З Апостальскай адгартацыі Папы Францішка Amoris laetitia пра выхаванне дзяцей

287. Выхаванне дзяцей павінна ахопліваць працэс перадавання веры, які сустракаецца з цяжкасцямі з увагі на сучасны стыль жыцця, гадзіны працы, а таксама складанасць сённяшняга свету, у якім многія асобы жывуць у шалёным тэмпе, каб нейкім чынам выжыць[1]. Але, нягледзячы на гэта, сям’я павінна застацца месцам, у якім мы вучымся заўважаць матывы і прыгажосць веры, малітвы, а таксама служэння іншым.

Распачынаецца гэта з хросту, праз які, як сказаў св. Аўгустын, маці, якія выхоўваюць сваіх дзяцей, „супрацоўнічаюць [з Касцёлам] у гэтым святым нараджэнні”[2]. Затым распачынаецца працэс развіцця гэтага новага жыцця. Вера — гэта дар Бога, атрыманы праз хрост, а не вынік дзеяння чалавека, аднак бацькі з’яўляюцца прыладамі Бога, якія дапамагаюць у яе сталенні і развіцці. Таму „прыгожа, калі маці вучаць малых дзяцей пасылаць пацалункі Езусу або Маці Божай. Колькі ж у гэтым пяшчоты! У такія моманты сэрца дзяцей становіцца месцам малітвы”[3].

Перадаванне веры прадугледжвае, што бацькі рэальна адчуваюць давер да Бога, шукаюць Яго, адчуваюць патрэбу ў Ім, бо толькі такім чынам „з пакалення ў пакаленне будуць хваліць Яго справы і абвяшчаць Яго магутнасць” (пар. Пс 145 (144), 4) i „айцец дзецям абвяшчае Яго вернасць” (пар. Iс 38, 19). Для гэтага неабходна нашая малітва аб дзеянні Бога ў сэрцах, там, куды мы не можам дасягнуць.

Гарчычнае зерне, вельмі маленькае насенне становіцца вялікім дрэвам (пар. Mц 13, 3132), i праз гэта мы бачым дыспрапорцыю паміж дзеяннямі і іх вынікам. Тады прызнаём, што не з’яўляемся ўладальнікамі дару, але яго клапатлівымі распарадчыкамі.

Аднак дзякуючы нашаму творчаму высілку мы можам супрацоўнічаць з ініцыятывай Бога. Таму „трэба паклапаціцца аб тым, каб цанілі сужэнства, маці i айцоў, як актыўных суб’ектаў катэхезы <…>. Вялікай дапамогай з’яўляецца сямейная катэхеза як эфектыўны метад фарміравання маладых бацькоў, каб яны ўсвядомілі місію евангелізатараў уласнай сям’і”[4].

288. Выхаванне ў веры ўмее дастасавацца да кожнага дзіцяці, бо набытыя інструменты ці рэцэпты часам не дзейнічаюць. Дзецям патрэбныя сімвалы, жэсты, аповеды. Падлеткі часта перажываюць крызіс у адносінах да інстытуцый ці нормаў. Таму неабходна абуджаць іх асабісты досвед веры і даваць ім выразнае сведчанне, што ўжо прыцягвае сваёй прыгажосцю. Бацькі, якія жадаюць падтрымліваць веру сваіх дзяцей, павінны заўважаць змены, якія ў іх адбываюцца, ведаючы, што духоўны вопыт не можа навязвацца, але павінен быць дабравольным. Важна, каб дзеці бачылі, што для іх бацькоў малітва сапраўды з’яўляецца важнай. Таму хвіліны сямейнай малітвы і праяўленні народнай пабожнасці могуць мець большую евангелізацыйную моц, чым розныя катэхезы і ўсялякія прамовы. Хачу асабліва падзякаваць усім маці, якія няспынна моляцца, як св. Моніка, за дзяцей, якія адышлі ад Хрыста.

289. Перадаванне веры дзецям, у сэнсе яе больш лёгкага выяўлення і развіцця, дазваляе сям’і стаць прыладаю евангелізацыі і спантанна пачаць перадаваць яе ўсім, хто становіцца ёй блізкім, таксама паза сямейным асяроддзем. Дзеці, якія вырастаюць у місійных сем’ях, часта становяцца місіянерамі, калі бацькі здольныя перажываць гэтае заданне так, каб іншыя лічылі іх блізкімі і прыяцелямі і каб дзеці раслі ў такім жа стаўленні да свету, не адмаўляючыся ад сваёй веры і сваіх перакананняў.

Памятайма, што сам Езус еў і піў з грэшнікамі (пар. Mк 2, 16; Mц 11, 19), мог затрымацца, каб паразмаўляць з самаранкай (пар. Ян 4, 726), i прыняць ноччу Нікадэма (пар. Ян 3, 121), дазволіў, каб яго ногі намасціла чужаложніца (пар. Лк 7, 3650), i не ўхіляўся ад дотыку хворых (пар. Mк 1,4045; 7, 33).

Тое ж рабілі Яго апосталы, якія не пагарджалі тымі, хто быў замкнёны ў малых групах выбраных асобаў, адрэзаных ад жыцця людзей. Хоць улады пераследвалі іх, усе ім сімпатызавалі (пар. Дз 2, 47; 4, 21.33; 5, 13).

290. „Такім чынам сям’я становіцца суб’ектам пастырскай дзейнасці дзякуючы непасрэднаму абвяшчэнню Евангелля і перайманню разнастайных формаў сведчання: салідарнасці з беднымі, прыняцце разнастайнасці асобаў, аховы стварэння, маральнай і матэрыяльнай салідарнасці з іншымі сем’ямі, асабліва з найбольш патрабуючымі, актыўнасці ў пашырэнні агульнага дабра, таксама праз перамену несправядлівых грамадскіх структур, распачынаючы з тэрыторыі, на якой жыве, практыкуючы ўчынкі міласэрнасці для цела і душы”[5]. Усё гэта трэба змясціць у кантэксце самага каштоўнага пераканання хрысціянаў — любові Айца, які падтрымлівае нас і прычыняецца да нашага развіцця; любові, прадстаўленай у абсалютным дары Езуса Хрыста, які жыве сярод нас і робіць нас здольнымі справіцца разам з усімі бурамі і ўсімі этапамі жыцця. Таксама ў сэрцы кожнай сям’і, у кожным зручным і нязручным моманце павінна гучаць керыгма, каб асвятляць дарогу. Каб усе мы змаглі сказаць, зыходзячы з таго, што дасведчылі ў сваіх сем’ях: „І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог” (1 Ян 4, 16). Толькі на падставе гэтага досведу сямейнае пастырства зможа прычыніцца да таго, каб сем’і былі адначасова хатнімі Касцёламі і евангельскай закваскай у грамадстве.

Пераклад Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў
і афіцыйных дакументаў Касцёла
Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

ave-maria.by

для друку для друку