Як захаваць узаемнае захапленне?

Шмат казак пра прыгожых прынцэс і адважных рыцараў заканчваюцца вяселлем і несмяротнай фразай: “І жылі яны доўга і шчасліва”. Пераплёты захапляючых момантаў звычайна заканчваюцца гучным вяселлем. Як быццам гэта сапраўды канец усіх намаганняў у барацьбе за любоў і шчасце.

Тым часам, кранальныя моманты шлюбу і вясельныя забавы да світання не з’яўляюцца чароўнай брамай, што закрывае пэўны жыццёвы этап.

Сакрамант шлюбу з’яўляецца штампам любові паміж двумя людзьмі, якія з дапамогай Божага бласлаўлення вырашаюць правесці астатак свайго жыцця разам, дзяліць паміж сабою ўсё добрае і дрэннае. Трэба заўсёды памятаць, што сакрамант шлюбу з’яўляецца нечым большым, чым проста прыгожай цырымоніяй.

Сіла сакраманту дзейнічае кожны дзень, з моманту складання прысягі да таго моманту, калі сэрца мужа ці жонкі перастае біцца. Вось чаму пара не павінна спыняцца на тым, чаго дасягнула на дзень шлюбу, а павінна і далей клапаціцца пра сваё інтэлектуальнае і духоўнае развіццё, працаваць не толькі над тым, каб падтрымліваць свае ўзаемаадносіны з Богам, але і над тым, как далей быць прывабнымі адзін другому. Запалу любові павінна хапіць па меншай меры на 40, 50 і нават на больш гадоў. Дай Бог, каб і на даўжэй, але без узаемнай працы і пастаянных намаганняў увогуле няма шансаў, каб казачныя словы сталі рэчаіснасцю.

Калі людзі сапраўды любяць, тады хочуць у імя гэтай любові аддаваць сябе адзін другому ў самай лепшай форме. Гэта азначае нішто іншае, як проста быць прывабнымі для саміх сябе. Каб муж меў каля сябе дагледжаную, усмешлівую жанчыну, якая без сумнення будзе ўпрыгожваннем яго дому. Каб каля жонкі быў побач падцягнуты, разумны і дбайны мужчына, які будзе ёй апорай. Нездарма нявеста ў Песні з Песняў кажа пра свайго каханага: «Мой любы белы ды румяны, вылучаецца сярод тысяч» (Песн. 5,10).

І далей: «Выгляд яго падобны да Лібана, узнёслы, нібы кедры. Вусны яго салодкія, і ўвесь ён прывабны» (Песн. 5, 15-16). І тут не трэба шукаць складаных інтэрпрэтацый. Жаніх проста прыгожы. Гэта праяўляецца ў тым, што ён кажа і як выглядае. І ён адказвае ўзаемнай любоўю сваёй абранніцы. У Кнізе Сіраха гаворыцца, што мудрая жонка — гэта шчасце для мужа, дні якога будуць падвоеныя, які спакойна пражыве свой век. Што яе ласка і мудрасць будуць падбадзёрваць мужа. І не важна, багаты гэта будзе чалавек ці бедны — той, у каго добрая жонка, будзе шчаслівы кожны дзень. Але, аб такой жонцы трэба клапаціцца, берагчы і зрабіць усё магчымае, каб яна хацела падвоіць гэтыя дні.

Бо прывабнасць — гэта не толькі наяўнасць фізічнай прыгажосці, таго, што ў сучаснай культуры называецца сэксуальным. Найважнейшым заданнем з’яўляецца захаванне ўзаемнага захаплення адзін адным, таго, што ў самым пачатку выклікала зачараванне, потым закаханне, каб, нарэшце, адорваць адзін аднаго каханнем — сапраўдным, вечным.

Канешне, знешні выгляд з’яўляецца першым сігналам, які робіць на чалавека супрацьлеглага полу ўнікальнае ўражанне. Мы даўжэй прыглядаемся, хочам больш часу правесці ў кампаніі гэтай асобы. Яна пачынае нам падабацца. І хоць мужчыны больш любяць вачыма, але ж і жанчыны таксама часта засяроджваюць сваю ўвагу на знешніх характарыстыках. І гадзіны, праведзеныя перад люстэркам служаць перш за ўсе для падтрымання першага ўражання. Проста прыемна прытуліцца да свежай кашулі ці паднесці нос да прыемна пахнучага падбародку.

На жаль, часта, з цягам часу, першае ўражанне размываецца, таму што ў гульню ўступаюць звычкі і руціна, многія пары перастаюць старацца і сцвярджаюць, што можна проста жыць каханнем. Як на прыкладзе з гліняным збаном. Спачатку мяккая маса, прыгожа сфармаваная ганчаром пасля некалькіх тыдняў сушкі, апрацоўкі, аздаблення і загартоўкі і, нарэшце, выпальвання ў печы, робіцца прыдатнай для выкарыстання. Можна перастаць асцерагацца, што наданая форма зменіцца ці намаляваныя выявы замажуцца. Памылка …

Варта помніць, што гліняны збан, які быў апалены пры 1200 градусах па Цэльсію і далей з’яўляецца проста гліняным збанам. Неасцярожна пастаўленны, нядбайна памыты ці выкарыстаны, ён можа быць лёгка пашкоджаны, падрапаны, расколаты, можа ўпасць і разбіцца на кавалкі, або нават пакрыцца цвіллю. Страчваючы сваю прывабнасць, збан губляе сваю каштоўнасць. Тое ж самае адбываецца і з намі. Калі мы перастаем дбаць пра сябе ў фізічным ці інтэлектуальным плане, то павольна ўводзім у стан спакусы свайго мужа ці жонку. Гэта зусім не апраўданне для здрады, але, на жаль, менавіта таму ўсё часта і адбываецца. Кожны дарослы і адказны чалавек, які падвяргаецца спакусе, сам для сябе вырашае, ці будзе мець месца спакуса ці не. Але вернемся…

Прафесар Леў-Старовіч лічыць, што найбольшай пагрозай для кахання з’яўляецца страта ўзаемнай прывабнасці. І фізічнай, і інтэлектуальнай. Выраз “быць прывабнай” складаецца з многіх элементаў: ад чырвоных шпілек да рэалізацыі ўласных захапленняў. Клопат пра ўнутраную і знешнюю прыгажосць з’яўляецца сігналам для мужа, што жонка клапоціцца і пра яго. Толькі намагаючыся захаваць знешнюю прывабнасць, варта прыслухоўвацца да самой сябе, а не быць копіяй пануючых трэндаў.

Прывабнасць ці падобныя адносіны будуюцца на працягу ўсяго жыцця. Збіраюцца і захоўваюцца. Выкарыстоўваюцца прадбачліва. Пакідаюцца трошкі на запас, як гэта рабілі дзяўчыны з Бібліі, каб не было недастачы алею на той момант, калі ён будзе неабходны. Так адбываецца з усім, што ёсць паміж мужам і жонкай — з каханнем, вернасцю, сумленнем, даверам, адданасцю — назапашанае у час дастатку гэта можа служыць неабходным глытком паветра, калі прыйдзе час беднасці.

У адным са сваіх казанняў пэўны святар прывёў прыклад з жыцця пары з больш чым 30-ці гадовым стажам, дзе муж кажа пра сваю жонку: “Ксёндз, што ж гэта за жанчына, ужо больш чым 30 гадоў пасля вяселля прайшло, а я да гэтага часу ў ёй не разабраўся». Тэма для разважанняў наконт прывабнасці! Жыць такім чынам, каб заўсёды цікавіць адзін аднаго, адкрываць таямніцы, інтрыгаваць, здзіўляць.

У шлюбе мы часта забываем, што па-ранейшаму павінны клапаціцца пра свае адносіны, абагачаць і развіваць іх, таксама з пункту гледжання прывабнасці. Усё гэта робіцца для таго, каб і з высокай тэмпературай, і з акруглым жывоцікам падчас цяжарнасці, а потым з некалькімі лішнімі кілаграмамі жонка заўседы была для мужа Міс Свету. Каб сівавата-лысеючы мужчына, якому баліць калена, а выскокваючы дыск не дазваляе ўжо больш паднесці жонку на руках, і далей заставаўся яе героем.

grodnensis.by са спасылкай на deon.pl

для друку для друку