэнтры віцебскага катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага з 2013 года. Паўдзельнічаць у размовах на тэмы культуры, грамадства, рэлігіі, навукі збіраюцца тут людзі розных узростаў, веравызнанняў, прафесій, творчых схільнасцяў і прыярытэтаў.

Паводле словаў кіраўніка клуба Аляксандра Крукава і адной з яго актыўных удзельніц Яўгеніі Ізотавай, вырас ён на грунце моладзевага душпастырства «РАЗАМ», створанага ў 2006 годзе пры касцёле святой Барбары. Таму і стрыжань «Логаса» — людзі, якія дзясятак гадоў таму актыўна ўдзельнічалі ў тым душпастырстве.

Канфесійны склад клуба не аднародны. Прыходзяць на пасяджэнні і католікі, і праваслаўныя, і атэісты. Прыходзяць, каб абмеркаваць важныя праблемы культуры, сумесна пашукаць адказы на пытанні, якія ставіць перад чалавекам час. Галоўнае падчас такіх абмеркаванняў — пошук, выяўленне таго, што можа яднаць людзей, рабіць існаванне кожнага і ўсіх больш асэнсаваным, радасным, пазітыўным. «Логас» — клуб людзей крэатыўных, якія хочуць развівацца і маюць для гэтага добры запас энергіі і ведаў, пра што сведчыць і тэматыка пасяджэнняў.

Размовы пра паходжанне мастацтва і кірункі развіцця сучаснага жывапісу, пра асновы антрапалогіі святога Фамы Аквінскага, праблемы сям’і, суадносіны рэлігіі і духоўнасці, ролю каталіцкіх манаскіх ордэнаў у культурным і асветніцкім жыцці Віцебска, архітэктурныя помнікі і святыні горада — вось далёка не поўны пералік абмеркаваных падчас пасяджэнняў тэмаў. Дык і не дзіўна пры такой разнастайнасці, што, здараецца, часам прыязджаюць на сустрэчы людзі з іншых гарадоў Беларусі і вобласці — Мінска, Оршы, Гарадка і інш.  

Карыстаюцца папулярнасцю ў наведнікаў клуба пасяджэнні з удзелам віцебскіх музыкаў, літаратараў, мастакоў. Надоўга запомніліся ўсім выступленні паэткі Людмілы Сіманёнак, аўтара і выканаўцы песняў Міхаіла Рубіна, выкладчыка музычнай школы, гітарыста Аляксандра Салавяна, дуэта выканаўцаў аўтарскай песні «Доля». Цікавым досведам сталася наведанне  майстэрні мастакоў Аляксандра Слепава і Андрэя Жыгура, знаёмства з набыткамі прадметаў матэрыяльнай культуры калекцыянераў Уладзіміра Уданоўскага і Аляксандра Крукава. 

Асобна варта адзначыць сустрэчы наведвальнікаў клуба з асобамі кансэкраванымі або тымі, хто паводле прафесійнай прыналежнасці займаецца даследаваннем і папулярызацыяй духоўных каштоўнасцяў: такімі, як, напрыклад, святар віцебскай грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстова Зміцер Грышан, манах дамініканскага ордэну а. Віталь Сапега, праваслаўны святар Аляксандр Кавалёў, магістр рэлігійных навук Яўгенія Аляксеенка. Нікога не пакінула абыякавым сустрэча з будыйскай манахіняй Ані Тэнзін Лхадзэ — адзінай беларускай (паходжаннем з Віцебска, дарэчы), якая атрымала манаскія шлюбы ў самога Далай-ламы XIV.

Скіраваную на духоўнае ўзрастанне працу кіраўніцтва клуба мае намер працягваць і надалей, пашыраць як тэматычна, так і ў плане ахопу ёю як мага большай колькасці асобаў. Безумоўна, паколькі клуб дзейнічае пры касцёле, тэматычна ў першую чаргу за кошт тэмаў рэлігійнага зместу, не забываючыся пры гэтым і пра значнасць іншых, такіх, як, напрыклад, тэма захавання гістарычнае памяці ці асаблівасцяў развіцця роднай мовы ў сітуацыі білінгвізму. А натхнення арганізатарам «Логаса» хапае, і святары, якія апякуюцца катэдральным касцёлам Езуса Міласэрнага, у прыватнасці пробашч тутэйшай парафіі кс. Андрэй Аніскевіч, ставяцца да духоўных патрэбаў моладзі з разуменнем.

ave-maria.by

для друку для друку