Якія галоўныя заданні святара ў сучасным свеце?

Роля святара ў сучасным свеце вельмі важная і складаная. Гэтая складанасць вынікае не толькі з крызісу сучаснага чалавека, але таксама з крызісу дастаткова вялікай групы святароў, якім не хапае не столькі ведаў і кампетэнтнасці, колькі сталасці і звышнатуральнай любові.

Усё часцей свецкія людзі гавораць пра свае раны ці грэблівасць з-за таго, што былі праігнараваны ці нават пакрыўджаны і адштурхнуты душпастырам.

Святар не павінен і не можа змагацца з чалавекам, кім бы той не быў. Ён павінен любіць кожнага. Трэба змагацца ў свеце, а не супраць свету, выходзячы яму насустрач, і тым больш, чым больш ён згублены ці нават страчаны. Чым большы грэх, тым большая павінна быць справа адкуплення, якое з’яўляецца ўдзелам любові.

Такім чынам, першая з задач святара – прысутнічаць у жыцці тых, да каго яго пасылае Хрыстос. Мэтай гэтай прысутнасці ў сучасным свеце з’яўляецца евангелізацыя, г. зн. распаўсюджванне Добрай Навіны і вядзенне людзей, каб да біблійных наказаў яны дастасоўвалі сваё жыццё. Каб так сталася, а словы не засталіся толькі словамі, трэба каб Евангелле дайшло да свядомасці чалавека, а чалавек сваёй свядомасцю прытуліўся да Божага слова. Таму навучанне рэалізуецца на канкрэтнай, экзістэнцыяльнай і сацыялагічнай прасторы. Аднак тут пачынаюцца цяжкасці, якія можна перамагчы з Божай дапамогай, жывой сілай веры і добрай волі.

Вучыць сучасных людзей назіраць за рэчаіснасцю, у якой жывуць, і рабіць лагічныя высновы з гэтага назірання. Не здольны да крытычнага і рацыянальнага мыслення чалавек хутчэй прыме нейкія наіўныя, неаязычніцкія вераванні, чым хрысціянства. У сваю чаргу евангелізацыя палягае на абвяшчэнні Хрыста, каб сучасныя людзі маглі захапіцца Ім, Яго словамі і ўчынкамі. Евангелізацыя патрабуе ад святара мужнасці, каб увесь час нанова супастаўляць сябе з вучэннем Хрыста і – па прыкладзе Месіі – ісці да людзей найперш для таго, каб моўчкі любіць. Толькі бачная і ахвярная любоў святара садзейнічае таму, што людзі паслухаюць яго, а не маладых ідэолагаў ці цынічных дэмаралізатараў. Таму справа навучання вельмі складаная і далікатная.

Другая задача сучаснага святара – гэта асаблівая адчувальнасць да людзей бедных матэрыяльна, маральна і духоўна, а таксама да пакрыўджаных, залежных, прыгнечаных, бездапаможных.

Бяздольнаму чалавеку не толькі патрэбны хлеб ці вопратка, але таксама словы суцяшэння, усмешка, прыязны жэст, у якім выражаецца эмпатыя. Яму неабходна адчуванне, што ён не адзінокі, што нехта прагне раздзяліць з ім цярпенне. Ці бедны чалавек, атрымліваючы міласціну, заўважыў на тварах сваіх дабрачынцаў зычлівую ўсмешку, ці перажыў сяброўскую размову, бо яны паклапаціліся не толькі пра тое, каб не быў галодны, але і пра тое, каб не адчуваў сябе адзінокім? Нават сабакам даём хлеб, аднак людзям не дастаткова кінуць крошкі са стала. Ім неабходна слова, якое з’яўляецца думкай і воляй; яны чакаюць людскога слова, кроплі любові і зычлівасці. Не менш важным заданнем, якое, на жаль, часта ігнаруюць, з’яўляецца таксама ўмацаванне моцных, каб заставаліся ў прыязнасці з Богам і з людзьмі, бо трыванне ў добрым – нялёгкая справа.

Трэцяй важнай задачай сучасных святароў з’яўляюцца паглыбленыя пастырскія адносіны, а асаблівым чынам уменне такога падбору слоў і аргументаў, каб слухач меў толькі 2 магчымасці: зразумець і прыняць Божае слова ці зразумець і адкінуць яго. Не павінен мець 3-га варыянта: не зразумець Евангелле. Не можа ўзнікаць і 4-га: калі чалавек застаецца з ілюзіяй, што не Бог, а ён сам мае рацыю. Прыкладам такога эфектыўнага абвяшчэння Божага слова з’яўляецца Хрыстос, які камунікаваў і аргументаваў так проста і ясна, што Яго разумелі нават няграматныя, і адначасова гаварыў так дакладна, што кніжнікі і фарысеі не маглі абвінаваціць Яго ў якой-небудзь памылцы. Таму задача святара – спалучэнне мовы Бібліі і вучэння Касцёла з магчымасцямі ўспрыняцця і гарызонтамі мыслення сучаснай аўдыторыі. Кожнаму неабходна слова, дастасаванае менавіта да яго.

Эфектыўная работа святара ўплывае на свядомасць сучасных людзей. Таму ён павінен добра ведаць свет, у якім жыве, але не паддаецца яму; павінен валодаць вопытам жыццёвых і духоўных “тонаў” сучаснага жыцця, яго адценняў, а таксама яго тонкасцей. І перш за ўсё, ён павінен заставацца святаром Хрыста.

Кс. Ян Кузюк, grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі