Як зарабляў на жыццё святы Юзаф?

Часта мы сустракаемся з не зусім дакладным перакладам пэўных біблейскіх выслоўяў. Возьмем для прыкладу пераклад верша з Евангелля ад Мацвея. Жыхары Назарэта ставяць пад сумнеў божую моц Езуса, пытаючы: «Ці не сын Ён цесляра?» (Мц 13,55).

Вядома, гаворка ідзе пра св. Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, якога традыцыя называе «цесляром». Такі пераклад заахвоціў шматлікіх мастакоў стварыць выдатныя шэдэўры. Юзаф у хрысціянскім мастацтве — гэта чалавек, які працуе ў сваёй дрэваапрацоўчай майстэрні, з раніцы да ночы майструючы крэслы і сталы.

Аднак значэнне слова, выкарыстанага ў гэтым урыўку, не заўсёды відавочнае і прамое. У грэцкім арыгінале для апісання прафесіі Юзафа ўжыта слова «тэктона», што мае некалькі значэнняў у антычным свеце. У прыватнасці Закрэма Ёнас Голст лічыць, што «этымалагічна грэцкі тэрмін «тэктон» можа паходзіць ад індаеўрапейскага кораня «тэк»ці «тэкс», што азначае «рэзаць, вырабляць з дапамогай сякеры»; але таксама вытворныя ад яго тэрміны ўжываюцца для апісання ткацтва, будаўніцтва, вытворчасці і ліцця». Да таго ж «урыўкі з «Іліяды» і «Адысеі» даказваюць, што «тэктоны» працуюць з усімі відамі матэрыялаў і інструментаў».

Такія мужчыны былі высокакваліфікаванымі працаўнікамі, спрытнымі ва ўсіх відах работ. Іншы навуковец тлумачыць, што «тэктон» мог быць простым цесляром або рамеснікам, які працуе з драўнінай або цэглай. «Тэктон» быў чалавекам, ад якога залежала, якім будзе падмурак будучай хаты. Гэта значыць, калі нехта ў Назарэце часоў Хрыста хацеў пабудаваць дом для вялікай сям’і, то Юзаф і Езус былі менавіта тымі, да каго лепш было звяртацца.

Юзафа можна апісаць як сельскага майстра, які дапамагаў кожнаму з вялікімі ці малымі праектамі. Рамеснік — яшчэ адно слова, якое добра адлюстроўвае тое, чым займаўся Апякун Збавіцеля. Такая інтэрпрэтацыя пралівае святло на заняткі і штодзённасць Юзафа і яго сына Езуса (пар. Лк 3, 23). Можам уявіць сабе двух мужчын, якія ходзяць па вёсцы і атрымліваюць просьбу прыйсці і паправіць штосьці ў доме. Гэта таксама можа растлумачыць, чаму ўсё ведаюць Езуса як «сына цесляра».

Паводле credo.pro
Пераклад catholicnews.by

для друку для друку