Як шанаваць сваіх бацькоў?

5“Я не магу назваць свайго бацьку добрым чалавекам, таму што зведала ад яго шмат кепскага ў дзяцінстве. Такіх гісторый многа сярод людзей. Як у такім выпадку захоўваць чацвёртую запаведзь, каторая кажа шанаваць сваіх бацькоў? Гэта нерэальна і вельмі цяжка!” Вераніка

На пытанне адказвае а. Зміцер Чарнель CSsR:

– Запаведзь шанаваць сваіх бацькоў, як і іншыя запаведзі, пакліканая ўстанавіць паміж людзей Божы парадак. Гэты парадак мае свае карані ў Богу, Які ёсць Любоў і Які з’яўляецца супольнасцю асобаў. Грэх чалавека зруйнаваў тыя адносіны любові, якімі людзі былі надзеленыя ад стварэння, таму ў нашым свеце намаганне любіць заўсёды будзе натыкацца на перашкоды ўласнага негатыўнага досведу, цярпенняў, здрады, зайздрасці і пад. Ведаючы гэта, Езус навучаў нас: «Калі любіце тых, што вас любяць, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі любяць тых, каторыя іх любяць. І калі вы робіце дабро тым, што вам дабро робяць, якая ж для вас падзяка? Бо нават грэшнікі так робяць» (Лк. 6, 32-33).

Нашае ўзрастанне да Божага Валадарства патрабуе намаганняў. «Адгэтуль жа весціцца Валадарства Божае, і кожны сілаю ўваходзіць у яго» (Лк. 16, 16). Катэхізіс Каталіцкага Касцёла адзначае: «Чацвёртая запаведзь нагадвае дзецям, якія сталі дарослымі, пра іх адказнасць у адносінах да бацькоў. Наколькі гэта магчыма, яны павінны аказваць бацькам маральную і матэрыяльную падтрымку ў гады іх старасці і падчас хваробы, самотнасці або нягод» (ККК 2218).

Клопат пра бацькоў з’яўляецца выяўленнем нашай любові, незалежнай ад таго, што мы засведчылі самі. Калі хтосьці не выканаў сваіх абавязкаў, гэта не азначае, што мы павінны рабіць тое ж. «Будзьце ж міласэрныя, як і ваш Айцец міласэрны. Не судзіце і не будзеце асуджаны. Не вінавацьце, і не будзеце абвінавачаны. Прабачайце, і вам будзе прабачана» (Лк. 6, 36-37).

Калі адказаць на Вашае пытанне з практычнага боку, то пашана да бацькоў найперш выяўляецца ў аказанні ім неабходнай падтрымкі і дапамогі. Гэта не сфера нашых эмоцый ці пачуццяў, гэта сфера дзеяння і волі. Калі мы выконваем свае абавязкі, нягледзячы на крыўду, якую можам адчуваць, мы выяўляем сваю любоў. Бо любоў – гэта не эмоцыя, любоў – гэта дзеянне.

для друку для друку