Якія назвы вуліц Вы б хацелі бачыць у сваёй мясцовасці?

У горадзе Пінску ёсць вуліца імя Казіміра Свёнтэка, у Астраўцы адна вуліца названа ў гонар святара-паэта Казіміра Сваяка, у Маладзечне ёсць вуліцы Велікодная і Калядная.

А якія назвы вуліц Вы б хацелі бачыць у сваёй мясцовасці?

Валерый Баброўскі:

– Мiнску патрэбна вуліца Эдварда Вайніловіча. Менавіта ён зрабіў такі ўнёсак для Мінска і Беларусі, што яго светлым імем трэба назваць шмат вуліц у краіне, і не толькі. У Беларусі павінен ісці працэс вяртання вуліцам старажытных хрысціянскіх назваў. А вуліцы, названыя імёнамі злачынцаў, павінны быць перайменаваныя. Беларусы мусяць паважаць Бога, Радзіму і саміх сябе.

Вольга Дзегцярэнка:

– Хацелася б бачыць вуліцу Гадлеўскага ў Мінску. Каталіцкі святар, якога некаторыя лічаць Каліноўскім ХХ стагоддзя, чалавек, каторы, акрамя сваіх прамых абавязкаў рэлігійнага дзеяча, займаўся асветніцкай працай, папулярызаваў беларускую мову ў Касцёле, дапамагаў простым людзям у звычайных штодзённых пытаннях, падтрымліваў ідэю незалежнасці Беларусі.

Пётр Цвячкоўскі:

– На маю думку, Віцебску патрэбная, напрыклад, вуліца святога Яна Паўла II. Будуюцца новыя мікрараёны, а назвы вуліц надаюць у гонар акцёраў, генералаў ды іншых дзеячаў. А чым “горшы” святы Ян Павел II? Ён быў узорам малітвы да Бога, любові да чалавека, меў моцную веру. Прыемна было б бачыць вуліцу Святога Духа або вуліцу Велікодную, Калядную.

Вольга Шафран:

– Вуліца пад назвай святога Яна Паўла ІІ у Астраўцы. Чаму менавіта ён? Гэта наш сучаснік. Ён жыў у нашы часы, яго ведаюць многія з часопісаў, газет, тэлебачання, а некаторым нават пашчасціла ўбачыць яго. Яго асноўная “стаўка” – моладзь. Ён той, хто змог пранікнуць сваёй любоўю ў многія маладыя сэрцы і змяніць іх. Яго любіў увесь свет. Ён той, хто у наш час стаў святым. Усё гэта паказвае на тое, што стаць святым можна і ў сучасным свеце, а вуліца з такой назвай прыгадвала б пра гэта кожнаму.

Кацярына Качарго:

– Мне б вельмі хацелася, каб у Мінску адна з вуліц насіла імя Эдварда Вайніловіча. Ён быў выбітным палітычным і грамадскім дзеячам, чалавекам моцнай і непахіснай веры. Эдвард Вайніловіч пакінуў свой след у гісторыі Беларусі, унёс істотны ўклад у культурнае і духоўнае развіццё грамадства, пабудаваўшы касцёл у памяць пра сваіх заўчасна памерлых дзяцей. Гэта чалавек, з якога трэба браць прыклад, бо сваім жыццём ён даказаў, што, нягледзячы на самыя вялікія цяжкасці і выпрабаванні, можна застацца добрым і сумленным. Я лічу, што яго імя заслугоўвае быць увекавечаным у назве адной з вуліц.

Ірына Радзевіч

 Вынікі апытання на сайце Сatholicnews.by і ў Facebook, Укантакце, Аднакласніках

 Якія назвы вуліц Вы б хацелі бачыць у сваёй мясцовасці?

Хачу, каб вярнулі гістарычныя назвы вуліц – 95 адказаў;

Вуліцы з імёнамі святых – 75 адказаў;

Вуліцы ў гонар рэлігійных дзеячаў мясцовасці, краіны – 34 адказы;

Вуліцы, звязаныя з хрысціянскімі святамі, падзеямі – 21 адказ;

Іншы адказ у каментарах у сацыяльных сетках – 2 адказы.

 Усяго апытаных – 227 чалавек.

для друку для друку