Яшчэ раз пра споведзь

spowiedzПачатак лістапада для католікаў і беларускіх праваслаўных звязаны з успамінам памерлых. Малітоўная памяць — гэта адзінае, чым мы можам дапамагчы тым, хто адышоў з гэтага свету. Гэтыя дні таксама заахвочваюць задумацца пра стан нашай душы.

Перад урачыстасцю Усіх Святых (1 лістапада) і Успамінам памерлых вернікаў (2 лістапада) тым, хто дасягнуў сямігадовага ўзросту, варта паспавядацца. Калі яны гэтага ніколі раней не рабілі, неабходна прайсці адпаведнае навучанне і звярнуцца ў бліжэйшы касцёл.

Споведзь па-іншаму называюць сакрамантам пакаяння і паяднання. Спавядацца трэба не менш чым раз на год. Звычайна, цяжкія грахі могуць быць прабачаны толькі падчас споведзі. Спавядацца можна толькі ў святара, якога мы самі сабе выбіраем.

Каб атрымаць прабачэнне цяжкіх грахоў, неабходна іх назваць святару. Таму было б памылкай ісці на споведзь без падрыхтоўкі. Яна заключаецца ў малітве і ўспамінанні сваіх грахоў. Такую падрыхтоўку называць рахункам сумлення або выпрабаваннем сумлення.

Пры рахунку сумлення нам можа спадарожнічаць пэўная схема. Напрыклад, мы па чарзе разважаем пра тое, ці не парушылі адну з дзесяці Божых запаведзей. Некаторыя спрабуюць раздзяліць свае грахі на грахі супраць Бога і супраць бліжняга. Схемы, якія дапамагаюць у выпрабаванні сумлення, можна знайсці ў малітоўніках.

У Божых запаведзях запісана: “Не май іншых багоў”, “Не забівай”, “Не крадзі”… Мы можам падумаць, што раз верым у Бога, нікога не забілі, нічога не ўкралі, то і грахоў у нас няма. Аднак жыццё нам дадзена не толькі дзеля таго, каб не рабіць зла, але ў першую чаргу — каб рабіць дабро. Невыкананне нашых абавязкаў, дабро, якое мы маглі зрабіць, але не зрабілі, — усё гэта можа быць правіннасцю. Напрыклад, дзеці, якія не праведваюць сваіх састарэлых бацькоў, не могуць сказаць, што жывуць праведна.

Рахунак сумлення абуджае шкадаванне за грахі. Грахі, у якіх мы не раскайваемся, не могуць быць нам адпушчаны, нават калі мы і назавём іх падчас споведзі. Іншая справа, калі мы забыліся пра нейкі грэх і не хацелі яго ўтаіць.

Раскайванне за грахі звязана з цвёрдай пастановай выправіцца — жаданнем зрабіць усё магчымае, каб яны не паўтараліся, і прагай змяніць да лепшага сваё жыццё.

Калі надыдзе момант споведзі, а звычайна яна адбываецца перад святой Імшой, неабходна назваць усе цяжкія грахі, якія яшчэ нам не былі прабачаны, і колькі разоў яны былі зроблены. Пажадана называць і лёгкія (штодзённыя) грахі. Пасля гэтага трэба сказаць такія або падобныя словы: “Больш грахоў не памятаю, за ўсе свае грахі шкадую і маю намер выправіцца, прашу вызначыць мне пакуту і адпусціць грахі”. Затым святар пры неабходнасці дае адпаведныя парады, а пасля прызначае пакуту — тое, што неабходна выканаць пасля споведзі, і чытае малітву адпушчэння грахоў.

Такім чынам, умовы добрай споведзі: выпрабаванне свайго сумлення, раскайванне ў грахах і пастанаўленне выправіцца, вызнанне грахоў падчас споведзі, выпраўленне наступстваў зробленых грахоў і выкананне таго, што святар назаве падчас споведзі.

Ксёндз Кірыл Бардонаў для sb.by

для друку для друку