- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Як Вы ставіцеся да хрысціянскіх знакаў на грашах?

money04113-268fo [1]У сувязі з дэнамінацыяй у Беларусі з’явяцца новыя грошы. На некаторых купюрах будуць змешчаны хрысціянскія знакі: царква, крыж і Евангелле, у той час як на манетах будуць выявы паганскіх арнаментаў. Як ставіцеся Вы да хрысціянскіх знакаў на грашах?

Andrej Narel [2]Андрэй Нарэль:
– Грошы кожнай краіны маюць свой дызайн, сваю форму і памер. Некаторыя ўзялі за аснову аднолькавыя грошы, як, напрыклад, ЕС, некаторыя маюць свае, непаўторныя. Але кожная грашовая адзінка мае нешта адметнае на той тэррыторыі, на якой яны служаць разліковай сістэмай. Я лічу, што тое ж самае датычыць і нашых новых банкнот. Нацыянальны каларыт і гістарычныя асаблівасці, якія адносяцца непасрэдна да Беларусі. На мой погляд, я б змясціў крыху іншае: нашых беларускіх дзеячаў, якія годна ўпісалі імя Беларусі ў старонкі гісторыі. А тое, што хрысціянскія знакі размешчаны на купюрах у адным шэрагу з паганскімі, – ну дык што зробіш? Нацыянальны каларыт 🙂

A.Makarewicz [3]Арцём Макарэвіч:
– Я, безумоўна, ведаю, што хрысціянскія сімвалы з’явяцца ўпершыню на грашовых адзінках Беларусі. Змяшчэнне хрысціянскай сімволікі на грашах пракаментаваў выканальнік абавязкаў прэс-сакратара Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кс. Юрый Санько: “Думаю, што не павінны змешвацца матэрыяльныя рэчы з духоўнымі. Наколькі ведаю, па задуме аўтараў на новых грашах адлюстраваны духоўныя і гістарычныя каштоўнасці. Але, мяркую, у нас дастаткова шмат іншых гістарычных каштоўнасцяў, выявы якіх можна было б размясціць на купюрах. Бо нават у Святым Пісанні Хрыстос кажа: аддайце кесару кесарава, а Богу – Божае. А тут адбываецца змяшанне, думаю, гэта не зусім правільна”, – лічыць святар. Я падтрымліваю меркаванне ксяндза і таксама лічу: усё, што звязана з хрысціянствам і рэлігійным культам, павінна суправаджацца ўшанаваннем. А грошы, на жаль, не заўсёды выкарыстоўваюцца ў добрым кірунку. Імі разлічваюцца не толькі за прадукты харчавання, лекі або за працу, але за іх набываюць алкаголь, наркотыкі, зброю або разлічваюцца за пэўныя немаральныя дзеянні. Лічу, што нельга спалучаць гэтыя рэчы. Таму, што не можа быць рэкламы Бога, тым больш на разліковых банкнотах. Хрысціянін павінен верыць у Бога і сведчыць аб Ім сваім жыццём праз выкананне Божых запаведзяў. І гэта будзе лепшае абвяшчэнне Евангелля, чым проста размясціць сімвал на грашовай купюры.

gudwilowicz [4]Мікалай Гудвіловіч:
– У Святым Пісанні Хрыстос кажа: аддайце кесару кесарава, а Богу – Божае. Грошы заўсёды былі і будуць маёмасцю дзяржавы. Сэнсу друкаваць на іх хрысціянскія знакі не бачу. Ніхто не будзе маліцца на грошы. Я дакладна не збіраюся гэта рабіць… Грошы могуць патрапіць да розных людзей, напрыклад, як да бандытаў, так і да добрых людзей. Спачатку яны іх будуць разглядаць, але потым гэта будуць толькі грошы. На мой погляд, няма чаго ўвогуле друкаваць хрысціянскія сімвалы на грашах.

karakou [5]Аляксей Каракоў:
– Я парадаваўся, калі даведаўся, што на новых банкнотах будуць хрысціянскія знакі. Шкада, што не на ўсіх. Сама па сабе наяўнасць сімволікі не мае ніякага значэння для чалавека, калі ён свядома не прапаведуе тое, што сімвалізуе сабой крыж, не чытае Евангелля. Аднак для хрысціяніна-практыка сімволіка перастае быць пустой. Гэта як “якар” да чагосьці большага, што неабыякава, што грэе душу, дае мір і надзею. А яшчэ крыж, напрыклад, з’яўляецца зброяй супраць д’ябла і валодае цудадзейнай, выратавальніцкай і гаючай сілай. На крыжы Езус у найвышэйшай ступені праявіў сваю любоў да людзей… Можа, гэта неяк паўплывае на эканамічнае становішча краіны 🙂

krywenki [6]Вадзім Крывенькі:
– На маю думку, кожны сімвал мае значэнне. І проста так наносіць штосьці на грошы — карціны, посуд і іншыя прадметы — няправільна. Я мяркую, што Беларусь – краіна з устойлівымі хрысціянскімі традыцыямі. Таму выявы хрысціянства на новых грашах не зусім разумны выбар, бо “Кесару кесарава, а Богу – Божае”. Хоць яны і адыгралі (і адыгрываюць) значную ролю ў гісторыі нашай краіны. А выявы паганскіх арнаментаў наогул дрэнны выбар. Ёсць жа шмат добрых прыкладаў, што размяшчаць на банкнотах і манетах: выбітных людзей краіны (так краіна будзе ведаць сваіх герояў, сваю гісторыю), выявы помнікаў архітэктуры, не звязаных з рэлігіяй (замкі, палацы, ратушы). Тым больш крыж, царква не проста знак і будынак, а святыя рэчы для кожнага хрысціяніна. І гэта не сумяшчальна са сродкам для гандлю, на маю думку. Асабліва, калі разглядзець той факт, што грошы могуць сапсавацца. І як будзе выглядаць памятая купюра з выявай крыжа?

Падрыхтавала Ірына Грэйць

Вынікі апытання на сайце Сatholicnews.by і ў Facebook, Укантакце, Аднакласніках
Як Вы ставіцеся да хрысціянскіх знакаў на грашах?

Я супраць. Лічу, што грошы і хрысціянскія знакі – несумяшчальныя (41);
Лепш было б змясціць выявы знакамітых беларускіх дзеячаў (37);
Хай бы на купюрах была не толькі царква, але і касцёл (25);
Вельмі цікава. Нічога не маю супраць (22);
На грашах адлюстраваныя дзве эпохі беларускай гісторыі, таму мне падабаецца гэтая ідэя (13);
Мне ўсё роўна, абы толькі беларускі рубель быў моцны і надзейны (13);
Іншы варыянт (10).
Усяго – 161 адказ.

Каментарыі:

Фэйсбук:
Siarhei Matsiushonak: Павiнны быць талеры

ВК:
Eugeniusz Spokój
Пагананскія ўзоры? Зразумела…

Одноклассники:
Андрей Прялкин:
Положительно…Неплохо бы ещё на флаге и гербе христианские символы… А то вон в Швеции и иже с ними кресты с церквей снимают. В знаках на деньгах нет никакого кощунства, а лишнее напоминание о том, что Беларусь христианская страна.