Які Ваш вопыт пешага пілігрымавання?

Лета – найбольш спрыяльны час для пешых паломніцтваў. З году ў год тысячы пілігрымаў ходзяць у святыя месцы, каб духоўна ўзбагаціцца. А які Ваш вопыт пешага пілігрымавання?

Julija IodaЮлія Іода:

– Пачала хадзіць у пілігрымкі з 14 гадоў. Ужо была ў шасці вандроўках. Я з Гродзеншчыны, таму штогод хадзіла ў Тракелі. Ліпень, гарачыня, а мы ідзём дарогай, спяваючы песні да Марыі і праслаўляючы Бога. Асабліва ўспамінаю тыя моманты, калі да Тракеляў застаецца 2-3 кіламетры, ты ідзеш ужо крыху стомлены, але радасны ад таго, што амаль дайшоў, нягледзячы на спякоту, на дождж, боль і мазалі. А наперадзе цябе чакае сустрэча і размова з Марыяй. Ёй ты зможаш падзякаваць за тое, што за год адбылося. На жаль, астатнія два гады я вучуся і працую ў Варшаве, таму магчымасці прыехаць і пайсці ў пілігрымку ў Тракелі няма.

Бр. Ілля Саўчанка МІС:illa sauczanka

– Пілігрымка для мяне – гэта час асаблівай малітвы. Час, калі маеш магчымасць пазнаць сябе і Бога, праходзячы доўгія кіламетры ў спякоце па гарачым асфальце, пад дажджом, у пыле, але перадусім – у малітве. Нягледзячы на стомленасць, ідзеш, праслаўляючы Госпада за “вялікія рэчы” ў сваім жыцці. Недахоп сіл, смага і боль, які адчуваеш, – усё гэта аддаеш Пану. Вельмі важна для мяне мець інтэнцыю ў сваім сэрцы, з якой пройдзеш гэты шлях, бо яна надае сіл у дарозе.

У пілігрымку я хадзіў прыкладна 16 разоў: польская Чэнстахова (1 раз, 9 дзён, каля 200 км), Росіца (7 разоў, самая доўгая пілігрымка – 11 дзён, 336 км),  Будслаў (7 разоў, 2 дні, 75км). Я падлічыў, што суцэльны час у дарозе склаў для мяне 67 дзён, за якія было пройдзена 1800 км.

Інтэнцыі, з якімі хадзіў, былі розныя: малітва за распазнанне паклікання, за родных, за сябе самога, за тых, хто прасіў аб малітве. Часам кожны дзень была новая інтэнцыя, а часам усю пілігрымку прысвячаў адной.

Хочацца запрасіць усіх, хто яшчэ не хадзіў у пілігрымку, да адважнага кроку ў гэтым кірунку. Калі ідзеш з Богам, то Ён ніколі цябе не пакіне аднаго на гэтым шляху, а калі сілы скончацца, то Ён сам панясе цябе на руках.

wolga cerpentaВольга Цярпента:

–16 гадоў назад распачаўся мой шлях з пілігрымкай Нарач – Будслаў, і з таго часу кожны год крочу да Маці Божай. Кожная пілігрымка непаўторная і непадобная адна да адной.

У гэтым, 2015 годзе, з Нарачы ішла 20-я, юбілейная пілігрымка да Маці Божай Будслаўскай. Мы крочым 3 дні і праходзім не вельмі шмат кіламетраў – усяго толькі 70. Але гэтыя тры дні – найцудоўнейшыя ў жыцці. Заўсёды ўзрушвае, як па дарозе ў вёсках сустракаюць старэнькія бабулькі, якія ўжо не могуць крочыць з намі. Бачачы пілігрымку, яны становяцца на калені, на іх тварах з’яўляюцца ўсмешкі, а ў вачах – слёзы…

Тры дні шляху – дні малітваў, спеваў, разважанняў над Божым словам, над сваім жыццём, тры дні размоў з сябрамі. Назіраеш за прыгажосцю прыроды: васількі ў жытнёвым полі, спеў птушак, блакіт неба. А як убачыш, яшчэ здалёк, велічны санктуарый, сэрца напаўняецца хваляваннем, бо вельмі хутка прыйдзеш да Маці Божай. Самы цудоўны момант – калі заходзіш у касцёл, падаеш на калені перад абразом Маці Божай і бачыш Яе ўсмешку і вочы, поўныя любові.

Слёзы вырываюцца з вачэй. Тады я дзякую, што магла крочыць гэтай пілігрымкай і дайсці да Любай Маці. Дзякую за Яе апеку і любоў, прашу аб патрэбных ласках і далейшай апецы для родных, сяброў і ўсіх, каго сустрэла па дарозе ў Будслаў і ў сваім жыцці. Я цэлы год жыву гэтай пілігрымкай і мару пра наступную.

Вольга Давыдзенка:dawydzenka

– Мая першая пешая пілігрымка была ў 1996 годзе з Полацка ў Будслаў. Са мною ішлі мая маці, сын, дачка і старэйшая пляменніца. Такім складам мы хадзілі некалькі гадоў. Пасля першага паломніцтва я больш не магла без гэтага жыць. Спачатку быў шлях Полацк – Будслаў (каля 150 км, 5 дзён). Потым дадалася пілігрымка Полацк – Росіца (каля 120 км, 4 дні). Затым Кракаў – Чэнстахова (160 км, 5 дзён), Варшава – Чэнстахова (300 км, 10 дзён), Віцебск – Шуміліна, Глыбокае – Браслаў… Я люблю пілігрымаваць. Адзін год я за лета прайшла больш за 500 км. У мінулым годзе амаль 400.

Але справа не ў гэтым. Я люблю такое адчуванне свабоды ад быту, ад штодзённых клопатаў, люблю адчуваць сябе птушкай, якую корміць Госпад, дае начлег праз клапатлівых сясцёр і святароў. Люблю гэтыя дні пастаяннай малітвы на прыродзе, люблю сустрэчы з рознымі людзьмі. Заўсёды захаплялася тымі, хто браў да сябе на начлег, дзяліўся ўсім тым, што мае. Са многімі падтрымліваю адносіны і люблю іх. Усе мае пілігрымкі – падарункі ад Бога і Марыі. І людзі, якія хадзілі са мною, таксама. Часта я выконвала абавязкі кухара, хацелася быць карыснай. Самая любімая пілігрымка – Палоцк – Росіца, бо яна мне бліжэй да сэрца. Я магу сказаць сёння, што за 19 гадоў прайшла больш за 5,5 тыс. км, каб наблізіцца да Госпада і пабудаваць цесныя адносіны з Ім.

pawel kuzmicki z cjamjejПавел Кузьмiцкi:

– Першы раз я пешшу хадзiў у Будслаў 13 гадоў назад. Адчуваннi былi даволi розныя… Я адчуваў сябе вельмi самотна, мне не хапала побач сям’i… Пасля я быў шмат разоў у звычайных, у роварных пілігрымках, у пакутнай. Найбольш блiзкай мне была пакутная. У ёй шмат месца для асабiстых думак. Але самае галоўнае – няма абмежаванняў, што стварае даволi вольную, нязмушаную атмасферу. Сумую па ёй.

Зараз я больш патрабую цiшынi, каб у «подыху лёгкiм», на прыродзе засяродзiцца на сваiх унутраных перажываннях. Гэта стварае атмасферу Сустрэчы. Але сёння перш за ўсё я бацька 6 дачок. Таму больш за свае перажываннi мяне хвалюе стварэнне адпаведных умоў, пошук такой формы пілігрымкі, якая б пасавала дзецям… Я жадаю iсцi толькi з сям’ёй!

Ірына Грэйць

Вынікі апытання на сайце Сatholicnews.by і ў Facebook, Укантакце, Аднакласніках

 Які Ваш вопыт пешага пілігрымавання?

 Удзельнічаў 4-10 разоў (181 адказ);

Быў у паломніцтве 1-2 разы (110 адказаў);

Ніколі не хадзіў у пілігрымкі (92 адказы);

Хадзіў больш за 10 разоў (58 адказаў);

Толькі 3 разы (52 адказы);

Я – «ветэран» пілігрымак, больш за 20 разоў (15 адказаў)

 Усяго адказаў – 508

для друку для друку