Як ставіцца Касцёл да штучнага апладнення?

apladnenne“Хвала Хрысту! Мы з мужам не можам мець дзяцей. Нам прапаноўваюць зрабіць штучнае апладненне. Я ведаю, што Касцёл супраць гэтага. Але вельмі хочацца сваіх дзяцей. Калі мы пойдзем на гэты крок, ці можна будзе жанчыне неяк адкупіць свой грэх? Дзякуй за адказ”.

Таццяна

На пытанне адказвае а. Сяргей Трысцень OCD:

– Паважаная Таццяна! Сапраўды, многія дакументы Каталіцкага Касцёла, сярод якіх трэба вылучыць інструкцыі Donum vitae і Dignitas personae Кангрэгацыі веравучэння кажуць пра недапушчальнасць штучнага апладнення ў вырашэнні праблемаў бясплоднасці, з якімі сустракаюцца многія сем’і. І мы добра ведаем правіла, якое кажа, што мэта не можа апраўдаць сродкі. У сакраманце пакаяння і паяднання Бог прабачае кожны грэх, нават вельмі цяжкі, калі чалавек пакаіцца і мае шчыры жаль за яго. Але споведзь нам дадзена не для таго, каб мы мелі магчымасць грашыць і потым каяцца, а для таго, каб падняцца з грэху і ў будучым да яго не вяртацца. Адкупіць грэх можна, але ці можна вярнуць тых дзетак, якія гінуць у працэсе маніпуляцый, звязаных са штучным апладненнем? Ці гатовы Вы з мужам для шчасця Вашай сям’і і бацькоўства забіць іншых дзетак, якія не прайшлі адбор? Ёсць шмат спосабаў вырашэння праблемы бясплоднасці, якія дазваляе і рэкамендуе Касцёл. Напрыклад, напратэхналогія – распаўсюджаны ў Еўропе метад лячэння і прафілактыкі бясплоднасці, які заснаваны на выяўленні прычынаў у арганізме, што перашкаджаюць дзетанараджэнню. Згадаем яшчэ пра ўсынаўленне, а таксама больш скрупулёзнае пазнанне фізіялогіі і фіртыльнасці сужэнскай пары.

для друку для друку