Як выглядае Ваш пост?

Малітва ў Бібліі часта спалучаецца з пастом. Пост заключаецца ў духоўным і фізічным устрыманні ад празмернасцей. Ён дапамагае чалавеку духоўна ўзбагачацца і ўзрастаць у веры. Праз пост чалавек выказвае сваю любоў да Бога.

У гэтым нумары вернікі распавядаюць “Каталіцкаму Весніку”, як выглядае іх пост.

 КанюкРэгiна Канюк:

– Мой пост – гэта перш за ўсё ачышчэнне сябе, сваіх думак, сваёй прасторы. Ачышчэнне ад хламу, які назапасіўся. Гэта спыненне ад мітусні, ад тысячы спраў, якія мы на сябе узвешваем. Гэта погляд ва ўнутр. Пост – гэта задаць сабе некалькі простых і такіх складаных і хворых часам пытанняў… Ці я шчаслівы? Хто я такі? Ці правільна я выкарыстоўваю свой патэнцыял? Што мне трэба рабіць? Хто вакол мяне? Якое жыццё я хачу? Што я наогул хачу? Дзе Бог у маім жыцці? Тут пытанні ў кожнага свае. І ёсць розныя спосабы, як можна ўзяць тайм-аўт. Касцёл прапаноўвае пост у ежы, адмову ад забаўляльных мерапрыемстваў і іншае. Я б усё ж параіла кожнаму знайсці свой спосаб, бо кожны чалавек – гэта нешта ўнікальнае.

Сяржук Федарук:Федарук

– Пост для мяне ў першую чаргу – шанс наблізіцца да Бога. Таксама я спрабую падчас посту нешта змяніць у сабе ў лепшы бок. Раней Вялікі Пост для мяне ў асноўным складаўся проста з абмежаванняў. Цяпер я разумею, што для таго, каб наблізіцца да Бога, патрэбна яшчэ знаходзіць больш часу для адносінаў з Ім. Звычайна ў час посту я адмаўляюся ад алкаголю, ад некаторых прысмакаў (якія я вельмі люблю), адмаўляюся ад мяса не толькі ў пятніцу, але і ў некаторыя іншыя дні тыдня. Але нейкія абмежаванні ў ежы для мяне не з’яўляюцца самым важным. Як ахвяру я прыношу для Бога адмаўленне ад чагосьці, што я вельмі люблю. Напрыклад, я адмаўляюся ад праслухоўвання музыкі, прагляду любімых перадач, не хаджу на канцэрты. Але самае галоўнае – гэта прысвячаць для Госпада болей свайго часу, таму я стараюся часцей хадзіць на Святую Імшу, наведваць розныя рэкалекцыі, прымаю па магчымасці ўдзел у набажэнствах Крыжовага Шляху. А самыя сур’ёзныя і важныя для мяне дні Вялікага Посту – гэта Вялікі Пасхальны Трыдыум. У гэтыя дні мы перажываем самыя важныя справы нашага Госпада Езуса Хрыста. Для сябе заўважыў: чым больш аскетычна і малітоўна я перажываю перыяд Вялікага Посту, тым болей радуюся Святу Уваскрашэння нашага Госпада Езуса Хрыста.

Вадзім КрывенькіВадзім Крывенькі:

– Для мяне пост – гэта час, каб засяродзіцца, пашукаць голас Бога ўнутры сябе. Стараюся стаць лепш дысцыплінаваным, каб мець больш часу і супакоіцца, застацца сам-насам, пачытаць Біблію. Кожны дзень трэба развіваць сваё духоўнае жыццё, але менавіта ў перыяд посту гэта ўдаецца найлепш. Бо створаны ўсе умовы: больш малітвы, супакою. Мой пост звычайна складаецца таксама і з устрымання ад мяса, ніякіх гучных забаў (але падчас Вялікага Посту магу паглядзець футбольны матч). Гэта вымушае рабіць высілкі. Бо Пост немагчымы без пераадольвання. Праз пераадольванне больш адчуваеш сваю веру, Божую моц.

Пост таксама дапамагае сябе абмяжоўваць – такім чынам Бог дазваляе мне радавацца усяму, што маю, не захапляцца жыццём толькі дзеля сябе. І самае галоўнае – пост, я спадзяюся, для мяне служыць толькі штуршком для развіцця. І кожны раз дае новы крок майму духоўнаму жыццю.

Вольга Тарасевіч:Вольга Тарасевіч

– Пост – гэта час, які дазваляе праверыць сябе на трываласць у веры, на тое, наколькі я магу стаць мацнейшай у духоўным плане. Як правіла, толькі ў часе посту ўзнікае імкненне хоць неяк змяніць і пераасэнсаваць свае ўчынкі, погляды і перакананні. Я адмаўляюся ад прагляду тэлеперадач, інтэрнэту і танцаў падчас посту, але, як правіла, перад Вялікаднем маё жыццё становіцца іншым. Узнікае “гара” розных прапаноў, і тут настае самы складаны момант выбару: як паступіць, што зрабіць, ад чаго адмовіцца. Неабходна вырашыць, што для мяне стаіць на першым плане, а што на другім. Споведзь і малітва становяцца для мяне вельмі важнымі ў гэты час, паколькі хочацца духоўна ўзрасці і радавацца Уваскрасенню з чыстым сэрцам і душой. Чысціня майго розуму, чысціня маёй душы і сэрца – гэта найлепшае, што я магу падараваць Богу.

ДубінаЮля Дубіна:

– Падчас посту заўжды ўзнікае пытаннне: як я магу наблізіцца да Госпада, што зараз у маім жыцці аддаляе ад Яго? Я спрабую не толькі адмовіцца ад чаго-небудзь, але паглядзець, што трэба дадаць да маіх адносін з Богам. Заўжды высвятляецца, што малітвы не хапае, не хапае часу. Таму больш часу прысвячаю на ўпарадкаванне менавіта гэтага. Калі малітвы больш, адразу выразным робіцца тое, што трэба змяніць і над чым папрацаваць.

Калі адчуваю, што трэба ўзяць пост у нейкай інтэнцыі, то гэта заўсёды малітва, часцей за ўсё ружанец, і адмаўленне ад таго, што займае час і асаблівай карысці не дадае (прагляд фільмаў, час у сацыяльных сетках і г.д.).

У большасці ўсе духоўныя пастановы злучаюцца з нейкімі абмежаваннямі для цела (адмова ад розных любімых страў, больш упарадкаваны рэжым дня). Мне гэта дапамагае падчас посту і часам нагадвае праз такі матэрыяльны спосаб пра іншыя пастановы.

Ірына Грэйць

Вынікі апытання на сайце Сatholicnews.by і ў Facebook, Укантакце, Аднакласніках

Як выглядае Ваш пост?

Пашчуся па пятніцах – 130 адказаў;

Пашчуся пераважна толькі ў час Вялікага посту або Адвэнту – 35 адказаў;

Не пашчуся зусім – 16 адказаў;

Пашчуся кожную пятніцу і сераду – 12 адказаў;

Іншы варыянт – 7 адказаў.

Усяго – 200 адказаў.

для друку для друку