- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Як стварыць новую сям’ю, калі ўжо браў шлюб?

[1]“Я браў шлюб, але, на жаль, сям’ю захаваць не ўдалося. Зараз я пазнаёміўся з жанчынай, з якой хацеў бы стварыць сям’ю. Яна не брала шлюбу. Для яе шлюб вельмі важны. Для мяне таксама. Але, на жаль, гэта немагчыма. Жыць у граху мы не хочам. Што вы можаце параіць?” Сяргей

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD (Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага, Пінск): 

– Паважаны Сяргей! Дзякуй вам за пытанне, якое, магчыма, клапоціць і іншых чытачоў “Каталіцкага Весніка”. На самым пачатку зазначу, што пытанні, каторыя датычаць сужэнства, вельмі важныя і закранаюць адну з жыццевызначальных ліній сучаснага чалавека. Яны асаблівым чынам блізкія каталіцкаму тэалагічна-маральнаму вучэнню.

Сужэнства ў збаўчым плане Бога

Каталіцкі Касцёл разумее сакрамантальнае сужэнства як саюз, праз які мужчына і жанчына ўтвараюць паміж сабою супольнасць на ўсё жыццё дзеля ўласнага дабра, а таксама для нараджэння і выхавання дзяцей[1] [2]. Дзякуючы Божай ласцы, якая ўдзяляецца праз сакрамант сужэнства, супольнасць мужчыны і жанчыны становіцца хатнім Касцёлам, у якім як сужэнцы, так і дзеці ды іншыя члены сям’і ўзрастаюць у хрысціянскім пакліканні. Ва ўзгаданым вышэй фрагменце катэхізіса сцвярджаецца, што сакрамантальная сужэнская супольнасць ствараецца на ўсё жыццё. Такім чынам, у адпаведнасці з Традыцыяй Касцёла і яго заканадаўствам, каталіцкае сужэнства – непадзельнае і непарыўнае. Кодэкс Кананічнага Права выразна пацвярджае, што сужэнства, сапраўдна заключанае і дапоўненае, не можа быць разарвана аніякай чалавечай уладай і па ніякай прычыне, апрача смерці[2] [3]. Узгаданы канон абапіраецца на словы Пана Езуса Хрыста: “Што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае” (Мц 19,6).

У сужэнстве і сям’і чалавечая асоба ідзе па дарозе збаўлення. Свядомыя нарачоныя, якія заключаюць шлюб перад абліччам Бога, ведаюць і разумеюць, што хочуць кахаць адно аднаго ў моцы, вернасці, мудрасці і ласцы, якія атрымліваюць ад Хрыста. Яны таксама адкрываюцца на дзеянне Бога і Яго дапамогу, асабліва ў час выпрабавання, складанасцяў ці спакусаў. Было б ідэальна, калі б нарачоныя думалі пра сваё сужэнства ў перспектыве святасці, якая з’яўляецца паўсюдным пакліканнем усіх вернікаў. Душпастырства нарачоных ці непасрэдная падрыхтоўка да сужэнства ставіць мэтаю перадаць вернікам неабходныя веды адносна каталіцкага вучэння, маральнасці і духоўнасці сужэнства, а таксама дапамагчы ў дасягненні адпаведнай сталасці і паўнаты чалавечнасці дзеля заснавання трывалай і шчаслівай сям’і.

Вакол сябе можам назіраць шмат шчаслівых сем’яў, у якіх сужэнцы дзесяцігоддзямі захоўваюць каханне і вернасць. Ад такіх людзей, незалежна ад іх ўзросту, зыходзіць прыемны водар чалавечай прыгажосці і пастаяннай маладосці. Дзякуй Богу за такія сужэнствы: яны пуцяводныя зоркі для сучаснікаў! Імі таксама, напэўна, радуецца ўсё неба.

Боль разводу і клопат Касцёла

Здараецца, на жаль, і так, што сужэнцы пасля нейкага часу сумеснага жыцця разыходзяцца, бяруць развод. Пастаўленае тут пытанне датычыць сітуацыі вернікаў, якія менавіта ўзялі развод і ўжо заключылі новы саюз або маюць намер гэта зрабіць. Цікавым мог бы стаць аналіз прычын і акалічнасцей разводаў сярод вернікаў, але здаецца, што правесці яго было б даволі складана і заняло б шмат часу і месца.

Святы Ян Павел ІІ звяртае ўвагу, што душпастыры, адказныя за сваіх вернікаў, павінны адпаведна распазнаць сітуацыю разведзеных. Папа бачыць розніцу між тымі, хто шчыра імкнуўся ацаліць сваё сужэнства і быў пакінуты, а таксама тымі, хто па сваёй цяжкай віне знішчыў сапраўднае кананічнае сужэнства[3] [4]. Вялікае значэнне мае таксама матывацыя заключэння новага сужэнства. Напрыклад, дзеля выхавання дзяцей. У сувязі з гэтым Святы Айцец дадае: сужэнцы, якія дзеля выхавання нашчадкаў уступаюць у несакрамантальны шлюб, часта суб’ектыўна перакананыя ў сумленні, што знішчанае сужэнства ніколі не было сапраўдным[4] [5]. Пра розныя акалічнасці, матывацыі разводаў і душпастырскую дапамогу разведзеным гаворыць Папа Францішак у адгартацыі, напісанай пасля апошняга Сінода Біскупаў, прысвечанага сям’і[5] [6]. Касцёл праз Настаўніцкі Інстытут пацвярджае, што разведзеныя вернікі, якія жывуць у новым саюзе, не могуць прыступаць да Святой Камуніі[6] [7]. Трэба разумець, што немагчымасць прыступіць да эўхарыстычнай камуніі не ёсць пакараннем, але тэалагічна абгрунтаванай практыкай, якая не дапускае да камуніі вернікаў, каторыя жывуць у цяжкім граху. Гэта не значыць, што Касцёл асуджае вернікаў, якія пасля разводу заключылі новы саюз. Асабліва ясна гучаць словы Папы Францішка, які заахвочвае ўвесь Касцёл дапамагчы жанчынам і мужчынам у падобных жыццёвых сітуацыях знайсці свой спосаб удзелу ў касцельнай супольнасці, каб яны адчувалі незаслужаны, безумоўны і бескарыслівы дар міласэрнасці[7] [8].

 Несапраўдныя сужэнствы

У адпаведнасці з навучаннем Каталіцкага Касцёла, шлюб, сапраўдна заключаны, можа разарваць толькі смерць сужэнца. Найпрасцей кажучы: у Касцёле няма разводаў. Існуюць, аднак, сітуацыі, калі прызнаецца несапраўднасць сужэнства. Ёсць шмат прычын, перашкод і акалічнасцей, якія не дазваляюць уступіць у сужэнства і ўплываюць на яго несапраўднасць. У такіх выпадках, кажучы зразумела, абрад шлюбу здзяйсняецца (нарачоныя ў касцёле кажуць словы прысягі, абменьваюцца пярсцёнкамі, ладзяць вяселле), але безвынікова, г. зн. сужэнства не заключаецца.

Калі вернік мае падазронасць ці сумневы адносна сапраўднасці свайго сужэнства, то ён павінен звярнуцца ў касцельны суд, які правядзе працэс аб прызнанні несапраўднасці шлюбу ў тым выпадку, калі не можа далей трываць сужэнская супольнасць (напрыклад, быў развод). Здараюцца і такія выпадкі, калі сужэнцы, якія з цягам часу выявілі падставы для сцвярджэння несапраўднасці свайго шлюбу, надалей прагнуць у ім трываць. Тады яны звяртаюцца ў дыяцэзіяльную курыю з просьбай, скіраванай на імя біскупа, пра аздараўленне сужэнства. У абедзвюх прыведзеных сітуацыях практычна можна гэта зрабіць, звяртаючыся да пробашча парафіі, які ў першую чаргу распазнае сітуацыю верніка і паведаміць пра далейшыя дзеянні. Калі працэс выявіць падставы для сцвярджэння несапраўднасці шлюбу, касцельны суд выдае адпаведны вердыкт, а вернік можа заключыць сужэнства ў касцёле. У нашых дыяцэзіях частка кананічных працэсаў заканчваецца прызнаннем несапраўднасці сужэнства, што дае вернікам магчымасць поўнага ўрэгулявання сваёй сітуацыі і поўнага ўключэння ў сакрамантальнае жыццё.

 Патрэба малітвы і дапамогі блізкіх

Касцёл заўсёды адчувае адказнасць за сваіх членаў, якія праз хрост увайшлі на дарогу вечнага жыцця. Асаблівым чынам датычыць гэта тых, хто найбольш патрабуе Божай міласэрнасці. Вернікі, якія развяліся і заключылі новы шлюб, хоць не могуць прыступаць да Святой Камуніі, але надалей застаюцца Божымі дзецьмі. Яны павінны маліцца, спадзявацца і імкнуцца да вырашэння сваіх праблем.

Вы, паважаны Сяргей, просіце парады адносна сваёй дылемы. На жаль, немагчыма зрабіць гэта змястоўна і вычарпальна на старонках газеты. Дзеля гэтага патрэбна ў рамках духоўнай размовы дакладней распазнаць сітуацыю. Мяркую, што Вы ўпэўнены ў сапраўднасці свайго сужэнства і не бачыце магчымасці яго ўратавання, імкняцеся ўладкаваць сваё далейшае жыццё. Хтосьці ў падобных акалічнасцях скажа жанчыне, якую любіць: “не хачу закрываць табе дарогу да сакрамантаў, таму прагну, каб ты знайшла мужа, з якім зможаш узяць шлюб”, а хтосьці будзе перакананы, што дадзеная жанчына яму наканавана і толькі з ёй хоча жыць. Ва ўсіх складаных акалічнасцях жыцця трэба маліцца, прасіць аб падтрымцы сваіх блізкіх ды звяртацца да сваіх святароў. Калі па нейкіх прычынах не будзе магчымай духоўная размова са сваім душпастырам, то варта шукаць кантакту з духоўнай асобай у іншай парафіі. Трэба таксама памятаць, што не ўсё ў нашым жыцці чорнае або белае і што нават найменшы крок па дарозе да святасці можа спадабацца Богу[8] [9].

Я таксама падтрымліваю малітваю Вас, паважаны Сяргей, і ўсіх у падобнай сітуацыі, просячы Бога, каб дапамог ім вырашыць усе пытанні згодна з Яго воляй.

[1] [10]Пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1601.

[2] [11]Пар. Кодэкс Кананічнага Права, канон 1141.

[3] [12]Пар. Ян Павел ІІ, Апостальская адгартацыя Familiarisconsortio, 84.

[4] [13]Пар. Тамсама.

[5] [14]Пар. Францішак, Апостальская адгартацыя Amorislaetitia, 296 — 312.

[6] [15]Пар. Ян Павел ІІ, Апостальская адгартацыя Familiarisconsortio, 84;Ян Павел ІІ, Апостальская адгартацыя Reconciliatioetpaenitentia, 34;Бэнэдыкт XVI, Апостальская адгартацыя Sacramentumcaritatis, 29.

[7] [16]Пар. Францішак, Апостальская адгартацыя Amorislaetitia, 297.

[8] [17]Пар. Тамсама, 305.