Які санктуарый Вас найбольш уразіў? (апытанне)

Санктуарыі — гэта багатая рэлігійная, духоўна-культурная і матэрыяльная спадчына Касцёла і народа. Які санктуарый свету Вас найбольш уразіў?

czarnamorauКлерык Януш Чарнамораў:

– У жыцці мне давялося пабываць у некалькіх дастаткова знакамітых санктуарыях свету. Гэта былі як Марыйныя санктуарыі, так і санктуарыі святых, дзе захоўваюцца іх мошчы. Але найбольш уразіў мяне санктуарый Маці Божай у Фаціме. У мінулым годзе я меў магчымасць наведаць гэтае святое месца. Там адчуваліся вельмі моцны малітоўны дух, а таксама прысутнасць Марыі і Яе матчыная апека. Дзякую Богу і Марыі, што ў сваім жыцці меў магчымасць наведаць гэтае святое месца і там маліцца.

Павел Купцоў:kupcou

– Дзякуючы Богу ўжо ў 22 гады свайго жыцця я бачыў шмат розных санктуарыяў свету, але ў маім сэрцы назаўжды застаецца адзін – Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе. Калі я першы раз прыйшоў пілігрымам да Маці Божай Будслаўскай, мяне вельмі ўразіў «Вялікі Касцёл”. Тады я яшчэ не ведаў усю значнасць санктуарыя для беларускага народа, але, мне здаецца, адчуў гэта падчас святкавання будслаўскага фэсту. Тыя ўражанні засталіся ў мяне на ўсё жыццё. І кожны раз, калі я прыношу свае падзякі ці просьбы да абраза Маці Божай Будслаўскай, уражанні той першай пілігрымкі ўзнікаюць у мяне зноў і зноў. Мне здаецца, што менавіта гэтыя ўражанні вылучаюць санктуарый Маці Божай у Будславе ў маім жыцці. Не менш значным фактам з’яўляецца тое, што ён «свой», беларускі!

czarnjauskajaМарыя Чарняўская:

– Нягледзячы на тое, што я даволі шмат падарожнічаю і паспела пабываць у розных месцах Еўропы, усё ж сэрца маё найбольш утульна адчувае сябе ў Будславе. Так, уражвае велічнасць базілікі Святога Пятра ў Рыме і захапляе цішыня парыжскага Сакрэ Кёр, але… У Будслаў я прыязджаю да Маці. І кожны раз, калі я туды вяртаюся, я ўсё больш і больш люблю гэтае месца. Найвялікшае здзіўленне і радасць там я перажываю падчас будслаўскага фэсту ў ліпені! Столькі людзей, такая канцэнтрацыя веры і малітвы, сустрэчаў і радасці! Самае ж галоўнае ў санктуарыі – гэта дух. У Будславе гэты дух жывы і дзейсны. Тут з любоўю чакае Маці, Якой можна расказаць усё, падзяліцца кожнай радасцю і болем. Тут можна адчуць Яе абдымкі. Нельга не адзначыць і прыгажосць малой базілікі. Упершыню трапіўшы туды, я спачатку падумала, што яна ўпрыгожаная скульптурамі, і толькі потым разгледзела, што гэта таленавіты і ўнікальны роспіс. Сапраўды, будслаўская святыня – гэта наша багатая спадчына, якую мы павінны захоўваць і ўпрыгожваць найперш нашымі малітвамі.

Святлана Боркіна:borkina

– Кожны дом Божы па-свойму цудоўны! Я б вельмі хацела пабываць у санктуарыі ў Фаціме і ў Барселоне – у шэдэўры Антоніа Гаўдзі «Саграда Фаміліа», які бачыла толькі на фотаздымках. Шмат разоў была ў Вострай браме яшчэ пры СССР, а таксама ў Тракелях, Будславе і Гудагаі, але больш мне мілы мой родны санктуарый Езуса Журботнага ў Росі.

tarasГанна Тарас:

– У санктуарыі Маці Божай Фацімскай, што знаходзіцца ў Шуміліне Віцебскай вобласці, адчуваю спакой у сэрцы, прысутнасць Марыі, жывую малітву і тую, так неабходную нам Любоў Бога. У Шуміліне вы не знойдзеце цудатворнага абраза ці гістарычных будынкаў. Але там штогод можна ўбачыць сапраўдную Веру, якая жыве. Яе можна ўбачыць, напрыклад, у вачах бабуль, што прыходзяць з суседніх вёсачак. Штогод, прыязджаючы сюды, давяраю Марыі свае турботы, ваганні і радасці, прашу пра заступніцтва для ўсіх родных і дзякую за ласкі, дараваныя ў жыцці.

Ірына Грэйць

 Вынікі апытання на сайце Сatholicnews.by і ў Facebook, Укантакце, Аднакласніках

Які санктуарый свету Вас найбольш уразіў?

Нацыянальны санктуарый у Будславе – 69 адказаў;

Санктуарый Маці Божай Чэнстахоўскай у Польшчы – 32 адказы;

Вострая Брама ў Вільні – 17 адказаў;

Санктуарый Маці Божай у Лурдзе (Францыя) – 15 адказаў;

Іншы варыянт у каментарах у сац. сетках – 11 адказаў;

Санктуарый Маці Божай у Фаціме (Партугалія) – 13 адказаў;

Латвійская базіліка ў Аглоне – 3 адказы.

Усяго апытаных – 160 чалавек.

для друку для друку