Як тэрмінова ўзяць шлюб?

“Скажыце, калі ласка, ці могуць маладыя асобы тэрмінова ўзяць шлюб у касцёле, без устаноўленага двух-трохмесячнага чакання, як таго патрабуюць рэлігійныя каноны? Яна – каталічка з сям’і вернікаў, была ў сёлетняй велікоднай споведзі, некалькі гадоў назад бежмаваная, ён – хрышчоны праваслаўны.

Яны ўступілі ў афіцыйны шлюб (зарэгістраваліся ў ЗАГСе) і чакаюць нараджэння дзіцяці. Калі ёсць магчымасць, адкажыце, калі ласка, тэрмінова, бо ёсць планы атрымаць шлюб, каб дзіцятка было пад Божай апекай”. Эліза

На пытанне адказвае кс. Андрэй Сідаровіч MIC:

– Касцёл нездарма робіць націск на добрую, сумленную падрыхтоўку да шлюбу. Таямніца кахання двух людзей, якія засноўваюць сям’ю, настолькі непаўторная, што патрабуе свядомага ўдзелу абодвух бакоў. Таму неабходна, каб перад сакрамантам шлюбу адбылася адмысловая падрыхтоўка, якая патрабуе некалькі месяцаў часу.

Адна з першых падказак для закаханых – гэта заахвочванне быць вернымі запаведзі “не чужалож”. Менавіта парушэнне святасці інтымнасці будучага сямейнага жыцця і прыводзіць да сітуацый, калі трэба парушыць лагічны парадак развіцця адносін паміж закаханымі. Хуткі шлюб не дазваляе прайсці шлях ад захаплення да рэальнага пазнання і моцных, і слабых рысаў характару чалавека, якога люблю. Адсутнасць досведу першых сварак і канфліктаў, а таксама прымірэння і прабачэння перад шлюбам прыводзяць да расчаравання ў сямейным жыцці, калі мы сцвярджаем, што даводзіцца жыць з чалавекам, якога мы абсалютна не ведаем.

Чаканае дзіця – гэта, безумоўна, бласлаўленне Божае. Але ў апісаным выпадку ў прынцыпе гэта становіцца прычынай, штуршком да сакраманту шлюбу, а не свядомым, абдуманым выбарам дарослых. З аднаго боку, пахвальна, што ёсць такое жаданне нармалізаваць адносіны і праз рэгістрацыю ў ЗАГСе, і праз сакрамантальнае бласлаўленне, а з другога – застаецца пытанне гатоўнасці да такога адказнага кроку.

У сваім святарскім служэнні я стараўся не ісці на кампрамісы ў такіх выпадках і заахвочваў зрабіць усё паводле правілаў. Калі дзіця ўжо зачатае, варта рэгістравацца ў ЗАГСе, нараджаць, праходзіць падрыхтоўку і браць шлюб. У гэтым выпадку я б выключэння не рабіў, бо абраннік – праваслаўнай веры, а гэта азначае, што ён патрабуе атрымання канкрэтных ведаў пра абавязкі, якія накладвае на яго каталіцкі шлюб.

Хачу зазначыць, што выпадак кожнай пары непаўторны, і мясцовы пастыр (пробашч) прымае адпаведнае рашэнне, зыходзячы з канкрэтнай сітуацыі.

для друку для друку