Якое служэнне ў Касцёле Вы несяце?

Кожны вернік нейкім чынам клапоціцца пра Касцёл. А якое служэнне ў Касцёле несяце Вы?

Najdzicz Марк Найдзіч SDB:

– Мы павінны клапаціцца не толькі пра Касцёл, але таксама пра ўвесь свет. Пра кожнага чалавека, які патрабуе любові. Бо любоў не раздаецца тым, хто заслугоўвае яе, але тым, хто яе патрабуе. Мне здаецца, што любові яшчэ больш патрабуюць тыя людзі, якія не ў Касцёле. Святыня – не зачынены гатэль. У ёй заўсёды ёсць месца для кожнага.

Я салезіянец кс. Яна Боска. Вучуся ў Славакіі на факультэце хрысціянскай філасофіі і таксама на факультэце сацыяльнай працы з дзецьмі і моладдзю. Тры гады наведваю хлопцаў, якія знаходзяцца ў турме для няпоўнагадовых. Таксама вяду розныя спатканні з моладдзю ў нашым салезіянскім інтэрнаце і араторыі. Хочацца з малітвай і жаданнем адчыняць дзверы нашага Касцёла, служачы кожнаму.

Людмiла Тумашэвiч:Tumaszewicz

– У Касцёл я прыходжу з маленства, таму маё служэнне пачалося рана. Пасля першай Святой Камуніі я адкрыла для сябе, што магу служыць і славіць Пана сваім спевам. Калі паступіла ва ўніверсітэт і пераехала ў Віцебск, то апынулася ў парафіі, дзе існуе файнае моладзевае душпастырства. Тут я змагла служыць таксама аніматарам на курсе Адновы ў Духу Святым, які дапамагае яго ўдзельнікам больш глыбока і асабіста пазнаёміцца са Святым Духам і Яго дарамі. І служэнне спевам не скончылася, кожную нядзелю перад моладзевай Імшой мы збіраемся з нашым хорам на рэпетыцыі і стараемся, каб наш спеў быў не проста словамі і музыкай, але сапраўднай малітвай. Акрамя гэтага, спяваю ў гурце “Talitha kum”, што быў заснаваны ў прошлым годзе як евангелізацыйны праект. Апошні выступ быў прысвечаны 800-годдзю заснавання дамініканскага ордэна.

LuginАндрэй Лугін:

– Я з’яўляюся салістам хрысціянскага музычнага гурта “Laudans”. Стараюся ўсміхацца людзям. Бачыць у кожным вобраз і падабенства нашага Творцы. Імкнуся да таго, каб утвараць з людзьмі адну гармонію, адзін музычны твор, які падабалася б слухаць Богу. Кожны гук, які я спяваю ці граю, кожнае слова, якое кажу, кожную песню я прысвячаю Богу і людзям. Думаю, што кожны чалавек можа прыносіць у Касцёл штосьці сваё. Бо кожнаму Бог даў нейкі талент ці магчымасць.

Ларыса Канецкая:Kaneckaja

– Кветкі я вельмі люблю з дзяцінства. Калі жыла ў Гродне, айцец Юзаф Макарчык, які ў той час служыў у францысканскім касцёле, даручыў мне даглядаць кветкі на тэрыторыі святыні. Я некалькі гадоў іх глядзела. Потым мы пераехалі ў Мінск, зараз я належу да парафіі Яна Хрысціцеля. Мае кветкі з правага боку касцёла, там, дзе стаіць Крыж. З левага боку даглядае кветкі наша парафіянка пані Леанарда. .У нас тут ружы розных колераў, аксаміткі, вяргіні і шмат іншага.

GremzaКсёндз Антоні Грэмза:

– Да майго самага адказнага, а таксама шчаслівага абавязку ўжо больш за 10 гадоў належыць служэнне для моладзі Гродна і Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама ўсім маладым людзям. Гэта штодзённыя сустрэчы і духоўнае кіраўніцтва супольнасцю студэнцкай і працоўнай моладзі ў Гродне. Наша супольнасць, зацверджаная дыяцэзіяльным біскупам, называецца Open. Гэта адказнасць за арганізацыю і правядзенне Дыяцэзіяльных дзён моладзі, якія ўжо 12-ы раз ладзяцца ў Гродзенскай дыяцэзіі. Да асаблівых заданняў належыць падрыхтоўка юнакоў і дзяўчат да ўдзелу ў Сусветных днях моладзі, якія адбываюцца кожныя тры гады ў розных краінах свету. Сёлета таксама рыхтуемся да ўдзелу ў XXXI Сусветных днях моладзі ў Кракаве.

Вельмі падабаецца прымаць удзел у хрысціянскіх экуменічных сустрэчах моладзі, якія арганізоўваюць браты з супольнасці Тэзэ. Душпастырскае служэнне моладзі займае галоўную частку майго жыцця і дае мне духоўны імпульс радасці і захаплення святарствам.

Дыякан Аляксей Варанко:Varanko

– Хочацца пачаць з простага, з аднаго боку, а з другога боку, складанага: са сваёй прысутнасці ў Царкве як чалавека, як бацькі, як мужа. Пэўна, з Божай дапамогай у мяне атрымліваецца быць дастаткова добрым мужам, бацькам і чалавекам. З гэтым звязаны, канешне, і цяжкасці, і барацьба, і радасць. Што адносна больш канкрэтнага служэння, то я з’яўляюся дыяканам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Разам з жонкай Святланай час ад часу як сямейныя кансультанты сустракаемся з сужэнскімі парамі, дапамагаем у падрыхтоўцы да шлюбу. Распаўсюджваем хрысціянскія сямейныя каштоўнасці ў свецкіх навучальных установах у якасці лектараў. Перажываць шчасце ад жыцця з Богам з’яўляецца для мяне галоўным заданнем, радасцю і служэннем.

Гутарыла Ірына Грэйць

 Вынікі апытання на сайце Сatholicnews.by і ў Facebook, Укантакце, Аднакласніках

 Якое служэнне ў Касцёле несяце Вы?

  1. Служу малітвай: наведваю малітоўныя супольнасці, служу пры алтары – 34 адказы;
  2. Я духоўная асоба – 30 адказаў;
  3. Адказваю за музычны бок – 26 адказаў;
  4. Дапамагаю рамантаваць, будаваць, упрыгожваць святыню, наводзіць парадак пры касцёле – 22 адказы;
  5. Аказваю фінансавую падтрымку – 14 адказаў;
  6. З’яўляюся валанцёрам у дабрачынных касцельных рухах – 13 адказаў;
  7. Іншае меркаванне ў каментарах праз сацыяльныя сеткі – 8 адказаў.

Усяго апытана 147 чалавек.

для друку для друку