Як сябе паводзіць з цыганамі?

5422b8dc345346.11711551“Хвала Хрысту! Адкажыце, калі ласка, на пытанне. Як сябе паводзіць з цыганамі, калі яны падыходзяць на вуліцы ці ў транспарце і просяць грошай? Як не застацца абыякавай да бліжніх і адначасова самой не стаць ахвярай зла? І ці праўда, што ад цыган можа зыходзіць большая небяспека, чым ад іншых людзей. Ці трэба іх асцерагацца? Дзякуй!” Ганна Касцюкевіч

На пытанне адказвае кс. Валерый Марціноўскі:

– Спадарыня Ганна, дзякуй за вельмі важнае пытанне. Як быць з тымі, хто просіць грошай, няхай гэта будуць цыгане ці іншыя, хто патрабуе? Па меры магчымасці і дастатку варта прыходзіць з дапамогай. Нездарма пяты касцельны наказ гучыць так: «дапамагаць у патрэбах супольнасці Касцёла», а на зямлі няма такога чалавека, які, будучы нават па-за супольнасцю Касцёла, не быў бы пакліканы да ўдзелу. Таму фактычна мы пакліканы як католікі прыходзіць на дапамогу ўсім людзям. Прыкладам для нас можа быць Папа Францішак. Калі прасачыць яго дзеянні, то яскрава заўважым любоў да бедных і тых, хто церпіць нястачу з розных прычын. Гэтая любоў між іншым праяўляецца ў канкрэтнай матэрыяльнай дапамозе. Вартай увагі будзе наступная рэкамендацыя Папы: “Падзяліцца з іншым – гэта не значыць аддаць непатрэбнае адзенне, абутак, дробныя грошы, якія ляжаць у кішэнях, не пра гэта ідзе гаворка. Міласціна, якую перадаём, павінна “балець” нам. Ведаем, што для нас гэта патрэбна, але менавіта ў гэты час іншы чалавек мае большую патрэбу ў нашай дапамозе. І яна (міласціна) крыху баліць, бо аддаю сваё. І тады гэта сапраўды міласціна, тады гэта выхад на сустрэчу іншаму чалавеку. Не таму дзелімся з іншымі, што маем замнога, але таму, што бліжні апынуўся ў большай патрэбе». Вось яно сапраўднае аблічча хрысціянскай міласціны.

Зыходзячы са словаў Папы, міласціна – гэта штосьці свядомае. Таму кінуць рэшту грошай чалавеку, які патрабуе, – гэта толькі на хвілінку суцішыць сваё сумленне і пайсці далей, уцякаючы ад вельмі глыбокага пытання сваёй прыналежнасці да Хрыстовага Цела, Якое ў дадзены момант у канкрэтным чалавеку церпіць нястачы. Таму ў супольнасці Касцёла ёсць усе магчымыя сродкі, каб міласціна была пабожнай, шчырай і каб служыла збаўленню. Напрыклад, Caritas, місія «Чыстыя сэрцы», зборы ахвяраванняў падчас імшаў і шматлікія ініцыятывы мясцовых душпастыраў. Кажучы вельмі проста – лепей даць сродкі на вось такія касцельныя акцыі, чым, кіруючыся першымі эмоцыямі і перажываннямі, даваць іх тым, хто мае часам сумніўную і падазроную патрэбу. Чаму так? Бо арганізаваная дапамога заўсёды трапіць згодна з інтэнцыяй ахвярадаўцы.

Што да другой часткі пытання, то ў кожным народзе бываюць злодзеі, таксама і ў цыган. Але большасць людзей стараецца жыць па законах дзяржавы, каб такім чынам быў лад і парадак у грамадстве.

для друку для друку