Яшчэ раз пра надзвычайную форму літургіі

Паважаная рэдакцыя Каталіцкага Весніка!
Прачытаў у нумары ад 8.04.2018 г. артыкул “Касцёл і Брацтва Пія Х” пад рубрыкай “Пытанне святару” і са здзіўленнем даведаўся, што нас, г.зн. вернікаў, прыхільнікаў надзвычайнай формы літургіі (а святар – таксама вернік) у Беларусі, аказваецца, вельмі мала або наогул няма (?!) Адчуваю сябе проста абавязаным заявіць, што МЫ ЎСЁ Ж ЁСЦЬ, і нас значна больш, чым здаецца!

Проста ў выніку нездаровых адносінаў да сябе (пра што ніжэй) многія не адважваюцца дэклараваць свае духоўныя ўпадабанні. Працытую ўвесь сказ: “Аднак падаецца, што ў нашай краіне вельмі мала або наогул няма вернікаў, якія б адзначаліся такой прывязанасцю, беручы пад увагу, што Касцёл у Беларусі пасля ІІ Ватыканскага Сабору без перашкодаў перайшоў да здзяйснення сакрамантаў на нацыянальных мовах”.

Пачну з апошняга. Яшчэ з якімі перашкодамі! І далёка не на ўсіх нацыянальных мовах! І справа нават не ў тым, што ў Савецкім Саюзе Касцёл быў у няпростай сітуацыі, знаходзіўся ў пэўнай ізаляцыі ад таго, што адбывалася ў Ватыкане. Проста ў прыродзе доўгі час не існавала тэкстаў новай літургіі менавіта на беларускай мове, толькі польскія (маецца на ўвазе – на нашай тэрыторыі). А гэта спараджала міжнацыянальныя канфлікты паміж вернікамі (не толькі ў Беларусі парафіі дзяліліся праз розныя мовы) або спрыяла паланізацыі ўсіх католікаў, што вельмі негатыўна адбівалася на і без таго складанай пазіцыі Каталіцкага Касцёла, які ўспрымаўся як чужародная арганізацыя. А колькі праблемаў было і па сённяшні дзень застаецца з перакладамі літургічных тэкстаў! Кожны святар быў сам сабе перакладчыкам доўгі час, а зацверджаныя пераклады таксама, мякка кажучы, не ідэальныя. Але гэта зусім іншая тэма…

На працягу многіх гадоў пасля Сабору нават новая літургія паводле польскіх перакладаў служылася ў духу цалкам традыцыйным, тварам на Усход, з захаваннем усёй “старой” пабожнасці, дзякуючы якой вера захавалася ў атэістычныя часы. І калі б з самага дзяцінства маё асабістае знаёмства з каталіцкай верай, у якой я быў ахрышчаны, пачыналася не з Традыцыі, а з сучасных эксперыментаў над літургіяй (якім чамусьці паўсюль даецца “зялёнае святло”), з упэўненасцю магу сцвердзіць, што святаром я б не стаў! Ды й наўрад бы быў частым наведвальнікам касцёла… І не я адзін такі!
Калі на пачатку 90-х я ўступіў у каталіцкі ордэн у Польшчы, то ўпершыню сустрэўся з т. зв. новымі рухамі. Відавочна, што мая традыцыйная пабожнасць усё ж была і застаецца сапраўды каталіцкай, новае для мяне я ўспрымаў добразычліва – як права кожнага ў межах Каталіцкага Касцёла ісці найбольш адпаведным шляхам да Бога, хоць майму светаўспрыманню гэтае новае і не адпавядала. Але я моцна верыў, таму і вытрымаў, таму і прыняў сакрамант святарства, што традыцыйная лацінская літургія і духоўнасць дачакаюцца свайго часу. І сапраўды дачакаліся! Толькі для мяне стала вялізным шокам тое, што дакументы Бэнэдыкта XVI і Папскай камісіі Ecclesia Dei адносна традыцыйнай літургіі былі ўспрыняты многімі прадстаўнікамі духавенства варожа і агрэсіўна. Куды ж падзявалася дэклараваная каталіцкая паслухмянасць Найвышэйшаму Пантыфіку (у адсутнасці якой так горача абвінавачваюць арцыбіскупа Марселя Лефебра і яго паслядоўнікаў)? Для мяне гэта незразумела.

Калі Папа гаворыць: “Можна!”, чаму многія святары далей працягваюць лічыць дасаборную святую Імшу чымсьці састарэлым, забароненым, шкодным, а супрацьстаянне яе адраджэнню – сваім “святым” абавязкам? Чым кіруюцца? Чаго баяцца? Я параіў бы ім проста лепш і больш унікнуць у сэнс “Summorum Pontificum” і каментарыі самога Бэнэдыкта XVI, а таксама “Universae Ecclesiae”.

Паўтаруся: мы ёсць у Беларусі і не патрабуем нічога незаконнага, толькі практычнай рэалізацыі свайго права, пацверджанага Святым Айцом. Тое, што хтосьці можа не ўспрымаць традыцыйную духоўнасць як сваю, я разумею. Ды ніхто нікога да гэтага не прымушае. Але навошта знішчаць маральна (як ледзь не ворагаў народа) тых, для каго яна – як родная маці, што нараджае і захоўвае веру? Дзе элементарная хрысціянская любоў? Міжволі пачынаеш сумнявацца ў сапраўднасці і хрысціянскасці новай пабожнасці, якая навязваецца вернікам, каб толькі яны не зацікавіліся Традыцыяй, дзякуючы якой, аднак, Касцёл праіснаваў столькі стагоддзяў, і якая і сёння многім можа дапамагчы адшукаць свой шлях да Бога. Як апраўдаюцца перад Ім тыя, хто ставіцца да традыцыяналістаў як да католікаў горшага гатунку, з якімі няварта лічыцца, і спіхвае іх на перыферыю каталіцкага жыцця і супольнасці Касцёла, якому яны шмат маглі б даць карыснага, заняўшы больш адпаведнае месца…

З павагай,
а. Міхал Ермашкевіч ОР

Фота Вольга Хруль

P.S. Вышэйнапісанае датычыць не столькі шаноўнага аўтара артыкула, колькі агульнай сітуацыі, замоўчваць якую лічу няправільным.

для друку для друку