Як рэагаваць на некаторыя выразы і словы святара падчас казання?

“Як трэба рэагаваць вернікам, калі святар падчас казання ўжывае такія выразы, як «яно сабе», «я балдзею ад гэтага Евангелля», «халера ясна»? Да мяне прыязджала сяброўка з іншай парафіі і засталася пад вялікім уражаннем ад пачутага. “Хочацца пачуць нешта пра Бога, адпачыць на хвіліну ад сваіх штодзённых праблем, а тут зусім не пра Бога, – казала яна. І бывае мне вельмі крыўдна за парафію. Часта казанне складаецца з жартаў і папрокаў. Ці так павінна быць? Як тады вучыць дзяцей, што казаць новым людзям, якія толькі пачынаюць хадзіць у касцёл? Ірына.

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD, Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску:

 – Паважаная Ірына! Шчыра дзякую Вам за адважнае пытанне, якое датычыць святароў і абвяшчэння Божага Слова ў часе святой Імшы ды іншых літургічных цэлебрацый.

Касцёл клапоціцца пра падрыхтоўку святароў-прапаведнікаў. Казанне, або гамілія – гэта свайго кшталту паведамленне ад Бога, якое святар перадае ўдзельнікам літургіі з мэтаю дапамагчы слухачам у ажыццяўленні паўсюднага паклікання веравызнаўцаў Езуса Хрыста да святасці, з’яднання з Богам ды адказу на дар паклікання. Дзеля таго, каб згаданае паведамленне ад Бога было дзейсным, святарам неабходная адпаведная асабістая падрыхтоўка для прапаведавання, давер Духу Святому і выкарыстанне атрыманых ад Бога дароў. Назіраючы ўзрастанне ў пакліканні кандыдатаў на святарства ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, з радасцю заўважаю, што Бог, Які кліча за сабою юнакоў, дае ім адпаведныя інтэлектуальныя, духоўныя і маральныя здольнасці, а таксама запал да поўнага прысвячэння жыцця Богу і людзям. Адным словам, на нашай беларускай зямлі кандыдаты на святарства, абраныя Богам, надзеленыя дарамі, неабходнымі для будучага служэння, у тым ліку і для абвяшчэння Божага Слова. За гэты дар варта часта дзякаваць Богу і прасіць, каб не пераставаў выбіраць і адпаведным чынам фарміраваць тых, каго Ён сам захоча паклікаць.

Казанне – праяўленне любові святара да вернікаў

 Зададзенае пытанне пацвярджае адкрытасць удзельнікаў літургічных цэлебрацый на дзеянне Божага Слова і глыбокае жаданне слухаць яго, разважаць над ім і жыць паводле яго. Добрае казанне – значная дапамога ў гэтым працэсе. Пастыры Касцёла клапоцяцца пра адпаведную падрыхтоўку кандыдатаў на святарства, выбіраючы і фарміруючы кампетэнтных і руплівых выкладчыкаў розных прадметаў, у тым ліку гамілетыкі, г. зн. навуковай дысцыпліны, якая вучыць мастацтву прапаведавання Божага Слова. У часе семінарыйнай фармацыі клерыкі не толькі атрымліваюць неабходныя веды па канкрэтных прадметах, але перадусім вучацца малітве, медытацыі і любові да Бога ды людзей, якім у будучыні будуць служыць. Казанне і ёсць праяўленнем любові святара да вернікаў. Святы Айцец Францішак у Апостольскай Адгартацыі Evangelii gaudium сцвярджае, што гамілія з’яўляецца крытэрыем ацэнкі блізкасці і здольнасці сустрэчы пастыра са сваім людам. Гэтак жа можна ахарактарызаваць кожнае казанне. Блізкасць фарміруецца ў любові і на ёй будуецца. Прыкладам і ўзорам добрага прапаведніка для святароў з’яўляецца сам Езус Хрыстус, Які з дапамогай слова перадаваў праўду пра найглыбейшыя таямніцы Бога і чалавека. Да Яго прыходзілі натоўпы, каб слухаць, хоць былі і тыя, хто, не жадаючы слухаць і разумець, казаў, што словы Хрыста складаныя. Тут варта ўзгадаць пра падмурак паспяховасці навучання Хрыста: Ён перадаваў слухачам тое, што атрымаў ад свайго Айца, трываючы ў сталай лучнасці з Ім.

Малітва аб добрым казанні і яго разуменні

Добрыя, мудрыя, прыгожыя казанні, якія паўстаюць у малітве, прывабліваюць людзей, натхняюць на высакародныя чыны, паказваюць узнёсласць хрысціянскага паклікання і прыгадваюць пра абавязак прыносіць плады любові ў камуніі з Езусам Хрыстом. Такія казанні ўплываюць і на святара, які, рыхтуючыся да прапаведавання, асэнсоўвае сваё духоўнае жыццё, а таксама адносіны з людзьмі ў святле Божага Слова.

У некаторых касцёлах існуе звычай маліцца перад казаннем. Я сам некалькі разоў сустрэўся са спевам пасля чытання Святога Евангелля, у якім сабраныя на Эўхарыстыі заклікалі Духа Святога дапамагчы святару добра прамаўляць, а вернікам зразумець, прыняць змест Божага Слова і выдаць яго плён. Такая супольная малітва паказвае на сувязь паміж прапаведнікам і слухачом, якія знаходзяцца пад уздзеяннем аднаго і таго ж Духа Святога. Пажадана, каб узгаданая ўзаемная малітва святара і вернікаў адно за аднаго працягвалася і пасля святой Імшы і стала формай падрыхтоўкі да наступнага казання.

Мае значэнне не толькі змест казання, але і яго форма. Ва ўзгаданай вышэй адгартацыі Папа Францішак заўважае, што ў гаміліі праўда спалучаецца з прыгажосцю і дабрынёй, а гэта ў сваю чаргу патрабуе выбару адпаведнай лексікі, якая была б мастацкім словам, аднак даступным для ўсіх слухачоў. Тут не ідзе гаворка пра чыстае красамоўства, але пра пераказванне Добрай Навіны прыгожымі словамі.

Такім чынам, прапаведнік павінен пазбягаць прамаўлення ад імя Бога нелітаратурнай мовай. Канешне, дапушчальныя, а ў некаторых выпадках нават неабходныя пэўныя формы асабістай экспрэсіі. Аднак ад святара чакаюць адпаведнага ўзроўню, які не абмяжоўваецца гутарковым стылем. Сказанае вышэй – гэта заданне для кожнага святара, якое патрабуе асабістых намаганняў і шмат працы над самім сабою.

Адказнасць святароў і вернікаў за якасць казанняў

 Памылковым было б чакаць ад святара, што ён у сваім прапаведаванні будзе гаварыць толькі пра духоўнае ў адарванасці ад зямной рэчаіснасці, у якой жыве сучасны чалавек. Карл Барт сказаў, што сапраўдны прапаведнік у адной руцэ трымае Святое Пісанне, а ў другой газету, беручы пад увагу, што Бог дзейнічае ў гісторыі і прамаўляе праз розныя падзеі, а Яго Слова сустракаем не толькі ў Бібліі, але таксама ў тым, што вакол нас.

Складана, не маючы адпаведных дадзеных, ацэньваць казанні святара, пра якія напісана ў пытанні, таму пакіну іх без каментара. Думаю, у першую чаргу трэба маліцца за святароў, а вернікам, што сустракаюцца з неадпаведна падрыхтаванымі прапаведнікамі, раю пасля асабістай малітвы шчыра паразмаўляць з імі на тэму зместу і формы Божага Слова, якое яны абвяшчаюць. Гэтая парада належыць як да “добрых”, так і да “дрэнных” казанняў.

Святар пакліканы быць айцом, якому можна даверыць найцяжэйшыя праблемы і справы. Вернікі цэняць душпастыраў, якія ўмеюць цярпліва слухаць таксама тады, калі размова ідзе пра балючыя пытанні. Здаровая крытыка з боку вернікаў можа стаць для святара каштоўнай дапамогай у яго асабістай дарозе да святасці. Калі хтосьці баіцца рэакцыі святара ў часе размовы, то можа асабіста перадаць яму пісьмо, у якім будуць заўвагі ці прапановы. Формы тут могуць быць розныя, але найважнейшае, каб заўсёды дбаць пра праўду ў любові і міласэрнасць, што ў сваю чаргу не дазваляе пакрыўдзіць ці зняважыць іншую асобу.

Духоўная семінарыя вучыць і заклікае будучых святароў ужо ў часе фармацыі маліцца за тых, да каго Бог іх пашле. Звяртаюся да чытачоў з просьбай пра малітву за кандыдатаў на святарства і за нас, святароў, каму Хрыстос даверыў вялікую, важную, прыгожую і складаную місію прапаведавання Добрай Навіны ўсім людзям!

для друку для друку