Як разабрацца ў абрадах?

kresty“Хвала Хрысту! Адкажыце, калі ласка, на наступнае пытанне. Калісьці, у дзяцінстве, я быў ахрышчаны праваслаўным святаром Маскоўскага патрыярхату, але на працягу жыцця вельмі цікавіўся гісторыяй сваёй краіны і зрабіў высновы, што гэта царква нашаму народу была прышчэплена сілай і пагрозамі, а сапраўднымі хрысціянамі беларусы (ліцьвіны) сталі дзякуючы дзейнасці ордэнаў базыліян і езуітаў.

Потым пашчасціла спаткаць жонку-рыма-каталічку, быў узяты шлюб у рыма-каталіцкім Касцёле, дачку хрысцілі і спавядалі таксама ў касцёле. Сам не адразу, а паступова стаў наведваць Імшу ў рыма-каталіцкім касцёле, спавядацца і прымаць Камунію. Свайму ксяндзу я распавёў, што калісьці быў ахрышчаны праваслаўным святаром. Цяпер я ўвогуле стаў заўзятым католікам, чытаю чытанні падчас Імшы, прымаю актыўны ўдзел у жыцці парафіі. Ці меў я права стаць рыма-католікам? Або я павінен быў звярнуцца да грэка-каталіцкага святара і стаць грэка-католікам? Дзякую”.

Віктар

На пытанне адказвае кс. Віктар Місевіч, афіцыял Біскупскага Суда Віцебскай дыяцэзіі:

– Паважаны спадар Віктар! Агульнавядома, што на прыналежнасць верніка да той ці іншай хрысціянскай супольнасці ўказвае прыняты сакрамант хросту. З вашага ліста ясна бачна, што Вы былі ахрышчаны праваслаўным святаром, таму належалі да праваслаўнай канфесіі. Аднак пасля працяглых пошукаў ісціны вырашылі стаць католікам. Канон 205 Кодэкса Кананічнага Права акрэслівае, калі чалавек цалкам прыналежыць да Каталіцкага Касцёла: “У поўнай супольнасці Каталіцкага Касцёла застаюцца тут на зямлі тыя ахрышчаныя, якія ў яго бачным арганізме злучаюцца з Хрыстом сувязямі вызнавання веры, сакрамантаў і касцельнай улады.” Іншымі словамі, каб называць сябе католікам, трэба публічна вызнаваць каталіцкую веру, прызнаваць і прымаць сакраманты ў касцёле і падпарадкоўвацца распараджэнням прадстаўнікоў касцельнай улады. На сённяшні дзень не існуе нейкага акрэсленага абраду пераходу ў каталіцтва. Дастаткова толькі публічна вызнаць каталіцкую веру і прыняць поўнае вучэнне Касцёла.

Аднак варта заўважыць, што параграф 1001 Статутаў Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій прадугледжвае існаванне ў парафіяльнай канцылярыі кнігі канвертытаў*, куды павінны быць запісаныя дадзеныя новага верніка і дзе мусіць быць яго подпіс. Гэтая юрыдычная працэдура неабходная, між іншым, каб пазней можна было дакументальна пацвердзіць сваю прыналежнасць да Каталіцкага Касцёла.

Што датычыцца другой часткі Вашага пытання, то варта тут працытаваць Дэкрэт Orientalium ecclesiarum Другога Ватыканскага Сабору, які сцвярджае: “…Усе католікі, і кожны з іх па-асобку, а таксама ахрышчаныя ў любым некаталіцкім Касцёле ці супольнасці, якія далучаюцца да поўнай каталіцкай еднасці, павінны ўсюды трымацца свайго абраду, шанаваць яго і паводле магчымасці захоўваць” (Orientalium ecclesiarum 4). На нарматыўную мову гэтую пастанову Айцоў ІІ Ватыканскага Сабору перакладае канон 35 Кодэкса Канонаў Усходніх Касцёлаў: “Ахрышчаныя некатолікі, якія прыступаюць да поўнай супольнасці з Каталіцкім Касцёлам, па ўсім свеце пакідаюць пры сабе свой абрад, клапоцяцца пра яго і па меры магчымасці захоўваюць, набываючы прыналежнасць да Касцёла sui iuris гэтага абраду, захоўваючы права звярнуцца да Апостальскай Сталіцы ў асаблівых выпадках асобаў, супольнасцяў і рэгіёнаў”.

З працытаваных дакументаў выразна бачна, што праваслаўны вернік пры пераходзе на каталіцтва аўтаматычна захоўвае за сабой усходні абрад, нават калі навяртанне адбылося ў рыма-каталіцкай супольнасці. Такім чынам, паважаны Віктар, вы з’яўляецеся вернікам Грэка-Каталіцкай Царквы. Аднак варта памятаць, што, будучы грэка-католікам, Вы маеце поўнае права прыступаць да сакрамантаў у любой рыма-каталіцкай парафіі. Калі ж вы захочаце ўсё-такі перайсці менавіта ў рыма-каталіцкі абрад, то для гэтага Вам неабходна будзе, згодна з канонам 112 п. 1 Кодэкса Кананічнага Права, атрымаць дазвол Апостальскай Сталіцы.

Паважаны спадар Віктар, падсумоўваючы, хачу пажадаць Вам няспыннага ўзрастання ў каталіцкай і апостальскай веры, якую Вы свядома выбралі. Няхай Вашая сувязь з Хрыстовым Касцёлам ніколі не слабее і прыносіць Вам і Вашым блізкім шчасце, радасць і Божую ласку.

 *канвертыт – той, хто навяртаецца ў каталіцтва

для друку для друку