Якое ўжыванне нарматыўнае: “прыехаць з Віцебску” ці “прыехаць з Віцебска?”

belmovaУжыванне канчаткаў назоўнікаў другога скланення мужчынскага роду адзіночнага ліку ў родным склоне заўсёды выклікае праблемы, бо ў адных выпадках трэба выкарыстоўваць канчатак —а (-я), у іншых – —у (-ю). І сапраўды, як павінна быць згодна з нормай: з Віцебску ці з Віцебска, з Мінску ці з Мінска? Разнабой назіраецца яшчэ і таму, што беларускі класічны правапіс арыентуе на ўжыванне аднаго канчатка, а стандарт сучаснай літаратурнай мовы патрабуе адваротнага.

Марфалагічныя нормы сучаснай беларускай мовы досыць выразна размяжоўваюць выпадкі выкарыстання названых флексій. Гэта залежыць ад значэння слова і цвёрдасці / мяккасці апошняга зычнага асновы. Так, канчатак —а () будзе нарматыўны, калі назоўнік абазначае: асобу ці іншую жывую істоту (сябра, студэнта, шчупака, ката); канкрэтныя прадметы (сшытка, агурка, трактара, вазона); арганізацыі, прадпрыемствы, установы (прафсаюза, завода, універсітэта); віды спорту і назвы танцаў (футбола, хакея, вальса, бастона); геаграфічныя ці астранамічныя аб’екты (Пінска, Лунінца, Марса, Юпітэра); адзінкі вымярэння (градуса, грама, метра, літра); навуковыя тэрміны і паняцці (сінуса, суфікса, ромба, назоўніка. Але: склону); дні тыдня і месяцы (панядзелка, чацвера, ліпеня, снежня).

Адпаведна з канчаткам —у (-ю) ужываюцца назоўнікі, якія абазначаюць: абстрактныя паняцці (суму, болю, жалю, голаду); грамадскія фармацыі, навуковыя плыні, тэорыі, напрамкі ў мастацтве: капіталізму, дарвінізму, ідэалізму, класіцызму); прасторавыя паняцці (прастору, шляху, лугу, краю); часавыя паняцці (часу, перыяду, этапу, перапынку); з’явы прыроды (дажджу, снегу, туману, агню); рэчывы і хімічныя элементы (напою, цукру, магнію, урану. Але: хлеба, бялка, жаўтка, аўса); зборныя паняцці (лесу, гаю, хмызняку, бярэзніку. Але: узвода, батальёна, дывізіёна).

Калі назоўнік уваходзіць у склад устойлівага спалучэння, то традыцыйна выкарыстоўваецца канчатак —у (-ю): даць маху, звесці са свету, ні слыху ні дыху, носу не паказваць і г.д.

У залежнасці ад лексічнага значэння ў канкрэтным кантэксце канчаткі некаторых назоўнікаў могуць вар’іравацца: сёння – трэцяга лістапада і прыйшла пара лістападу; абляцела лісце з дуба і стол зроблены з дубу; няма пропуска ў інтэрнат і няма ніводнага пропуску заняткаў.

Такім чынам, адказваючы на пастаўленае ў загалоўку пытанне, скажам, што згодна з літаратурнымі нормамі павінна быць: прыехаць з Віцебска. Таксама, напрыклад, трэба ўжываць: госці з Мінска, сябры з Полацка, дэлегацыя з Берліна.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку