Яшчэ раз пра міласэрнасць

milasernascАдным з Божых атрыбутаў з’яўляецца міласэрнасць. Мы ўспамінаем пра Божую міласэрнасць тады, калі адчуваем сваю віну і хочам выправіцца. У свеце існуе нейкі парадак, парушэнне якога пакідае след унутры чалавека. Такіх слядоў можа быць так многа, што ў нас з’яўляецца думка: так болей жыць нельга!

У такім выпадку можа з’явіцца жаданне звярнуцца да стваральніка сусветнага парадку — жаданне ўзнесці свае думкі да Бога.

Міласэрнасць нельга аддзяліць ад сапраўднай любові. Такая любоў бескарыслівая, яна асабліва яскрава праяўляецца, калі мы любім, не патрабуючы нічога ўзамен. Напрыклад, маленькія дзеці, здавалася б, не могуць нічога даць сваім бацькам за тое, што яны іх выхоўваюць, даглядаюць і прысвячаюць ім жыццё. Добрыя бацькі заўсёды міласэрныя, і на словы сваіх дзяцей: “Мама, тата, прабачце, я больш так не буду”, — яны гатовы даваць ім чарговы шанец выправіць свае паводзіны. Чалавек, які звяртаецца да Бога з просьбай аб прабачэнні, калі гэтая просьба шчырая, знаходзіцца ў сітуацыі, падобнай да ўзгаданых сямейных адносін. Просьба да Бога аб міласэрнасці гучыць з вуснаў чалавека быццам дзіцячая просьба: “Прабач, я пастараюся выправіцца”.

Мы нічога не можам даць Богу такога, чаго б Ён ужо не меў. Нельга нічога дадаць да дасканаласці, каб яна стала яшчэ больш дасканалай. Нельга нічога дадаць да ўсемагутнасці, каб яна стала яшчэ больш магутнай. Аднак можна спрабаваць дзякаваць за тое, што мы маем, і прасіць таго, чаго нам не хапае. Прасіць, каб у нас было больш адвагі выбіраць дабро, паколькі кожны выбар адгукаецца ў вечнасці.

У такім імкненні да дабра сапраўдная вера хрысціяніна становіцца даверам. Так, як дзеці давяраюць бацькам, нават калі не разумеюць, чаму менавіта цяпер трэба ісці да доктара, чаму нельга есці толькі салодкае, чаму трэба казаць словы ветлівасці і гэтак далей.

Просячы Бога аб міласэрнасці, мы самі запрошаны праяўляць міласэрнасць і велікадушнасць да іншых.

Да тых, хто нічога не можа даць нам узамен. Аднак кожнае праяўленне міласэрнасці вяртаецца да нас, бо робіць нас больш чалавечнымі.

Ксёндз Кірыл Бардонаў для “СБ”

для друку для друку