Як успрымаць тых, хто чакае міласціны?

Адзін вядомы акцёр аднойчы пераапрануўся ў бяздомнага. Чапляўся да мінакоў, просячы грошай. Толькі адна жанчына дала яму нешта паесці… Па цэнтральных вуліцах нашага горада таксама часта бадзяюцца жабракі, шукаючы грошай на ежу, аперацыю, лекі. Праходзячы побач з такімі людзьмі, цяжка застацца абыякавым. Аднак варта дапамагаць “з галавой”.

Часовая дапамога бедным умацоўвае іх праблему

Сустракаючы перад касцёлам ці побач з супермаркетам убогую маці з дзіцём, калеку ці бяздомнага, мы часта ахвяруем ім грошы, паколькі як хрысціяне павінны практыкаваць міласэрнасць да бліжняга ў патрэбе, асабліва ў перыяд Вялікага посту. Аднак чуем таксама, што даваць грошай на вуліцы – гэта не рашэнне. Больш таго, яно нават можа паглыбіць праблему, таму што многія жабракі з’яўляюцца звычайнымі падманшчыкамі, якія хочуць выцягнуць з людзей грошы на алкаголь.

Даючы ім тое, чаго просяць, мы, несумненна, грашым, таму што падтрымліваем залежнасць беднякоў і пэўным чынам умацоўваем іх утрыманства. Вельмі часта жабракі не намераны нічога змяняць у сваім жыцці: не шукаюць працу, не звяртаюцца ў арганізацыі, дзе ім могуць аказаць падтрымку. І калі мы такой асобе даём у рукі грошы, то ўмацоўваем яе ў меркаванні, што знайшла месца, дзе атрымае дапамогу, а таму можна і далей весці такое жыццё.

Што ў такім разе трэба рабіць: даваць ці не?

Св. Ян Віянэй калісьці сказаў: “Ёсць тыя, хто гаворыць: «Ён гэта змарнуе!». На што б ні выкарыстаў гэты ўбогі вашу міласціну, адкажа за гэта на судзе. А вам Бог улічыць міласціну, якую маглі ахвяраваць, але не ахвяравалі”.

Гэты ж святы піша таксама: “Даючы міласціну, трэба памятаць, што не ўбогім, а Богу даём. […] Бядняк з’яўляецца нікім іншым як інструментам, якім карыстаецца Пан, каб наказаць вам рабіць дабро! Якія ж мы шчаслівыя, калі ўбогія прыходзяць да нас па міласціну. Калі б не прыходзілі, мы павінны былі б іх шукаць, а не заўсёды маем час”.

У святле гэтых выказванняў напрошваецца простая выснова. Нягледзячы на тое, што часам у нас узнікае боязь адносна таго, ці будзе міласціна добра выкарыстана, не павінны губляць жаданне рабіць дабро. Гаворка не ідзе аб тым, каб у кожнай сітуацыі неабдумана раздаваць грошы, але заўсёды ў адносінах з жабракамі кіравацца сэрцам і цвярозым розумам.

Міласціна – гэта практычны знак нашай веры і любові да Бога і бліжняга.

Яна заключаецца ў дзяленні тым, што маем, у імя справядлівасці, але ў першую чаргу ў імя любові. Міласціна – гэта праяўленне міласэрнасці ў канкрэтным учынку, таму ў ёй столькі духоўнага хараства. Пра тое казаў сам Хрыстос, разам з тым удзяляючы выразныя ўказанні: “Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі, […] каб людзі хвалілі іх. […] Яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая, каб міласціна твая была патаемнай. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе” (Мц 6, 2–4). Езус павучае нас, “забруджаных” эгаізмам людзей, каб у час удзялення міласціны не шукалі ўласнай хвалы і вядомасці, але каб падтрымлівалі іншых у меру магчымасцей, кіруючыся сапраўднай любоўю, якая заўсёды з’яўляецца бескарыслівай.

Спатканне важнейшае за матэрыяльны дар

Здавалася б, грашовае ахвяраванне – самы просты спосаб, каб пазбавіцца ад дакораў сумлення, што з’яўляюцца, калі мінаем занядбанага чалавека. Думаем сабе тады: “Я падтрымаў беднага, я такі добры, а што з ім будзе далей – не мая справа”. Аднак як жа часта такая пастава звязана з нашым эгаізмам і адсутнасцю адчувальнасці. Даванне грошай – часовая дапамога, якая ў большасці выпадкаў не вырашае ніякай праблемы.

Нашмат цяжэй запытаць асобу, што просіць грошай, як хоча іх патраціць і чаму вымушана жабраваць на вуліцы. Падказаць месца, дзе ёй могуць удзяліць дапамогу. Такім чынам мы ўсталёўваем кантакт з жабраком, аказваем яму зычлівасць. Тады ёсць шанс сапраўды паўздзейнічаць, дакрануцца да жыцця іншага чалавека і паспрыяць таму, што ў ім нешта зменіцца. Формы дапамогі не павінны быць выратаваннем – даём жабраку штосьці, каб пратрымаўся да заўтрашняга дня. Добра таксама спрабаваць указаць пэўныя магчымасці дзеянняў, перспектыву, пераконваць, што трэба спрабаваць пачаць наноў, не здавацца, бо жыццё вартае таго. Такая пастава патрабуе часу, адданасці і ўцягнення – каштоўнасцей, якія цяжэй за ўсё ахвяраваць. У сваю чаргу, кіданне дробных грошай для заспакаення сумлення не каштуе нам шмат.

Міласціна атаясамліваецца ў нас з матэрыяльнай падтрымкай. Самая частая форма дапамогі – грашовае ахвяраванне. Сваёй капейкай мы можам падзяліцца, напрыклад, падчас збораў, што праводзяцца ў касцёлах, на месцах працы ці ў мясцовай супольнасці.

 Дапамагаць лепш, эфектыўней, больш годна

Мы павінны паступаць так, каб наша дапамога не ўмацоўвала паталагічны стан, але на самай справе трапляла туды, дзе яна патрэбна. Замест падтрымкі жабракоў на вуліцы можна знайсці такіх людзей, якім бы здолелі спадарожнічаць у пераадоленні іх беднасці. Варта агледзецца навокал, каб заўважыць асобу ці сям’ю, якой неабходна дапамога. Пазнаць, даведацца аб яе патрэбах. Тады наша дапамога не знікне ўпустую: будзем адчуваць адказнасць за канкрэтных бедных людзей, якім неабходна падтрымка.

Наша ўцягненне можа выражацца таксама праз валанцёрства, дастасаванае да сваіх магчымасцей. Такая паслуга, рэалізаваная на карысць канкрэтным патрабуючым асобам, не ананімная. Магчыма, яна не будзе скіравана непасрэдна чалавеку, які жабруе на вуліцы, але стане адной з частак, якую кожны ўкладвае ў справу любові Касцёла.

Можна таксама аказваць міласэрнасць праз фінансавую падтрымку разнастайных арганізацый ці фондаў, што аказваюць дапамогу грамадзянам. Іх вельмі шмат. Можам выбраць тую, якой давяраем і дзейнасць якой нам блізкая.

slowo.grodnensis.by

для друку для друку