Як правільна захоўваць эўхарыстычны пост перад св. Імшою?

Кожны католік, рыхтуючыся прыняць святую Камунію, не павінен забываць пра тое, што акрамя малітоўнай падрыхтоўкі да прыняцця Цела і Крыві Пана, існуе яшчэ адна вельмі важная практыка — пост.

Чаму існуе менавіта такі спосаб падрыхтоўкі да прыняцця святой Камуніі? Таму што сапраўдная Камунія (з’яднанне) з Богам праз сакрамэнт Эўхарыстыі магчымая толькі тады, калі чалавек падрыхтаваны да гэтага цалкам: і душою, і целам, паяднаны з сабою, з бліжнім і з Панам Богам. Таму моманту з’яднання з Хрыстом у святой Камуніі абавязкова павінны папярэднічаць такія пабожныя практыкі, якія дапамогуць верніку сапраўды падрыхтавацца да спаткання з Панам, каб мець чыстае сэрца, вызваленае ад граху і неўпарадкаванасці, мець прагненне Бога. Такой падрыхтоўчай практыкай, калі існуе неабходнасць, з’яўляецца сакрамэнт пакаяння (споведзь). Акрамя таго, падрыхтоўка да Камуніі адбываецца праз глыбокую малітву: асабістую і супольную. Асабістая малітва звычайна пачынаецца дома і працягваецца ў касцёле перад святой Імшой. Яна натуральным чынам пераходзіць у супольную малітву падчас літургіі. Кульмінацыяй асабістай і супольнай малітвы становіцца глыбокае перажыванне таямніцы Эўхарыстыі. Важным момантам літургіі, непасрэдна рыхтуючым нас да паяднання з Хрыстом у святой Камуніі, з’яўляецца знак супакою, калі вернік сведчыць пра сваё чыстае сэрца, паяднанае з бліжнім, а значыць — гатовае да з’яднання з Богам.

Касцёл навучае, што акрамя малітвы, ачышчэння душы ад грахоў, паяднання з бліжнім, абавязковым элементам падрыхтоўкі да прыняцця святой Камуніі павінен быць пост — устрыманне ад ежы. 

Гэтая пабожная практыка існавала ад самага пачатку хрысціянства. Да нашых дзён захаваліся шматлікія сведчанні, казанні і лісты вялікіх святых першых вякоў Касцёла, якія вельмі глыбока і прыгожа тлумачылі вернікам неабходнасць фізічнага посту перад святой Камуніяй. Напрыклад, святы Яфрэм Сірыйскі (IV ст.) у «Гімне пра пост» тлумачыў, што «Езус аддае Сваё Цела, нішчыць Сябе для нас, каб нашыя вусны перасталі кусаць, прагна здабываць для сябе», але, адчуваючы голад, знаходзілі яго заспакаенне не ў кусанні кагосьці ці чагосьці, а ў Богу. Вучэнне старажытных айцоў Касцёла і вялікіх настаўнікаў веры тлумачыць, што стан фізічнага голаду неабходны верніку перад святой Камуніяй для таго, каб не забываць, што толькі Хрыстос здольны па-са­праўднаму заспакоіць усялякі наш голад і прагненні. Таму варта паклапаціцца аб тым, каб да святой Камуніі ісці з пачуццём голаду ў душы і целе.

У першыя вякі хрысціян­ства не было выразнага агульнакасцёльнага прадпісання, колькі часу і як строга неабходна пасціць перад прыняццем святой Камуніі. Выразна і канчаткова гэтае правіла было аформлена на Трыдэнцкім Саборы (XVI ст.). Тады было прынята, што эўхарыстычны пост павінен праяўляцца ў поўным устрыманні ад спажывання ежы з поўначы да моманту прыняцця святой Камуніі. У сувязі з гэтым вернікі вельмі часта імкнуліся ўдзельнічаць у св. Імшы з самай раніцы, каб захаваць пост і пасля прыняцця святой Камуніі, падсілкаваўшыся, займацца сваімі штодзённымі справамі.

У XX ст. Касцёл пачаў аслабляць прадпісанні адносна абавязковай працягласці посту. Папа Пій XII дазволіў вернікам спажываць ваду падчас непасрэднай падрыхтоўкі да прыняцця св. Камуніі. У 1953 г. час абавязковага посту быў скарочаны да трох гадзінаў. Далейшае паслабленне прынёс Другі Ватыканскі Сабор — папа Павел VI скараціў мінімальны пост да адной гадзіны. Згадаем, што інструкцыя «Immensae caritatis» (1973 г.) дазваляла скарачэнне абавязковага посту для хворых, старэйшых, нямоглых і іх апекуноў да 15 хвілін. Аднак у прынятым у 1983 г. Кодэксе Кананічнага Права не гаворыцца пра 15 хвілін і дазваляецца хворым, нямоглым і іх апекунам прымаць св. Камунію, нават калі яны што-небудзь спажылі на працягу апошняй гадзіны (канон 919, § 3).

Паводле сучасных нормаў (Кодэкс Кананічнага Права, 1983 г.) вернік у звычайных умовах абавязаны ўстрымацца ад спажывання ежы і пітва (акрамя вады і лекаў) за адну гадзіну перад прыняццем св. Камуніі (канон 919, § 1).

Варта заўважыць, што гаворка ідзе пра мінімальны тэрмін посту. Гэта тое самае, як мінімум адзін раз на год (у Велікодны перыяд) вернік абавязаны прыступіць да сакрамэнту пакаяння (споведзі). Але мы добра ведаем, што спавядацца раз у год — гэта вельмі мала, зыхо­дзячы з грэшнасці чалавека.

У звычайных умовах варта спавядацца хаця б раз у месяц. Так і з эўхарыстычным постам. Варта пасціць не адну гадзіну, а некалькі гадзін перад прыняццем св. Камуніі. Традыцыя Касцёла вучыць, што да Камуніі добра ісці з пачуццём голаду. Напоўнены ежаю страўнік не спрыяе ні духоўнай, ні псіхалагічнай засяроджанасці, неабходнай для прыняцця св. Камуніі. Наадварот, такі фізічны стан схіляе чалавека да расслаблення, сну, нежадання ду­маць, засяроджвацца і чагосьці хацець. А цялесны пост абу­джае нас і фізічна, і псіхічна, і духоўна. Добра перажыты пост дапамагае нам адкрыць праўду пра нашыя прагненні і ўбачыць, якое месца сярод іх займае прагненне Бога.

Часам вернікі задаюць пытанне: што рабіць, калі несвядома быў парушаны пост або чалавек спажыў толькі крышынку ежы? У такіх выпадках варта памятаць пра наступныя абавязковыя нормы. Правіла адносна ежы: калі эўхарыстычны пост быў парушаны, нават несвядома, да Камуніі прыступаць нельга. Правіла адносна часу: калі вернік не ўпэўнены, ці мінула дакладна адна гадзіна посту, прымаць св. Камунію можна. Агульнае правіла: у выпадку сумнення лепей не спяшацца прымаць св. Камунію, а спярша параіцца са святаром.

Эўхарыстычны пост не парушаецца, калі ў часе яго трывання вернікам былі спажытыя наступныя прадукты:

  • вада (у тым ліку мінеральная);
  • лекі, незалежна ад іх формы (цвёрдыя, вадкія) і незалежна ад таго, ці былі яны прадпісаныя медыкам;
  • штучнае кармленне (праз шпрыц, кропельніцу);
  • вымушаная дэгустацыя ежы ці пітва (per modum degustationis) — напрыклад, вызначэнне якасці ці тэмпературы малака для малога дзіцяці;
  • штосьці спажытае праз удыханне (per modum aspirationis) — напрыклад, удыханне дыму, паленне тытуню, выпадковае насякомае;
  • штосьці спажытае разам са слінаю (per modum salivae) — напрыклад, рэшткі зубной пасты, рэшткі ежы, прыліплай да дзяснаў.

Варта таксама ўзгадаць, што Касцёльнае Права да­зваляе вернікам прымаць св. Камунію другі раз у той самы дзень пры ўмове, што асоба будзе поўнасцю ўдзель­нічаць у другой св. Імшы, падчас якой можа прыняць Камунію (Інтэрпрэтацыйная камісія, 1984). Але гэтая норма не распаўсюджваецца на тых, каму даводзіцца пры­маць другі раз у той самы дзень св. Камунію ў якасці Віятыка (канон 917). Ня­гледзячы на тое, што ў звычайных умовах св. Камунію можна прымаць толькі два разы ў дзень, удзельнічаць у св. Імшы можна неабмежавана.

Часам узнікаюць пытанні пра пост пасля прыняцця св. Камуніі. Касцёльнае Права такога посту не прадугле­джвае, аднак існуе добры звычай не спяшацца «зая­даць» св. Камунію, а трываць некаторы час у малітоўнай адарацыі (пакланенні) той таямніцы, удзельнікамі якой мы становімся, яднаючыся з Богам у Эўхарыстыі.

Існуе таксама варты ўвагі мудры народны звычай перад ежаю пасля св. Імшы (пасля прыняцця св. Камуніі) спачатку выпіць крыху вады. Такім чынам вернік не перамешвае са звычайнаю ежаю крышынкі найсвяцейшага эўхарыстычнага Хлеба, якія маглі прыліпнуць да дзяснаў у часе прыняцця св. Камуніі. Гэта не абавязковае правіла, але яно з’яўляецца натуральным сведчаннем пашаны да Эўхарыстыі.

Важна, каб клопат пра пост і падрыхтоўку да св. Камуніі не засланяў, а спрыяў адкрыццю таго, што найважнейшае ва ўсіх гэтых пабожных практыках: перажыванне цуду з’яднання чалавека з Богам ужо тут, на зямлі, праз Эўхарыстыю.

Ксёндз Андрэй Рылка, ave-maria.by

для друку для друку