Якія прыкметы Касцёла сведчаць пра яго сапраўднасць?

“Хвала Хрысту! У свеце існуе шмат розных цэркваў, хрысціянскіх канфесій. Як тут разабрацца? Хрыстус заснаваў адну Царкву, а іх так шмат? Ці ёсць нейкія прыкметы, арыенціры?” Павел.

На пытанне адказвае кс. Віктар Місевіч, канцлер Віцебскай дыяцэзіі:

– Так, сапраўды, Хрыстус заснаваў толькі адну Царкву і горача маліўся аб еднасці сярод хрысціянаў. На вялікі жаль, у гісторыі хрысціянства адбыліся шматлікія падзелы, выкліканыя чалавечай недасканаласцю. Тым не менш мы можам гаварыць пра пэўныя прыкметы, па якіх можна адрозніць сапраўдную Хрыстовую Царкву ад супольнасці, што не мае ўсіх прыкметаў Хрыстовай Царквы. Ёсць сем асноўных прыкметаў, якім павінна адпавядаць Хрыстова Царква.

  1. Незнішчальнасць.

Царква павінна існаваць ад самага пачатку свайго заснавання да сённяшняга дня. Яе існаванне не можа быць абмежаванае нейкім перыядам часу. Езус сказаў Пятру: “Ты – Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго” (Мц 16,18). Як бачым, Каталіцкі Касцёл мае гэтую прыкмету. Нягледзячы на выпрабаванні і пераслед, ён існуе да сённяшняга дня.

  1. Бачнасць.

Хрыстус заснаваў Сваю Царкву бачнай. Ён сказаў: “Кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, Які ў нябёсах. А хто адрокся б ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, Які ў нябёсах” (Мц 10,32-33). Як мы ведаем, Каталіцкі Касцёл мае сваю іерархію, публічнае вучэнне, арганізаваны публічны культ, а таксама развітае сацыяльнае служэнне. Гэтая прыкмета бачнасці прысутнічае ў Каталіцкім Касцёле.

  1. Еднасць (кіраўніцтва, вера, культ).

Езус хацеў для сваёй Царквы выключнай еднасці. “Ойча святы, не толькі за іх прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне” (Ян 17, 20). Як вядома, найвышэйшая ўлада ў Касцёле належыць Папу, каторы ў супрацоўніцтве з біскупамі выконвае сваю місію. Адна і тая ж вера вызнаецца на розных мовах у каталіцкіх святынях па ўсім свеце. Існуюць розныя формы абрадаў, але кожны католік незалежна ад сваёй абрадавай прыналежнасці можа прымаць сакраманты і публічна маліцца ў любым каталіцкім храме ва ўсім свеце.

  1. Паўсюднасць.

Езус заклікаў сваіх вучняў абвяшчаць Евангелле ўсім народам (Мц. 28,19). Паўсюднасць або каталіцкасць Касцёла праяўляецца ў тым, што да яго належаць як людзі розных сацыяльных пластоў аднаго грамадства, так і людзі розных народаў і краін. Не існуе ніякіх абмежаванняў, каб стаць католікам.

  1. Апостальскасць.

Хрыстова Царква збудаваная на падмурку апосталаў. Хрыстус асабіста вучыў і фармаваў апосталаў, а яны ў сваю чаргу перадалі сваю апостальскую ўладу сваім наступнікам. Св. Кліменцій, які памёр прыкладна ў 100 годзе пасля Н.Х., кажа: “Хрыстус быў пасланы Богам, апосталы – Хрыстом. Яны прызначылі біскупаў і дыяканаў… і яны загадалі, што калі тыя памруць, іншыя мужы з праверанай дабрадзейнасцю павінны мець удзел у іх служэнні” (1 Пасланне Клімента 42,44). Каталіцкі Касцёл мае апостальскую пераемнасць ад самага пачатку свайго заснавання.

  1. Святасць.

У чым заключаецца святасць Хрыстовага Касцёла? Перадусім у тым, што заснавальнік Касцёла Езус Хрыстус з’яўляецца Богам. Ад Яго Боскасці і святасці звычайныя вернікі чэрпаюць сваю святасць. Хоць мы ведаем прыклады здрады (напр., Юда Іскарыёт), у Хрыстовым Касцёле безліч прыкладаў таго, як хрысціяне застаюцца вернымі свайму пакліканню да святасці. Святасць Касцёла заўважаецца ў яго маральнай дактрыне, якая ніколі не вучыць злу, але заклікае да дабра. Пра святасць Касцёла сведчаць таксама шматлікія цуды, якімі Бог пацвярджае звышнатуральнасць сваёй прысутнасці сярод вернікаў.

  1. Беспамылковасць.

На працягу стагоддзяў у пытаннях веры Касцёл ніколі не мяняе свайго вучэння. Калі б у вучэннях Папы і каталіцкіх біскупаў была нейкая сур’ёзная памылка, Касцёл бы не змог прайсці праз стагоддзі ў еднасці. Нягледзячы на памылковасць некаторых вучэнняў хрысціянаў, што адышлі ад еднасці з Касцёлам, Касцёл, як Хрыстовае Цела, застаецца непадзельным і беспамылковым.

для друку для друку