Як ставіцца да бласлаўлення жывёл?

newsweek.pl

“Хвала Хрысту! 17 студзеня ва ўрачыстасць з нагоды дня памяці святога Антонія бласлаўляюць жывёл. Адкуль узялася гэта традыцыя і якое яна мае значэнне? І як выглядае з гэтым справа ў Беларусі? Як да гэтага ставіцца? Я асабіста з такой практыкай у Беларусі не сустракаўся”. Ілля.

На пытанне адказвае а. Аляксандр Махнач SP, піяр з Ліды:

– Хвала навекі! Такая практыка больш распаўсюджаная ў Іспаніі і Італіі, але гэта не азначае, што яна ўвогуле не існуе ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі. Звычай бласлаўляць хатніх жывёл і птушак існуе са старажытнасці, і таму Касцёл мае такую практыку, якая дзесьці болей, а дзесьці меней распаўсюджаная. У Святым Пісанні можам знайсці тэксты, якія кажуць нам пра стварэнне Богам усяго жывога: і як жа гэта усё цудоўна ў вачах Пана (напр.: Быц 1,1.20-29; Пс 8,4-5.7b-9). Сам Пан Езус кажа сваім вучням, што Айцец не перастае клапаціцца пра тое, што сам стварыў: “Не турбуйцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Ці ж не большае жыццё за ежу, а цела за вопратку? Паглядзіце на птушак нябесных: яны не сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у засекі, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж Вы не больш вартыя за іх?” (Mц 6,25-28). Пан Бог стварыў чалавека і даручыў яму адказнасць за ўвесь свет, а таксама абвяшчаць хвалу Стваральніка.

Жывёла жыве разам з чалавекам на зямлі, і Пан Езус навучае, што праз птушак нябесных, якіх корміць Айцец, Ён дае нам знак свайго Айцоўскага Провіду. Менавіта Айцец ахвяраваў нам свайго Сына як Баранка і ўчыніў, што мы называемся і з’яўляемся Яго дзецьмі. Нават праз найменшае са сваіх стварэнняў Бог не перастае прыцягваць нас да таго, каб мы Яго любілі. Змест малітвы бласлаўлення жывёлы, якую ўзносіць да Бога святар, наступны: “Божа, Ты ў сваёй мудрасці ўсё стварыў. Ты сфарміраваў чалавека паводле свайго вобразу і падабенства і абдараваў яго блаславенствам, каб быў добрым гаспадаром на зямлі. Узнясі сваю правіцу і блаславі гэтую жывёлу, каб ўсе мы, падтрыманыя Тваёй дапамогай у цяперашнім жыцці, з большым даверам імкнуліся ў жыццё вечнае. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн”. Звычайна абрад бласлаўлення хатняй жывёлы адбываецца ва ўспамін св. Антонія, абата (17.01), св. Роха (16.08) і св. Францішка Асізскага (04.10). Між іншымі, св. Антоні, абат – гэта святы, да якога звярталіся асабліва падчас панавання заразы ці праказы. Ён захоўвае ад агню і ад хвароб жывёлу. Такі дзень сапраўды асаблівы, калі святар узносіць да Бога спецыяльную малітву, і падчас яе адбываецца бласлаўленне хатняй жывёлы, а потым яна акрапляецца св. вадой.

Св. Антоні – сябра Бога. І нас да гэтага заклікае, каб мы, клапоцячыся пра жывёлу і ахоўваючы яе, былі блізкімі Богу. Бо Ён, Які на зямлі стварыў жывёлу і клапоціцца пра ўвесь свет, нас сцеражэ сваім бласлаўленнем і заўсёды ахоўвае ў сваёй айцоўскай апецы.

для друку для друку