Якія былі прычыны царкоўнага расколу ў 1054 годзе?

Раскажыце, калі ласка, пра прычыны царкоўнага расколу ў 1054 г., пасля якога канчаткова адбыўся падзел на рыма-каталіцкі Касцёл на Захадзе і праваслаўную Царкву на Усходзе. Цяжка паверыць, што падставай расколу была ўлада. Дзіяна, 14 гадоў

На пытанне адказвае кс. Віталь Сідорка:

– Па-першае, падыходзячы да столь далікатнай тэмы, неабходна не паддавацца спакусе спрошчвання, абагульнення і павярхоўнасці. Па-другое, нельга разглядаць дзеі тысячагадовай даўнасці праз прызму сучаснасці, якая падкідвае нам рознага роду супрацьстаянні цывілізацый, дзяржаў, культур, грамадстваў, рэлігій, канфесій і г.д.

На маю думку, прычын падзелу хрысціянства на каталіцкую і праваслаўную канфесіі было некалькі. Першая з іх, найбольш папулярная, з’яўлялася выключна тэалагічнай і закранала праблематыку разумення веравучэння. Яскравым прыкладам гэтага можа быць тзв. Filioque – дыскусія адносна паходжання асобаў Святой Тройцы. З часам падобных “гарачых” тэм станавілася ўсё больш.

Другая прычына — палітычная, звязаная з тэрыторыяй, уладай і сферай уплыву (напр., на тэрыторыі паўднёвай Італіі і на Балканах). І тут, трэба прызнаць, асабістыя якасці кіраўнікоў, іх амбіцыі, прага ўлады, нежаданне весці дыялог або недастатковая кампетэнцыя вельмі моцна паўплывалі на паглыбленне расколу.

Трэцяя прычына, і, на маю думку, самая галоўная, заключалася ў тым, што цывілізацыйныя напрамкі развіцця Усходу і Захаду хрысціянскага свету ўсё больш пачыналі адрознівацца. Калі пачаткова яны ўспрымалі сябе як розныя часткі, але ўсё ж такі аднаго свету, то паступова ментальныя, культурныя, моўныя і іншыя непадабенствы пачалі ўплываць на іх ўзаемаадносіны. Гэта моцна ўздзейнічала як на грамадскае і палітычнае, так і на рэлігійнае жыццё, дзе пачалі дзейнічаць абсалютна розныя падыходы да дагматыкі, літургіі, душпастырства і г.д. Акрамя гэтага, розныя пазнейшыя моманты гісторыі, такія як войны і захопы, паглыбілі непаразуменні і падзел.

grodnensis.by

для друку для друку