Юныя артысты з Мар’інай Горкі наведалі жыхароў Пухавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната

Трэці год запар удзельнікі вакальна-харэаграфічнага гурта “Пухавіцкія пярлінкі” касцёла Святога Антонія, што ў Мар’інай Горцы, дзеляцца радасцю Божага Нараджэння з жыхарамі Дзяржаўнай установы “Пухавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат”.

1 студзеня, пасля нядзельнай Літургіі ў касцёле, дзеці разам з пробашчам Генрыхам Кучынскім прыехалі сюды, каб паказаць музычную інтэрпрэтацыю вядомай казкі “Марозка”. Шчыра і адкрыта юныя артысты данеслі да гледачоў думку, што Бог знаходзіцца побач, і Немаўлятка працягвае да нас Свае рукі, поўныя любові. Хрыстус чакае, каб мы прыйшлі да Яго, выйшлі Богу насустрач.

Усхвалявана і трапятліва хлопчыкі і дзяўчынкі распавялі пра цуд Божага Нараджэння. Удзельнікі гурта жадалі жыхарам гэтай установы цяплыні і дабрыні, супакою і радасці. “Няхай сёння ў вашым доме і ў кожным з вас не будзе халадней, чым у тых яслях, і памятайце, што цуд магчымы! Бог вечна з намі!”

Сняжана Буцук

для друку для друку