З Аглоны ў Аглону: 100 дзён у шляху і малітве

Неўзабаве лета — пара пілігрымак. А здаралася вам удзельнічаць у пілігрымцы, якая доўжыцца 100 дзён? Сто дзён у шляху і малітве да стагоддзя незалежнасці Латвіі. Такую амбіцыйную мэту паставілі арганізатары паломніцтва-падзякі ўздоўж межаў краіны, якое пачалося з Аглоны, піша Vatican News.

Нацыянальны Марыйны санктуарый — гэта не толькі пачатковы пункт, але і мэта, якую дасягнуць паломнікі 13 жніўня. У нядзелю, 6 мая 2018 года з Аглоны адправілася каля 20 пілігрымаў, а ўжо праз дзень група вырасла больш чым удвая. У сярэднім паломнікам даводзіцца пераадольваць па 17,5 км у дзень. Цяпер яны рухаюцца на поўдзень да мяжы з Беларуссю. Далей пойдуць на ўсход і поўнач, затым на захад да ўзбярэжжа Балтыйскага мора. У Рыгу павінны прыбыць у сярэдзіне чэрвеня.

Ініцыятар гэтага юбілейнага праекта — а. Арніс Мазілеўскіс, настаяцель у Бебрэнесі (Елгаўская дыяцэзія). Ён растлумачыў, што гэта сімвалічная падзяка Богу за радзіму, яе незалежнасць і мову. Менавіта таму ён паклікаў не толькі католікаў, але і ўсіх хрысьціянаў да ўдзелу ў пілігрымцы. Святар разумеў, што далёка не ўсе людзі могуць сабе дазволіць — як фізічна, так і па часе — тры месяцы падарожжа, таму прапанаваў, каб жадаючыя далучаліся да групы хоць бы на адзін-два дні. Таксама з радасцю будуць прынятыя валанцёры, адказныя за лагістыку. Суправаджаць паломнікаў можна духоўна, у прыватнасці на Facebook.

для друку для друку